Мовы Міжзем’я
Мо́вы Міжзе́м'я — мовы створаныя Дж. Р. Р. Толкінам для свайго выдуманага сусвету Серадзем'я.
Выкарыстанне ў творах
[правіць | правіць зыходнік]Гэтыя мовы выкарыстаны ў «Хобіце» ў некалькіх імёнах (напрыклад Элранд або Больг), або ва «Уладары пярсцёнкаў» для імён (напрыклад Галадрыель або Арагорн), у некалькіх вершах («Namárië»), і ў Сільмарыліёне (амаль усе імёны, у тым ліку некаторыя сказы і загаловак твора).
Роля моў паводле меркавання іх аўтара
[правіць | правіць зыходнік]У адным з лістоў Толкін пісаў:
… я мяркую, што асноўным «фактам» пра ўсю маю працу з'яўляецца тое, што яна суцэльная і грунтоўна лінгвістычна адпаведная са сваёй задумай. […] Гэта не «хобі» ў сэнсе чаго-небудзь цалкам іншага ад асноўнага заняцця чалавека, таго, чым чалавек займаецца для адцягвання і адпачынку. Вынаходства моў з'яўляецца асновай маёй працы. «Гісторыі» былі напісаны дзеля таго, каб стварыць свет для гэтых моў, а не наадварот. Для мяне спачатку ўзнікае слова, а потым — гісторыя, якая звязана з ім. Я б аддаў перавагу пісанню «па-эльфійску». Але, безумоўна, такая кніга як «Уладар пярсцёнкаў» зведала значныя праўкі, і я пакінуў там менавіта столькі «моў», колькі мог пераварыць чытач (хаця зараз я даведваюся, што многія хацелі б большага). […] У кожным выпадку, для мяне гэта шмат у чым эсэ па «лінгвістычнай эстэтыцы», як я часам адказваю людзям, які пытаюць мяне, чаму я напісаў гэту кнігу.
Арыгінальны тэкст (англ.)what I think is a primary 'fact' about my work that it is all of a piece, and fundamentally linguistic in inspiration. [...] It is not a ‘hobby’, in the sense of something quite different from one's work, taken up as a relief-outlet. The invention of languages is the foundation. The 'stories' were made rather to provide a world for the languages than the reverse. To me a name comes first and the story follows. I shold have preferred to write en 'Elvish'. But, of course, such a work as The lord of the Rings has been edited and only as much 'language' has been left in as I thought would be stomached by readers. (I now find that many would have liked more.) [...]It is to me, anyway, largely an essay in 'linguistic aesthetic', as I sometimes say to people who ask me 'what is it all about'.
— The Letters of J. R. R. Tolkien, pp. 219-220
Пералік моў, створаных Толкінам
[правіць | правіць зыходнік]Толкін — адзін з самых вядомых і пладавітых канлангераў[1]. Ён сканструяваў — з рознай ступенню дэталізацыі — больш за дваццаць моў, кожная з якіх мае граматыку і лексічны корпус. Дакладная колькасць моў, створаных Толкінам, невядомая, бо многія з яго лінгвістычных прац да гэтага часу не выдадзены.
Штучныя мовы, якія выкарыстоўваюцца ў выдуманым сусвеце Толкіна
[правіць | правіць зыходнік]- Эльфійская моўная сям'я — група моў, якія ўтварыліся ад адзінага продка, пратамовы. Гэтая сям'я канструявалася Толкінам з 1910-х гадоў. Толкін працаваў над гэтымі мовамі аж да сваёй смерці ў 1973 годзе. Ён стварыў граматыку і лексіку як мінімум пятнаццаці эльфійскіх моў і дыялектаў: пратаэльфійскай, агульнага эльдарына, квэнья, гальдагрына, тэлерына, сіндарына, ількарына, нандарына, аварына.
- Існуе шмат моў людзей Серадзем'я, але на большасць з іх Толкін толькі намякаў. Аднак, як мінімум тры ён распрацаваў да ўзроўню граматыкі і лексікі: таліска, адунаік і «Сава Фарэ», або «Усеагульная мова» (на ёй размаўлялі хобіты і людзі ў Трэцюю Эпоху). Іншыя мовы людзей, якія былі менш распрацаваныя: далійская, роханская, раваніён (прадстаўленая гоцкай), халадзін, дунландская, мова харадрым і мова істэрлінгаў.
- Сакрэтная мова гномаў — кхуздул. Гномы таксама карысталіся мовай жэстаў, якая называлася іглішмек.
- Мова энтаў — энтыйская.
- Мова Валар — валарын.
- Мова оркаў Першай Эпохі, створаная для іх Мелькарам.
- Чорны Дыялект, створаны Саўранам для сваёй «імперыі».
- Шматлікія мовы оркаў Трэцяй Эпохі, якія часта ўключаюць скажоныя формы словаў з Чорнага Дыялекту і іншых моў.
Іншыя штучныя мовы
[правіць | правіць зыходнік]- Нафарын быў першай мовай, якую Толкін сканструяваў цалкам самастойна.
- Гаўтыск — германская «незапісаная» мова, на якой Толкін называў сябе Ундархруіменітуп[2].
- Маго ці Магол — мова заснаваная на венгерскай.
Гласапейя
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін «гласапейя» (англ.: Glosssopoeia) быў вынайдзены Толкінам; зараз ён выкарыстоўваецца для азначэння канструявання моў, асабліва мастацкіх моў[3][4].
Гласапейя Толкіна мела два вымярэнні часу: унутраная (выдуманая) шкала часу падзей, апісаных у «Сільіарыліёне» і іншых творах, і знешняя шкала часу жыцця самога Толкіна, на працягу якой ён выпраўляў і паляпшаў свае мовы і іх выдуманую гісторыю.
Толкін быў прафесійным філолагам, які спецыялізаваўся на старажытных германскіх мовах, асабліва на старажытнаанглійскай. Ён таксама цікавіўся і іншымі мовамі, якія выходзілі паза межы яго прафесійнай дзейнасці, меў асаблівую любоў да фінскай мовы. Ён апісваў знаходку ім кнігі па фінскай граматыцы як
…уваход у вінны склеп, поўны бутэлек віна, смак і водар якога не былі загадзя вядомы. — Лісты Дж. Р. Р. Толкіна, ліст 163
Гласапейя была хобі Толкіна на працягу большай часткі яго жыцця. Ва ўзросце трынаццаці гадоў ён удзельнічаў у стварэнні звуказамяшчальнага шыфру, вядомага як Неўбош (англ.: Newbosh)[5], «новая бязглуздзіца», якая вырасла да такой ступені, што ўключала ў сябе элементы штучнай мовы. Трэба адзначыць, Толкін адзначаў тое, што Неўбаш не быў яго першай спробай стварэння мовы[6]. Неўзабаве пасля гэтага ён распрацаваў сапраўдную штучную мову — нафарын[7], якая мела элементы больш позніх моў, над якімі ён працягваў працаваць да сваёй смерці на працягу больш чым шасцідзесяці пяці гадоў. Стварэнне моў заўсёды было шчыльна звязана з міфалогіяй, якую распрацоўваў Толкін, таму што, паводле яго меркавання, мова з'яўляецца няпоўнай без гісторыі народа які размаўляе на ёй, як, напрыклад, англічане не сталі б дастаткова рэальнымі, калі б іх ўяўлялі толькі праз англійскую мову, на якой яны гавораць. Такім чынам, Толкін прыняў на сябе ролю хутчэй перакладчыка і рэдактара, чым аўтара сваіх арыгінальных твораў.
Ва «Уладары пярсцёнкаў» Толкін выкарыстоўваў літаратурны прыём, які зводзіцца ў аб'яўленні напісанага тэксту перакладам з першапачатковай мовы Совал Фарэ на англійскую, ці вестран, як ён назваў яе. Гэты прыём перадачы выдуманай мовы рэальнай быў развіты і далей, так роханская мова (роднасная Совал Фарэ) была перадана старажытнаанглійскай, імёны і мова Дэйла ў «Хобіце» — старажытнаскандынаўскімі формамі, а імёны каралеўства Раваніён — готскай мовай; такім чынам, генетычная ўзаемасувязь выдуманых моў Толкіна была спраецыравана на сапраўдную гістарычную ўземасувязь германскіх моў. Больш за тое, для будовы паралеляў з кельцкімі элементамі ў Англіі Толкін выкарыстоўваў валійскія імёны для перадачы дунландскіх імёнаў хобітаў Баклэнда (напрыклад Мерыядок замест Калімак). Адзіным наступствам гэтага было тое, што «новыя» выдуманыя мовы мусілі быць прапрацаваны Толкінам да пэўнага ўзроўню дэталізацыі.
Хаця эльфійскія мовы сіндарын і квэн'я з'яўляюцца найбольш вядомымі і распрацаванымі з моў, створаных Толкінам для яго сусвету, яны ні ў якім разе не адзіныя. Яны належаць да сям'і эльфійскіх моў, якія паходзяць ад агульнага эльдарына, мовы, якою карыстаюцца ўсе эльфы, а тая ў сваю чаргу, — ад прымітыўнай квэндзійскай, агульнай крыніцы фарміравання моў эльдар і аварына. Да таго ж існуе асобная сям'я моў, якой карыстаюцца людзі, найбольш вядомай з якіх з'яўляецца вестран (якая паходзіць ад адунайскай мовы Нуменора), «агульная мова» народаў «Уладара пярсцёнкаў». Большасць людскіх моў зазнала на сабе ўплыў эльфійскіх моў, а таксама мовы гномаў. Асобныя незалежныя мовы таксама былі начорна апісаны Толкінам, у іх ліку кхуздул, мова гномаў. Іншыя мовы уключаюць валарын (мову Валар) і Чорную Мову, вынайдзеную Саўронам падчас Другой Эпохі.
Фінская марфалогія (асабліва яе багатая сістэма скланенняў назоўнікаў) часткова паспрыяла развіццю квэн'я. яшчэ адной з любімых моў Толкіна была валійская, і асобныя рысы валійкай фанетыкі знайшлі сабе месца ў сіндарыне. Вельмі нешматлікія словы былі пазычаны з існуючых моў, таму спробы прасачыць паходжанне пэўнага эльфійскага уласнага імя ці хадзячай назвы у працах апублікаваных падчас жыцця Толкіна, рэдка былі паспяховымі.
Выдуманыя сістэмы пісьменства
[правіць | правіць зыходнік]Толкін вынаходзіў не толькі мовы, але і сістэмы пісьменства. Ён быў таленавітым каліграфам. Асобныя з такіх сістэм былі распрацаваны для выкарыстання ў яго выдуманых мовах, асобныя для больш практычных мэт: выкарыстання ў асабістым дзённіку, а таксама новы алфавіт для англійскай мовы[8]/
Пералік сістэм пісьменства, вынайдзеных Толкінам
[правіць | правіць зыходнік]У храналагичным парадке:
- Тэнгвар Руміла, ці Сараці
- Гандалінскія руны (выкарыстоўваліся ў Гандаліне, горадзе эльфаў Белерыяндзе)
- Валмарскае пісьменства
- Андыякенья
- Кеніайскае пісьменства
- Новы англійскі алфавіт
- Гоблінскі алфавіт (у «Лістах Санта Клаўса»[9])
- Тэнгвар Феанора
- Кірт Даэрона (ці Ангертас Даэрон)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Канлангер (ад англ.: CONstructed LANGuage) — вынаходнік «канлангаў» (штучных моў)
- ↑ J. Garth, Tolkien and the Great War. p. 17.
- ↑ Sarah L. Higley: Hildegard of Bingen's Unknown Language. Palgrave Macmillan, 2007.
- ↑ (англ.: Artistik language) — штучная мова, спецыяльна створаная для атрымання эстэтычнага задавальнення.
- ↑ Tolkien J. R. R. (1983), J. R. R. Tolkien: The Monsters & the Critics, London: HarperCollins (published 1997), p. 200, ISBN 0-261-10263-X
- ↑ Tolkien, J. R. R. (1983), J. R. R. Tolkien: The Monsters & the Critics, London: HaroerCollins (published 1997), p. 203, ISBN 0-261-10263-X
- ↑ Tolkien, J. R. R. (1983), J. R. R. Tolkien (1983), J. R. R. Tolkien: The Monsters & the Critiks, London: HarperCollins (published 1997), p.209, ISBN 0-261-10263-X
- ↑ W. Hammond, C. Scull, J. R. R. Tolkien, Artist and Illustrator, p. 190
- ↑ Серыя лістоў Толкіна да сваіх дзяцей, напісаных і ілюстраваных ім у 1920—1942 гадах ад імя Санта Клаўса.