Мураваныя сцены XII стагоддзя Старога замка (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ацалелыя сцены Старога замка

Мураваныя сцены XII ст. - помнік археалогіі, знаходзяцца у Гродне на тэрыторыі Старога замку. З'яўляюцца адным з помнікаў Гродзенскай школы мураванага дойлідства. Зараз сцены закансерваваны і засыпаны зямлёй.

Археалагічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню рэшткі адной з каменных сцен, складзенай з плінфы (кавалак даўжынёй каля 4,5 м і вышынёй каля 19 1,8 м), знойдзены З. Дурчэўскім у 1937 на самым мысе Замкавай гары. У 1949 старажытныя муры умацаваў бетонным засценкам М. Варонін і выказаў меркаванне, што гэта рэшткі каменнай абарончай вежы драўлянага гарадзенскага дзядзінца.

Вывучэнне помніка было прадоўжана ў 1981. Цалкам рэшткі каменных муроў вывучаны падчас раскопак, якія праводзілі А. Трусаў, П. А. Рапапорт, Л. М. Бальшакоў, М. А. Ткачоў, А. К. Краўцэвіч ў 19851986 і ў 1988.

Апісанне помніка[правіць | правіць зыходнік]

План сцяны 12ст.
Рэшткі сцяны замка Вітаўта

Сцены былі пабудаваны з плінфы і мелі вышыню больш за 5 м пры таўшчыні 1,5 м. Завяршаліся яны галерэямі са страхой над баявым ходам. Унутр сцен уводзіліся драўляныя падоўжныя сувязі дыяметрам да 15 см. Паколькі ў муроўцы выкарыстана прамавугольная і лакальная плінфа (трапецападобная, з паўкруглым краем і іншых формаў), блізкая фарматам да цэглы княжацкага палаца, мяркуецца, што гродзенскія абарончыя муры былі ўзведзены таксама ў канцы 12 ст.

Падобных мураваных абарончых сцен у тыя часы не мелі нават Кіеў, Ноўгарад і Полацк.

Сцяна на паўночным схіле[правіць | правіць зыходнік]

Ацалелая частка мураванай сцяны на паўночным схіле Замкавай гары захавалася прыкладна на даўжыню каля 12 м, аднак працягласць першапачатковага мура была значка большай. У 1988 развал гэтай сцяны з плінфы быў прасочаны на 20—22 м. Агульная даўжыня цаглянага мура ў паўночнай частцы дзядзінца калісьці дасягала 42—45 м. Ен меў абарончае і дэкаратыўнае значэнне, бо істотна выдзяляўся на фоне драўлянай замкавай забудовы.

Муроўка гэтага збудавання захавалася на вышыню каля 0,6 м. Сцяна практычна не мае падмурка і ўзведзена на тонкай праслойцы будаўнічага друзу. Памеры плінфы ў сярэднім роўныя 27—29X16,5—18Х3,5—4,5 см. Цэгла добра абпаленая, некаторыя экзэмпляры маюць рэльефныя знакі на тарцах у выглядзе літар і розных геаметрычных фігур. Часцей за іншыя сустракаюцца знакі ў выглядзе літар А, Б, В. У муроўцы былі таксама ўжыты розныя варыянты лакальнай плінфы: трапецападобная, з паўкруглым канцом і інш. Таўшчыня муроўкі 1,4—1,5 м. У ёй захаваліся дзве скразныя адтуліны дыяметрам 15 см ад падоўжных драўляных сувязей.

Падчас раскопак было выяўлена, што перад сцяною на замкавым схіле ляжыць развал верхняй часткі цаглянага мура. Памеры развалу і яго суадносіны з рэшткамі сцяны, якія захаваліся, дазволілі выказаць меркаванне, што вышыня цаглянага мура была не менш чым 5 м. Сцяна загінула ў выніку моцнага пажару, звязанага, верагодна, з ваеннымі дзеяннямі ў канцы XIIIXIV ст. (у слоі пажару знойдзена шпора XIII—XIV стст.).

Сцяна ва ўсходняй частцы замку[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі другой мураванай сцяны, часткова знішчанай падчас перабудовы замка ў XVI ст., знойдзены ва ўсходняй частцы дзядзінца, каля будынка палаца XVI ст. Цагляны мур складзены з плінфы розных памераў, асноўны фармат — 29X16X4 см. Акрамя звычайнай плінфы ў муроўцы ўжыта і трапецападобная. Некаторыя цагліны маюць знакі. Шырыня сцяны 1,2—1,3 м, захавалася на вышыню да 1,6 м. Даўжыня выяўленага фрагмента муроўкі 6 м, далей мур знікае ва ўсходнім профілі раскопу. Пабудова практычна не мела падмурка і праходзіла па грэбені старажытнага схілу Замкавай гары. Непасрэдна пад сцяной на глыбіні каля 2,8 м ад узроўню сучаснай дзённай паверхні прасочана праслойка белага пяску таўшчынёй 0,2—0,3 м, пад якой ідзе слой моцнага пажару. Мяркуецца, што гэта пажар 1183 г., аб якім ёсць звесткі ў летапісе.

Магчыма, што пасля таго, як згарэлі драўляныя ўмацаванні дзядзінца, старажытныя дойліды выкарысталі запасы плінфы для пабудовы новых гарадзенскіх храмаў і ў 90-х гадах XII ст. умацавалі згарэўшую частку драўлянага дзядзінца цаглянымі абарончымі чурамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
  • Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3