Мовы Беларусі

На Беларусі ў гутарковым або афіцыйным ужытку суіснуе некалькі моў.
Невядома, якімі былі мовы да з’яўлення тут індаеўрапейскіх народаў (іх называюць даіндаеўрапейскі субстрат). Невядома, якой была беларуская мова да праіндаеўрапейскага і праславянскага перыядаў сваёй гісторыі. (Ёсць меркаванні на той і на гэты конт).
Вымерлі мовы гунаў, некаторыя індаеўрапейскія (готаў, дняпроўскіх балтаў), якія былі чутныя на схіле Старажытнасці і ў Раннім Сярэднявеччы.
Пасля хрысціянізацыі беларускіх зямель у X стагоддзі мовай абрадаў стала царкоўнаславянская, распрацаваная Кірылам і Мяфодзіем на паўднёваславянскай македонскай аснове (уласна, яны стварылі толькі пачатковы варыянт — стараславянскую мову). Для заканадаўчых і летапісных тэкстаў выкарыстоўвалася агульная мова ўсходніх славян. Абедзве гэтыя мовы былі толькі пісьмовымі. У гаворцы гучалі мовы розных плямёнаў. Узніклі адасобленыя славяна-яўрэйскія мовы (гаворкі).
У XIV-XVIII стагоддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім ўжывалася пісьмовая старабеларуская мова, на якой адбіліся некаторыя рысы народных гаворак. Гэтай мовай напісаныя тры Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588 гадоў), летапісы, дзённікі і іншае. З’яўляецца старабеларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы, упершыню выкарыстаны ў выданнях Францыска Скарыны; разам з тым яе роля на беларускіх землях часова зменшваецца.
|
Польска квітнет лаціною, Ян Казімір Пашкевіч. 1621. |
З XVI стагоддзя, калі адбылося з’яднанне ВКЛ з Польскім Каралеўствам у канфедэратыўную Рэч Паспалітую, набірае моц паланізацыя вышэйшых станаў грамадства праз каталіцкую царкву. Польская мова выцясняе старабеларускую з дзяржаўнага ўжытку і друку. У 1697 годзе было загадана пісаць афіцыйныя дакументы ў ВКЛ толькі па-польску. Аднак гэтая пастанова тычылася пераважна канцылярыі ВКЛ і судоў: некаторыя акты мясцовых магістратаў, цэхаў працягвалі выходзіць па-беларуску. Беларуская мова выкарыстоўвалася для навучання толькі уніяцкім ордэнам базыльянаў.
Пісьменнікі з ВКЛ карысталіся лацінскай, радзей французскай і іншымі мовамі. Ужываюцца таксама мовы розных народаў ВКЛ: цыганская (індаеўрапейская індаарыйскай групы), літоўская (індаеўрапейская), караімская (цюркская).
Пасля ўваходу беларускіх зямель у 1772—1795 гадах у склад Расійскай імперыі, паланізацыя працягваецца, але паступова саступае месца русіфікацыі і дамінаванню рускай мовы. Носьбітамі беларускіх гаворак засталіся сяляне і мясцовая дробная шляхта. У гэты час існуюць польска-беларускае, руска-беларускае двухмоўе; значная частка насельніцтва Беларусі — яўрэі — карысталіся мовай ідыш. У рэлігіі і літаратуры побач з ім быў ашкеназскі іўрыт, але жывой і гутарковай мовай быў толькі ідыш. Урад навязваў яўрэям нямецкую і рускую мову, уціскаючы ідыш.
У XIX стагоддзі новая беларуская мова, заснаваная збольшага на народных гаворках, знаходзіць дарогу ў літаратуру. Найвыбітнейшымі ўзорамі беларускай літаратуры першай паловы стагоддзя з’яўляецца творчасць Вікенція Равінскага і Яна Чачота, другой — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча.
У 1906 годзе былі заснаваныя кнігавыдавецкая суполка «Загляне сонцэ і ў наша аконца» і газета «Наша Ніва», якія згуртавалі вакол сябе дзеячаў беларускай культуры, стаўшы рухавіком Беларускага Адраджэння. Дзякуючы ім адбываліся папулярызацыя і выпрацоўка літаратурных норм беларускай мовы.
Згодна з Другой Устаўной граматай, прынятай у 1918 годзе выканаўчым камітэтам Першага Усебеларускага з’езда, «…У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.»
У Сярэдняй Літве 1920 года дзяржаўнай была польская мова, дапаможнымі — яўрэйская, літоўская і беларуская.
У БССР, створанай у 1920 годзе, афіцыйнымі мовамі былі беларуская, руская, польская, ідыш. Шэраг моў падтрымліваўся ў меншых маштабах (нямецкая, латышская, цыганская і іншыя). Пасля вайны афіцыйны статус захавалі толькі дзве першыя, прычым назіралася звужэнне ўжытку беларускай мовы на карысць рускай.
Па даных перапісу 1970 года, беларускую мову роднай назвалі 6 899 088 чалавек (76,63 % насельніцтва Беларускай ССР), тады як рускую мову — 1 907 617 чалавек (21,19 % насельніцтва). Украінскую мову роднай назвалі 90 195 украінцаў (1,00 % насельніцтва), польскую мову — 50 035 палякаў (0,56 % насельніцтва). Беларускую мову роднай назвала 93,95 % сельскага насельніцтва Беларускай ССР і 54,06 % яе гарадскога насельніцтва, тады як рускую — 4,63 % і 42,78 %, адпаведна[1].
Па даных перапісу 1979 года, беларускую мову роднай назвалі 6 657 315 чалавек (69,84 % насельніцтва Беларускай ССР), тады як рускую мову — 2 697 581 чалавек (28,30 % насельніцтва). Украінскую мову роднай назвалі 100 192 украінцы (1,05 % насельніцтва), польскую мову — 31 246 палякаў (0,33 % насельніцтва). Беларускую мову роднай назвала 93,02 % сельскага насельніцтва Беларускай ССР і 50,80 % яе гарадскога насельніцтва, тады як рускую — 5,63 % і 46,91 %, адпаведна[2][3].
Па даных перапісу 1989 года, беларускую мову роднай назвалі 6 664 156 чалавек (65,65 % насельніцтва Беларускай ССР), тады як рускую мову — 3 243 179 чалавек (31,95 % насельніцтва). Украінскую мову роднай назвалі 132 110 украінцаў (1,30 % насельніцтва), польскую мову — 55 727 палякаў (0,55 % насельніцтва). Беларускую мову роднай назвала 89,20 % сельскага насельніцтва Беларускай ССР і 53,20 % яе гарадскога насельніцтва, тады як рускую — 8,33 % і 44,43 %, адпаведна. Валоданне беларускай мовай пазначылі 7 885 206 чалавек ці 77,67 % жыхароў БССР (93,44 % сельскага і 69,34 % гарадскога насельніцтва), тады як рускай — 8 399 801 чалавек або 82,74 % (66,84 % сельскага і 91,15 % гарадскога насельніцтва)[4].
26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах», згодна з якім беларускай мове надаваўся статус дзяржаўнай, а руская ўжывалася, як мова міжнацыянальных зносін.
Пасля рэферэндуму 1995 года рускай мове нададзены аднолькавы статус з беларускай.

Суадносіны моў на Беларусі ў 1999, 2009 і 2019 гадах:
| беларуская | руская | іншыя | |
|---|---|---|---|
| 1999 (родная) | 73,7 % | 21,9 % | 4,4 % |
| 1999 (хатняя) | 36,7 % | 62,8 % | 0,5 % |
| 2009 (родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)) | 53,2 % | 41,5 % | 5,3 % |
| 2009 (хатняя) | 23,4 % | 70,2 % | 6,4 % |
| 2019 (родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)) | 54,1 % | 42,3 % | 3,6 % |
| 2019 (хатняя) | 26,0 % | 71,4 % | 2,6 % |
гарсаветах Беларусі па перапісе 2009 года. | гарсаветах Беларусі па перапісе 2009 года. |
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2024/25 навучальным годзе з 1 080 159 вучняў у дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі 88 885 або 8,23 % навучаліся на беларускай мове (у Мінскай вобласці — 16,17 %, у Брэсцкай — 13,11 %, у Гродзенскай — 8,63 %, у Гомельскай — 7,17 %, у Магілёўскай — 6,60 %, у Віцебскай — 4,67 %, у горадзе Мінск — 1,91 %), тады як на рускай — 991 274 або 91,77 % вучняў (у горадзе Мінск — 98,09 %, у Віцебскай вобласці — 95,33 %, у Магілёўскай — 93,40 %, Гомельскай — 92,83 %, у Гродзенскай — 91,37 %, у Брэсцкай — 86,89 %, у Мінскай — 83,83 %)[5][6].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. Том IV - Национальный состав населения СССР (руск.). Музей истории переписей в России. — «C. 192-201» Праверана 25 кастрычніка 2025.
- ↑ Итоги Всесоюзной переписи населения 1979 года. Том IV - Национальный состав населения СССР. Часть I. Распределение населения СССР, союзных и автономных республик, краев, областей и автономных округов по национальному составу и языку. Книга 2 (руск.). Музей истории переписей в России 93-115. Праверана 25 кастрычніка 2025.
- ↑ Численность и состав населения СССР 1984 год(недаступная спасылка). istmat.info. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 25 кастрычніка 2025.
- ↑ Всесоюзная перепись населения 1989 года. Рaспpeдeлeниe нaсeлeния Бeлоpусской ССР по нaиболee многочислeнным нaционaльностям и языку.
- ↑ Усяго 8 адсоткаў. За 10 гадоў школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, паменела на траціну (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (14 мая 2025).
- ↑ Численность учащихся в дневных учреждениях общего среднего образования по языку обучения по территории Республики Беларусь Архівавана 26 верасня 2025. — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Республика Беларусь: энциклопедия в 6 т. / Г. Пашков и др. -- Т. 1 — Минск: БелЭн, 2005
- С. Станкевіч РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ Ў БССР І СУПРАЦІЎ РУСІФІКАЦЫЙНАМУ ПРАЦЭСУ
- Тэкст закона аб мовах у рэдакцыі 1990 года
- Бітва за роднае слова. Публікацыя ў газеце «Звязда» у 3 частках, прысвечаная стану беларускай мовы(недаступная спасылка)
- Мовы насельніцтва Беларусі паводле перапісу 2009