Моны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Моны
(မန်)
Агульная колькасць 1281000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Камбоджа — 1160000

 Тайланд — 121000

Мова мон
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы кхмеры, ва, горныя кхмеры, нікабарцы, палаунг

Моны (саманазва: မန်, літаральна «высакародныя») — народ у Паўднёва-Усходняй Азіі. Жывуць пераважна на тэрыторыі М’янмы, дзе вылучаецца асобны штат Мон, а таксама ў суседніх раёнах Тайланда. Агульная колькасць (2022 г.) — 1 281 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле старажытных паданняў, моны паходзяць ад змеяў нага. Навукоўцы лічаць, што цэнтрамі першаснага фарміравання продкаў монаў і кхмераў былі або раёны паўднёвага Кітая[2], або сярэдняе і ніжняе рэчышчы Меконга[3]. Яшчэ ў пачатку нашай эры яны складалі адносна аднастайны этнічны масіў ад вусця Іравадзі да вусця Меконга. З канца 1 тысячагоддзя да н.э. продкі монаў актыўна кантактавалі з народамі Паўднёвай Азіі, адкуль адбывалася распаўсюджанне будызму, а таксама з тыбета-бірманскімі народамі, якія стварылі цывілізацыю п’ю і Паганскую дзяржаву.

З III ст. да н. э. на поўдні сучаснай М’янмы фарміраваліся дзяржавы монаў. Яны знаходзіліся пад моцным культурным уплывам Індыі. У 1 тысячагоддзі н. э. на тэрыторыі Тайланда ўзнікла монская імперыя Двараваты. Яе заняпад быў выкліканы перасяленнем у VIIIX стст. тайцаў з поўдню Кітая ў рэчышча Менам-Чао-Прая. Генетычнае даследаванне сучасных монаў на поўначы Тайланда дэманструе тое, што тайскае ўварванне значна адасобіла заходніх монаў[4]. Асноўнай тэрыторыяй, дзе адбывалася далейшае развіццё монскага народа стаў паўднёвы ўсход М’янмы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Моны традыцыйна сяліліся ў нізоўях рэк, займаліся сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, гандлем, рамеснай вытворчасцю. Асноўная сельскагаспадарчая культура — рыс. Вырошчваюць таксама какосавую пальму, тытунь, садавіну і гародніну. Моны лічацца выдатнымі ганчарамі. У мінулым распаўсюджаным заняткам было ткацтва з бавоўны. З пачатку XX ст. значная частка насельніцтва жыве ў гарадах, працуе ў прамысловасці, абслугоўванні або займае адміністрацыйныя пасады.

Аснову народнай вопраткі складае саронг лонг’і. Мужчыны апранаюць па-над ім кашулю без каўняра і куртку, жанчыны — доўгія адкрытыя блузы з гузікамі пасярэдзіне. Лонг’і часцяком падпяразваюць. Жанчыны маюць звычай абараняць твар ад сонца з дапамогай крэма тханака з драўнянай кары. Упершыню ён быў узгаданы ў монскай літаратуры ў XIV ст., а ў нашы дні распаўсюджаны сярод іншых народаў М’янмы.

Паселішчы монаў звычайна будуюцца ўздоўж рэк і дарог, маюць выцягнутую планіроўку. Каркасныя драўляныя жытлы будуюць на па́лях. Да уваходу прыбудоўваюць ганак з асобным дахам і падлогай ніжэй за асноўную частку дома. Унутраная прастора падзелена на жылую і гаспадарчую. Звычайна хаціны маюць некалькі пакояў. Іх колькасць вызначаецца памерамі жытла і запатрабаваннямі гаспадароў. Гараджане аддаюць перавагу двухпавярховым дамам з цэглы і бетону. Першы паверх выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб, часцяком там месціцца крама. Другі паверх жылы.

Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем’і. Шлюб заключаецца толькі з дазволу бацькоў. Яму папярэднічаюць працяглыя заляцанні, прычым маладыя людзі сустракаюцца ў доме дзяўчыны. Моны імкнуцца мець шмат дзяцей, што тлумачыцца высокім узроўнем дзіцячай смяротнасці і адсутнасцю пенсійнага забеспячэння, калі старыя знямоглыя людзі вымушаны спадзявацца на дапамогу дзяцей. У выпадку развода бацькоў дзеці застаюцца з маці. Сацыяльны статус жанчын, асабліва ўдоў, даволі высокі. Не забараняюцца гомасексуальныя сувязі. Значную ролю ў сацыяльнай арганізацыі адыгрываюць будысцкія кляштары, якія падтрымліваюць адукацыю на роднай мове, пераразмяркоўваюць сродкі для аказання дапамогі бедным абшчыннікам, арганізуюць супольныя і сямейныя рытуалы.

Мон славутыя сваёй музычнай культурай. Для народнай музыкі характэрны хуткі тэмп. Існуюць аматарскія і прафесійныя музычныя калектывы, што арганізуюць песенныя і тэатральныя забавы. Народны танец бярэ пачатак ад індыйскага класічнага танца. Ён уключае ў сябе сольныя формы і групавы «танец са свечкамі», які выконваецца дзяўчатамі. Літаратура на мове мон узнікла ў сярэднявеччы, але прадстаўлена пераважна рэлігійнымі творамі. Ваенныя ўлады М’янмы доўгі час абмяжоўвалі творчасць нацыянальных пісьменнікаў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова мон адносіцца да мон-кхмерскай галіны аўстраазіяцкай моўнай сям’і. Пісьмовасць сфарміравалася на аснове індыйскага стылю брахмі ў 1 тысячагоддзі н. э. і ў выніку паўплывала на бірманскае і тайскае пісьмо. У Паганскай дзяржаве мова мон лічылася класічнай. Аднак на працягу XVIIIXX стст. яна практычна знікла з вуснага ўжытку. Хаця робяцца захады для яе адраджэння, моўная асіміляцыя монаў не слабее.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў спавядае будызм у форме тхеравада. Некаторыя рэлігійныя традыцыі адрозніваюцца ад тых, што распаўсюджаны ў М’янме і Тайландзе. У прыватнасці, моны крэміруюць сваіх нябожчыкаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]