Моўны дапаможнік для зносін з беларускімі сялянамі
Моўны дапаможнік для зносін з беларускімі сялянамі | |
---|---|
Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern | |
Жанр | размоўнік, слоўнік |
Аўтар | Ганс Лёе (Zur Loye Hans) |
Мова арыгінала | нямецкая |
Дата першай публікацыі | 1942 |
Асобнае выданне | 1942 |
Выдавецтва | Радзецкі (Radetzki) |
Месца публікацыі | Берлін, Нямеччына |
Цыкл | «Дапаможнік для разумення» |
Колькасць старонак | 50 |
«Моўны дапаможнік для зносін з беларускімі сялянамі»[1] (ням.: Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern) — нямецка-беларускі размоўнік, складзены ў межах серыі «Дапаможнік для разумення» (ням.: Sprachhelfer für die Verständigung). З’яўляецца апошняй кнігай серыі, а таксама найбольшай у серыі.
Выданне
[правіць | правіць зыходнік]Выхаду ў свет нямецка-беларускага варыянта кнігі было прысвечанае паведамленне рэдакцыі берлінскай газеты «Беларускі работнік» ад 16 красавіка 1944 г. (нядзельны выпуск). На старонках газеты з’явілася нататка:[2]
Выйшаў з друку і ёсьць у продажы ў большай колькасці невялікі Нямецка-беларускі слоўнік, апрацаваны Гансам Лёе. Слоўнік мае 50 балонак друку і можа служыць як дапаможнік, асабліва карысны для работнікаў сельскае гаспадаркі. Адзін экзэмпляр без перасылкі каштуе 70 фэнігаў. Пры гуртовых заказах гэткая скідка: ад 10 экз. – 65 фэн., ад 100 экз. – 60 фэн., ад 1000 экз. – 55 фэн.
Паводле Юрыя Туронка, кніга выйшла ў 1944 годзе, аднак на самой кнізе пазначаны 1942, што таксама пацвярджае адпаведны бібліяграфічны даведнік «Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965».
Афармленне
[правіць | правіць зыходнік]Кніга прызначалася, з аднаго боку, для нямецкіх сялян і гаспадароў, а з другога – замежнікаў. Каб спрасціць карыстанне слоўнікам, загалоўкі ўкладзены адразу на дзвюх мовах.
Перакладны даведнік маленькага фармату і сваімі памерамі нагадвае сучасныя кішэнныя слоўнікі. Кожная старонка лексікону падзелена на тры калонкі. У першай з іх пададзенае нямецкае рэестравае слова, у другой – беларускі адпаведнік, запісаны кірыліцай, і ў трэцяй – беларускі эквівалент на нямецкай лацінцы. Калонкі раздзеленыя паміж сабой тлустымі вертыкальнымі лініямі.
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Перакладны даведнік складаецца з дзвюх частак. У першай з іх словы згрупаваныя вакол 23 тэм, у другой – лексічны матэрыял разбіты на 8 тэм. На 50 старонках слоўніка даецца пераклад 1173 рэестравых слоў, у склад якіх уключаны і пераклад загалоўкаў.
Задача распрацаваць слоўнік, які быў бы карысным дапаможнікам пры кантактах з сельскімі працаўнікамі, абумовіла лексічны склад даведніка. Найбольш багата прадстаўлена ў ім сельскагаспадарчая лексіка. Словы і выразы гэтай групы фіксуюцца ў такіх раздзелах лексікону, як «Сельская гаспадарка», «Жывёла», «У хлеве», «У садзе», «У лесе», «У полі», «Прыладзьдзе», «Пладаводства», «Гародніцтва». Для ваеннапалонных распрацаваны тэматычны раздзел «Жыццё ў лягеры». У корпус размоўніка ўключаны найбольш ужывальныя адзінкі этыкету. Словы і выразы гэтай лексічнай групы аб’яднаны ў раздзелы «Прыбыцьцё», «Важнейшыя пытаньні», «Агульныя выражэньні». У групу «Чалавек і хваробы» ўвайшлі назвы частак цела чалавека, яго ўнутраных органаў, найменні хвароб. Назвы дзён тыдня, месяцаў, пор года знайшлі адлюстраванне ў групе «Поры года». Тэма «Пагода» падзелена на дзве часткі: у першай перакладаюцца асобныя словы, а ў другой – найбольш частотныя выразы з гэтымі словамі. Група «Месца забавы» прысвечана перакладу назваў розных месцаў адпачынку.
Нямецкія рэестравыя словы размешчаныя ў лексіконе не ў алфавітным парадку, а паводле сэнсавых сувязяў слоў. Паколькі слоўнік у першую чаргу скіраваны на тое, каб дапамагчы пры дыялогу, у кнігу ўключаныя, акрамя асобных слоў, словазлучэнні і сказы.
Аўтар пераклаў на беларускую мову 232 сказы. Адсутнічаюць граматычная і стылістычная характарыстыкі слоў. У беларускіх словах, якія маюць больш чым адзін склад, пазначаныя націскі. Сінонімы пададзены ў беларускай частцы лексікону толькі ў тых выпадках, калі рэестравая адзінка – таксама рад сінонімаў.
Выданне мае пэўную колькасць хібаў, сярод якіх літаральнасць у перадачы нямецкіх рэестравых слоў, часам няўдалы пераклад.
Прыклад тэксту
[правіць | правіць зыходнік]Прыклад тэксту:
Wie heißt du? – Як ты называеся? – Jak ty nasywájessja?
Wie ist dein Beruf? – Які твой занятак? – Jaki twoj sanjátak?
Antworte ja oder nein! – Адкажы, так або не! – Adkashý, tak abo nje!
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Асобнік «Моўнага дапаможніка для зносін з беларускімі сялянамі» захоўваецца ў кніжні імя Францішка Скарыны ў Лондане[1].
Зноскі
- ↑ а б Вадзім Шклярык. Працы па мовазнаўстве ў фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане // philology.by. — 2017/08/10.
- ↑ Кацярына Любецкая. ГІСТОРЫЯ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XX-XXI стст. . — 2010.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Кацярына Любецкая. ГІСТОРЫЯ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XX-XXI стст. . — 2010.
- Кацярына Любецкая. Моўны дапаможнік для ўзаемаразумення з беларускімі сельскагаспадарчымі працаўнікамі ад Ганса Лёе // Кантакты і дыялогі. — С. 27 — 28. Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2021.
- Нямецкі размоўнік (здымак двух старонак)