Мерач
Мястэчка
| ||||||||||||||||||
Мерач[1], таксама Мяркіне (літ.: Merkinė) — мястэчка ў Аранскім раёне Аліцкага павета Літвы, пры ўпадзенні Мерачанкі ў Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Мерацкай сянюніі. Уваходзіць у Дзукійскі нацыянальны парк.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Тапонім Мерач утварыўся ад беларускіх слоў мярэча, морач — 'глухія зарасці ў лесе'[2].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Meracz (1500 год)[3]; Maracz (1508 год)[4]; старабеларускай мовай Меречъ Велики (1553 год)[5].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першыя пісьмовыя згадкі пра Мерач датуюцца XIV стагоддзем у сувязі з нападамі крыжакоў[6]. Ён значыцца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеным у канцы XIV стагоддзя. У 1443 годзе тут збудавалі касцёл. У інвентары 1558 года ўпамінаецца «руская царква» (гэта значыць праваслаўная)[7].
7 снежня 1569 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Мерачы Магдэбургскае права і герб з выявай аднарога. У пачатку XVII стагоддзя ў месце заснавалі кляштар дамініканаў. У 1648 годзе ў Мерачы памёр кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза. У 1676 годзе гетман Міхал Казімір Пац заснаваў тут езуіцкую місію, якую ў 1755 годзе ператварылі ў рэзідэнцыю. Ад 1696 года была езуіцкая школа. У 1742—1746 гадах езуіты збудавалі драўляны касцёл Святога Крыжа.
У сярэдзіне XVIII ст. вакол Мерачы адзначаўся анклаў «рускай» этнаканфэсійнай супольнасці[8]. У 1767 годзе канонік віленскі і пісар вялікі Павел Ксаверы Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач і пераназваў яго, паводле свайго імя, у Паўлаў. Неўзабаве Павел Ксаверы Бжастоўскі правёў на сваіх землях рэформы: вызваліў усіх сялян з-пад прыгону, стварыў выбарны сойм і распрацаваў Статут, а 4 красавіка 1791 году, за месяц да абвяшчэння Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, выдаў Канстытуцыю Паўлаўскай рэспублікі[9].
У 1791 годзе Мерач стаў цэнтрам Мерацкага павета. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ўтварылася Мерацкае ваяводства.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Мерач апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Троцкім павеце Віленскай губерні. У другой палове XIX ст. расійскія ўлады зруйнавалі гарадскую ратушу, а на яе месцы збудавалі праваслаўную царкву-мураўёўку. На 1882 год у Мерачы было 233 будынкі.
За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Мерач занялі войскі Германскай імперыі.
- Старая графіка Мерачы
-
Ратуша, 1852 г.
-
Замчышча. В. Вейтка, 1887 г.
-
Памежны слуп. В. Вейтка, 1888 г.
-
Дом, у якім памёр кароль Уладзіслаў Ваза
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]
Па польска-літоўскіх баях і падпісанні пагаднення паміж Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе Мерач апынуўся ў складзе Літвы. У пачатку 1920-х гадоў у Мерачы базаваўся сакрэтны штаб чацвёртай аператыўнай групы, падпарадкаванай Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Камандзірам групы быў Вячаслаў Разумовіч пад псеўданімам «Хмара». Штаб складаўся з ксяндзоў Бакшыца і Блазуеліса, прафесара гімназіі Карчынскага і Разумовіча. Група супрацоўнічала з Генеральным штабам літоўскай арміі і ў выпадку вайны паміж Польскай Рэспублікай і Літвой павінна была выступіць на літоўскім баку, што прадугледжвалі пагадненні паміж урадам Беларускай Народнай Рэспублікі і Літвы.
На 1931 год у Мерачы было 312 будынкаў, з іх 24 мураваныя. У 1935 годзе тут прайшоў першы фэст народнай творчасці «Дні даўніны» (літ.: Senovės dienos).
За часамі Другой сусветнай вайны 22 чэрвеня 1941 году цэнтр Мерачы значна пацярпеў ад нямецкіх бамбардзіровак. У 1941 годзе нацысты забілі тут каля 3 тысяч жыдоў.
У 1989 годзе пачалося стварэнне мемарыялу ахвярам савецкага тэрору — Мерацкай гары крыжоў, на якой стаяць 154 імянныя крыжы і капліца. У 1996 годзе афіцыйна зацвердзілі герб Мерачы. У 2009 годзе адзначалася 650-годдзе горада.
- Мястэчка на старых здымках
-
Замчышча, да 1915 г.
-
Фарны касцёл, да 1915 г.
-
Дом, у якім памёр кароль Уладзіслаў Ваза, 1891 г.
-
Царква, да 1939 г.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Замчышча.
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XV ст.)
- Царква (2-я пал. XIX ст.).
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Ратуша
- Сінагога
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Замчышча
-
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
-
Нёман у Мяркіне
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Лявонцій (Бондар) (1913—1999) — беларускі і расійскі праваслаўны дзеяч.
Зноскі
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 3 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 352 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-298-0. С. 80.
- ↑ Леванцэвіч Л. Беларуская дыялекталогія. Вучэбна-метадычны комплекс. — Брэст): БрДУ, 2014. С. 29.
- ↑ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 562.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 124.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 165.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 46.
- ↑ Лісейчыкаў Д. «У мястэчку палова русі, а палова каталікоў…»: Мяжа рассялення «рускай» этнаканфесійнай супольнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2020. С. 6.
- ↑ Якія самаабвешчаныя рэспублікі былі ў Беларусі . Радыё Свабода (3 кастрычніка 2017). Праверана 5 лютага 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мерач // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 301. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Mierecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 257—258
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мерач
- Мерач на Radzima.org