Мужыцкая праўда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Мужыцкая праўда»
«Мужыцкая праўда», № 1
«Мужыцкая праўда», № 1
Арыгінальная
назва
Mużyckaja prauda
Тып газета
Рэдактар Кастусь Каліноўскі, Валерый Антонавіч Урублеўскі, Фелікс Ражанскі і Станіслаў Сангін
Заснавана ліпень 1862
Спыненне публікацый чэрвень 1863
Мова беларуская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
«Мужыцкая праўда», № 3 (Гродзенскі архіў)

«Мужыцкая праўда» («Mużyckaja prauda») — нелегальная, першая беларускамоўная[1] газета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Друкавалася лацінкай. Выдавалася ў 1862-63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К. Каліноўскім з Ф. Ражанскім, С. Сангіным (Сонгіным), В. Урублеўскім.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Мела невялікі фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшлі 7 нумароў: № 1-6 (ліпень-снежань 1862), № 7 (чэрвень 1863). Кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська — гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5, 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўночна-заходніх рэгіёнах Расіі.

Вызначалася вострай сацыяльнай прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рускай літаратуры рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, нацыянальнай самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узброенай барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «…мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сялянскай рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права беларускага народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова.

Мова «Мужыцкай праўды» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фальклорнай сімволікай, мастацкімі тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай беларускай літаратуры.

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. — Мн., 1988;
  • Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. — Мн., 1996;
  • Каліноўскі К. За нашую вольнасць Тв., дак. — Мн., 1999.

Зноскі

  1. Варта адзначыць, што на ўвазе маецца тое, што літаратурныя нормы, выкарыстаныя ў газеце, найбольш блізкія да сучасных нормаў беларускай мовы. Першай беларускай газетай (выдадзенай на старабеларускай мове), згодна з існуючымі гістарычнымі звесткамі, лічыцца газета «Навіны грозные а жалостлівые...».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. — Беласток, 1960;
  • Говін С. «Мужыцкая праўда» // БелЭн у 18 т. Т. 11. — Мн., 2000;
  • Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. — Мн., 1966;
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. — Мн., 1989;
  • Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. — Мн., 1958;
  • Маляўка М. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. — Мн., 1979. Вып. 7;
  • Паўстанне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы» / тэксты і каментарыі: Я. Запруднік і Т. Э. Бэрд. — Нью-Ёрк: Фундацыя імя П. Крэчэўскага, 1980. — (Дакументы беларускай гісторыі).
  • Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. — Вільня, 1933;
  • Цікоцкі М. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. — Мн., 1960.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]