Моэган

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Моэган
Mohegan
Агульная колькасць 2100
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова моэган-пеквот
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы ніпмук, мантаўкет, пеквот

Моэган, або мохеган (саманазва: Mohegan, літаральна «ваўкі») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 2100 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XVII ст. моэган насялялі частку сучаснага штата Канектыкут, куды, згодна з паданнямі, прыйшлі з ракі Гудзон. Уваходзілі ў склад канфедэрацыі пеквот. Аднак пасля заснавання Плімуцкай калоніі правадыр моэган Ункас (канец XVI ст. — 1683 гг.) заключыў саюз з англійскімі каланістамі і падтрымаў іх у барацьбе з астатнімі пеквот. Моэган актыўна пераймалі лад жыцця белага насельніцтва, аднак захоўвалі племянную адасобленасць. У нашы дні на тэрыторыі Канектыкута існуе аўтаномная рэзервацыя моэган.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу еўрапейцаў моэган займаліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, у меншай ступені — земляробствам. Мелі сталыя ўмацаваныя вёскі. Асноўны від жытла — вігвам. На чале моэган стаяў правадыр сахем, улада якога ў XVII — XVIII стст. фактычна была спадчыннай. У 1769 г. памёр апошні сахем Бен Ункас. Ён перадаў частку сваіх кіруючых паўнамоцтваў місіянеру Джону Мейсану, а той у 1774 г. — адміністрацыі Канектыкута. Гэта, разам з падзеямі вайны за незалежнасць ЗША, прывяло да раз’яднання моэган і міграцыі часткі племені на захад, хуткага заняпаду традыцыйнай культуры.

Адраджэнне культуры моэган пачалося толькі ў канцы XX ст. Моэган актыўна ўдзельнічаюць у індзейскім культурным руху, узнаўленні старажытных цырымоній. Захаваліся многія гістарычныя паданні, казкі і прымаўкі.

Большасць сучасных моэган працуюць у адміністрацыі рэзервацыі, якая валодае сеткай гульнёвых дамоў і дарагіх гасцініц.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова моэган належыць да алганкінскай групы. Яна фактычна была страчана ў 1908 г., калі памерла яе апошні носьбіт Фідэлія Філдынг. Большасць сучасных моэган размаўляюць на англійскай мове. Аднак у другой палове XX ст. пры падтрымцы амерыканскіх лінгвістаў пачалося адраджэнне гутарковай мовы. Яна вывучаецца ў якасці добраахвотнай дысцыпліны ў навучальных установах рэзервацыі моэган у Канектыкуце.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная рэлігія моэган была заснавана на анімістычных вераваннях. Першыя спробы хрысціянізацыі адбываліся з XVII ст. Аднак толькі з 1711 г. праводзілася сталая місіянерская праца. У нашы дні большасць вернікаў — пратэстанты. У 1990 г. была заснавана асобная Царква моэган.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Некаторыя факты і імёны з гісторыі моэган былі запазычаны амерыканскім пісьменнікам Фенімарам Куперам у рамане «Апошні з магікан», аднак сапраўдная гісторыя і традыцыі не супадаюць з намалёванымі пісьменнікам.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]