Перайсці да зместу

Музеязнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У Нацыянальным музеі ў Варшаве
У Луўрскім музеі

Музеязна́ўства, таксама музеяло́гія — комплексная навуковая дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, а таксама распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці[1].

Прадмет вывучэння

[правіць | правіць зыходнік]

Як сістэма спецыяльных ведаў, музеязнаўства займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навуковага дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў. Яно даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, а таксама выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Музеязнаўства цесна звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхнічнымі навукамі[1].

Першыя спробы тэарэтычнага асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам музеязнаўства лічыцца нямецкі калекцыянер І. Д. Маёр, аўтар кнігі «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт французскіх музеязнаўцаў канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя былі пераняты большасцю еўрапейскіх краін. У 2-й палове XIX стагоддзя музеязнаўства сфарміравалася як асобны раздзел навукі. Асаблівых поспехаў яно дасягнула ў 1960—1970-я гады, калі аформіліся нямецкая, польская і чэшская музеязнаўчыя школы[1].

Фармальнае прызнанне музеязнаўства як самастойнай навуковай дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў (пры ЮНЕСКА), якая праходзіла ў Маскве ў 1977 годзе. Савецкая школа музеязнаўства склалася ў 1960—1970-я гады, яе тэарэтычным і навукова-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі інстытут культуралогіі)[1].

З 1911 года ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па музеязнаўстве (Б. Р. Брэжга, А. П. Сапуноў і іншыя). У 1920-я гады ў БССР музеям быў нададзены статус навукова-даследчых устаноў, а пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы пад кіраўніцтвам В. Ю. Ластоўскага. З пачатку 1930-х гадоў беларуская музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы савецкага музеязнаўства[1].

Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самастойнай беларускай школы музеязнаўства. У 1992 годзе ў БДУ была адкрыта кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства. У 1994 годзе ў Беларускім універсітэце культуры з’явілася кафедра этналогіі і музеязнаўства. З 1993 года ў Беларускі інстытут праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, а таксама дзейнічае 2-гадовая школа музеязнаўства для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў[1].

  • А. А. Гужалоўскі. Музеязнаўства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 13. — 560 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Музееведение: Вопросы теории и методики (руск.). М., 1987.
  • Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. — Мн.: 1998.
  • Грицкевич В. П., Гужаловский, А. А. История музеев мира: учеб. Пособие. Минск: БГУ, 2003. 283 с.
  • Гужалоўскі А. А. Гісторыя музейнай справы Беларусі : вучэб.-метад. дапам. Мінск: БДУ, 2012. 303 с.
  • Гужалоўскі, А. А. Музеязнаўства / А. А. Гужалоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 13 — 14.
  • Музееведение: вопросы теории и методики. — Мн., 1987.
  • Руденко С. Б. Музей як технологія. Київ, 2021. 436 с.
  • Сотникова, С. И. Музеология: Пособие для вузов. — М., 2004.
  • Юренева, Т. Ю. Музееведение: Учебник для высшей школы / Т. Ю. Юренева. — 3-е издание, исправленное и дополненное. — М.: Академический проект, 2006. — 560 с. — («Gaudeamus»).