Музычная бурса
Музычная бурса — інтэрнат пры езуіцкіх калегіумах у XVII—XVIII стагоддзях. Ствараліся для падтрымкі немаёмных студэнтаў, якія не маглі аплачваць пражыванне за ўласныя сродкі. Своеасаблівай платай за жыццё ў бурсе быў абавязак займацца музыкай і ўдзельнічаць у касцельных спевах[1].
Гісторыя ўзнікнення
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйна езуіты крытычна ставіліся да выкарыстання музыкі і спеваў у касцёлах. У пачатковы перыяд сваёй дзейнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім яны дапускалі толькі ігру на ўжо існуючых арганах. Аднак пад ціскам вернікаў езуіты пайшлі на больш шырокае ўвядзенне музыкі ў сваіх храмах. Гэта было дазволена ўладамі ордэна ў Рыме пры ўмове, што духоўнымі спевамі будзе займацца выключна свецкая вучнёўская моладзь. Гэты абавязак быў ускладзены на музычныя бурсы[1].
Арганізацыя і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пры бурсах арганізоўваліся вакальныя гурты і аркестры. Бурсакі спявалі ў касцёлах, гралі падчас касцельных, школьных і грамадскіх урачыстасцей, а таксама ўдзельнічалі ў тэатральных пастаноўках навучэнцаў калегіума (школьны тэатр). У некаторых выпадках выступленні бурсакоў дапускаліся ў іншых касцёлах і пры дварах шляхты[1].
На чале музычнай бурсы стаяў рэгент (прэфект), якому дапамагаў старэйшы з бурсакоў. Колькасць навучэнцаў у бурсе звычайна не перавышала дзесяці чалавек.
Тэрмін навучання звычайна складаў 3 гады. Пасля заканчэння гэтага курсу старэйшыя бурсакі яшчэ на працягу 3 гадоў перадавалі свае веды малодшым навучэнцам. Некаторыя з выхаванцаў заставаліся ў бурсе пасля навучання ўжо ў якасці настаўнікаў і атрымлівалі за сваю працу аплату[1].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Музычныя бурсы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні музычнай культуры Вялікага Княства Літоўскага. Яны дзейнічалі пры многіх калегіумах[1]:
- Пры Полацкім калегіуме — існавала з 1597 года.
- Пры Нясвіжскім калегіуме — прыкладна з 1610 года.
- Пры Берасцейскім калегіуме — прыкладна з 1630 года.
- Пры Пінскім калегіуме — прыкладна з 1645 года.
- Пры Ковенскім калегіуме — заснавана ў 1650 годзе П. Шукштам.
- Пры Віленскай акадэміі — заснавана ў 1651 годзе дэканам Жабінскім.
- Пры Віцебскім калегіуме — з 1673 года.
Таксама вядома пра існаванне музычнай бурсы пры Жыровіцкім манастыры[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 Бурса музычная // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бурса музычная // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Дадиoмова О. В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. — Минск, 1992.
- Дадзіёмава В. У. З гісторыі музычнай бурсы пры Віцебскім езуіцкім калегіуме // Віцебскі сшытак. 1995. № 1.
- Ліхач Т. Музычныя бурсы езуітаў на Беларусі // Мастацтва. 1995. № 6.