Мухамор жоўты, мухамор жоўта-зялёны, мухамора цытрынавая (Amanita citrina) — від шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства мухаморавых. Ядавіты.
Шапка 4-7 см у дыяметры, пукатая, затым пляскатая да ўціснутай, з буйнымі бялявымі шматкамі і мяккім краем, спачатку бялявая, пазней лімонна-жоўтая. Мякаць белая, пад скуркай жаўтлявая. Ножка з уздутай асновай, суцэльная, пазней пустая, з мякка звісаючым белым колцам, тоўстай, уверсе вольна адагнутай, унізе прырослай шырокай брудна-бялявай похвай. Споры шырокаавальныя.
Пашыраны ва ўмераным клімаце Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, таксама ў Аўстраліі. На Беларусі расце ў шыракаліставых лясах. Пладаносіць у жніўні — верасні.
Грыбы і грыбная кулінарыя: папулярны энцыклапедычны даведнік / Г. Сяржаніна, І. Яшкін. — Мінск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — 387 с. — ISBN 985-6081-34-3.