Міграцыйны крызіс на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам (2021)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Карта асноўных напрамкаў нелегальнай міграцыі
Прыток мігрантаў у Літву, справакаваны памежным крызісам
Памежныя знакі з плотам на літоўскім баку

Міграцыйны крызіс на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам пачаўся ў 2021 годзе і быў справакаваны арганізаваным прыбыццём імігрантаў з Ірака, Афганістана і іншых краін Блізкага Усходу, а таксама Афрыкі праз беларуска-літоўскую[1][2][3], беларуска-польскую і беларуска-латвійскую граніцу[4].

У 2021 годзе беларускія ўлады перасталі спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваліся ў Еўрапейскі Саюз спачатку праз тэрыторыю Літвы, Латвіі, а пазней таксама і Польшчы. Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Уладзімір Макей прызналі, што падтрымка трансгранічнай перакідкі нелегальных мігрантаў з’яўляецца адказам на санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступныя рэпрэсіі[3][5].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 2015 годзе ў Еўропе пачаўся найцяжэйшы міграцыйны крызіс. Асноўны паток ішоў з Сірыі і Афганістана, значную долю склалі выхадцы з Ірака і Лівіі. Прыкладна 25 % прыбылі з афрыканскага кантынента[6]. Раней у краінах Блізкага Усходу і Афрыкі ўспыхнуў шэраг буйных ваенных канфліктаў, якія суправаджаліся цяжкай эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыяй. Некалькі мільёнаў чалавек вымушаны былі бегчы за мяжу. Асноўны ўдар прынялі на сябе Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Еўропа. Прыток бежанцаў у Прыбалтыку і Польшчу быў мінімальны[7][8].

Шмат у чым нелегалаў стрымлівалі беларускія пагранічнікі, якія затрымлівалі парушальнікаў яшчэ на сваёй тэрыторыі[9].

У 2020 годзе ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле ЦВК, перамогу на іх атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. Краіны Еўрапейскага Саюза, у тым ліку Літва, Латвія і Польшча, падтрымалі пратэстуючых, што пагоршыла іх адносіны з беларускім рэжымам.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Увесну 2021 года, на фоне пагаршэння адносін з Беларуссю (санкцыі і да т. п.), Літва заявіла аб росце колькасці нелегальных мігрантаў, якія пачалі пранікаць у краіну праз беларуска-літоўскую граніцу.

У ліпені 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па прычыне санкцый Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Еўрасаюза. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень 2021 — звыш 4,2 тысячы чалавек з краін Азіі і Афрыкі. Затым напружанне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.

Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю. У Літве ў лагерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся збегчы. Улады Польшчы з верасня распачалі затрыманні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краін Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, якія маюць від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза.

У вялікай колькасці мігранты прыбывалі ў Беларусь з краін Блізкага Усходу. 7 жніўня 2021 года, пад ціскам Еўрасаюза і ЗША, Ірак прыпыніў усе пасажырскія рэйсы ў Беларусь з-за наплыву нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза з боку Беларусі[10].

30 верасня ПАСЕ катэгарычна асудзіла практыку вяртання мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім не можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.

6 лістапада, каб спыніць рост колькасці мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, рашэннем МЗС Ірака былі закрыты Генеральнае консульства Беларусі ў Багдадзе і Ганаровае консульства ў Эрбілі. Прычынай закрыцця дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі стала спрашчэнне візавых працэдур для грамадзян Ірака[11].

Да 8 лістапада ў Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Раніцай гэтага дня сотні людзей рушылі ў бок дзяржаўнай мяжы паблізу пункта пропуска «Брузгі». Не дайшоўшы 300 метраў да памежнага пераходу, сілавікі накіравалі калону ў лес. Прэс-сакратар міністра-каардынатар спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын назваў гэта найбуйнейшай спробай сілавога ўварвання ў Польшчу[12]. Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак паведаміў, што на мяжы нясуць службу больш за 12 тыс. жаўнераў, таксама быў павышаны стан баявой гатовасці Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы[13].

Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны. А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвенняў, рыдлёвак і кусачак.

Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузніца», але там іх спынілі польскія памежнікі[14].

Паводле Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі ад 8 лістапада, перад польскімі агароджамі на лініі мяжы знаходзіцца больш за 2 тыс. уцекачоў[15]. Паводле розных ацэнак польскага боку, іх колькасць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпламатычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданні мігрантаў у Беларусь. 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеянні супраць Польшчы». З’явіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі не толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.

Ад раніцы 9 лістапада польскі бок прыпыніў дзейнасць памежнага перахода ў Кузніцы[16].

Літоўскі бок 9 лістапада паведаміў, што ўначы больш за 500 мігрантаў з групы на польскай граніцы былі перакінутыя на беларуска-літоўскую граніцу каля Гродна. Літоўскі Кабінет міністраў узгадніў увядзенне ў памежных з Беларуссю раёнах рэжыму надзвычайнага становішча з 10 лістапада на 1 месяц[17]. Неўзабаве Сейм зацвердзіў гэтае рашэнне[18].

11 лістапада Федэральная паліцыя Германіі заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзіту.

Ноч з 15 на 16 лістапада група з некалькіх тысяч мігрантаў правяла на беларуска-польскім памежжы ў пункце пропуску «Брузгі» (Гродзенскі раён). Наступным днём яны сабраліся перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў, і пачалі спробу прарыву, якая скончылася беспаспяхова[19]. Ад пападанняў розных прадметаў, у тым ліку камення, было паранена 7 польскіх паліцэйскіх[20]. Беларускія медыкі аказваюць дапамогу пацярпелым ад слёзатачывага газу і вадамётаў бежанцам і журналістам[21]. Бежанцы ўладкоўваюцца ў лагістычным цэнтры на граніцы[22].

У ноч на 17 лістапада 2021 года Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі размясціў у транспартна-лагістычным цэнтры каля пункта пропуску «Брузгі» палову з 2000 ірацкіх курдаў[23], якія прыбылі да беларуска-польскай мяжы за 9 дзён[24]. Частка людзей, якія затрымаліся на мяжы, засталася начаваць на адкрытай тэрыторыі ля пункта пропуску, іншая — у стыхійным лагеры[25].

18 лістапада, як паінфармаваў Дзяржпагранкамітэт Беларусі, усе бежанцы са стыхійнага лагера на беларуска-польскай мяжы паблізу пункта пропуску «Брузгі» перамясціліся на тэрыторыю транспартна-лагістычнага цэнтра з прычыны ўмоў надвор’я, якія рэзка пагаршаюцца і пагрозы для жыцця, асабліва дзяцей[26]. З Мінска вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак[27].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасць, што сцэнарый «гібрыднай агрэсіі» супраць Еўрасаюза быў распрацаваны Мінскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой. Прэс-сакратар спецслужб Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасня заявіў, што 20 % затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расіяй, пра што сведчаць знойдзеныя доказы.

30 верасня ПАСЕ катэгарычна асудзіла практыку вяртання мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім не можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.

8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеянні супраць Польшчы». З’явіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі не толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псіхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям. 10 лістапада еўрадэпутат Радослаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Аляксандра Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу.

Зноскі

  1. Jacek Raubo Białoruś uderza w litewską granicę. Pogranicznicy pomagają imigrantom dostać się do UE? – InfoSecurity24(польск.) . infosecurity24.pl (5 жніўня 2021). Праверана 31 жніўня 2021.
  2. Kryzys migracyjny na Litwie. Białoruscy pogranicznicy przy pomocy broni palnej zmuszają ludzi do przekraczania granicy(польск.) . onet.pl (6 жніўня 2021). Праверана 31 жніўня 2021.
  3. 3,0 3,1 Nikita Grekowicz Łukaszenka zarabia na przemycie ludzi z Bliskiego Wschodu(польск.) . oko.press (27 ліпеня 2021). Праверана 31 жніўня 2021.
  4. Video footage taken by Latvian border guards show participation of Belarusian militarized units in trafficking of migrants to the border with Latvia(англ.) . baltictimes.com (14 жніўня 2021). Праверана 31 жніўня 2021.
  5. Witold Repetowicz Broń „D” i Białoruś — scenariusze dla Polski [KOMENTARZ](польск.) . defence24.pl (10 ліпеня 2021). Праверана 31 жніўня 2021.
  6. Миграционный кризис в Европе. Досье ТАСС
  7. OECD: Migration Policy Debates. «OECD» (1 верасня 2015). — ОЭСР: Дебаты о миграционной политике. Праверана 18 кастрычніка 2015.
  8. Asylum and first time asylum applicants by citizenship, age and sex Monthly data (rounded). Eurostat (2 верасня 2015).
  9. Антон Ходасевич ЛУКАШЕНКО МСТИТ ЗАПАДУ МИГРАНТАМИ(руск.) . Независимая газета (3 жніўня 2021).
  10. سلطة الطيران المدني سلطة الطيران المدني العراقي(ар.) . العراقي عن تعليق (6 лістапада 2021). Праверана 6 лістапада 2021.
  11. Belars’un Erbil ve Bağdat’taki konsoloslukları kapatıldı(тур.) . Rûdaw (6 жніўня 2021). Праверана 6 лістапада 2021.
  12. polskieradio.pl
  13. polskieradio.pl
  14. Радыё Свабода
  15. belta.by
  16. Радыё Свабода
  17. Літва збіраецца ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы, Радыё Свабода, 9 лістапада 2021
  18. Літва ўвяла надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю, Белорусский партизан (11 лістапада 2021).
  19. Радыё Свабода
  20. twitter.com/PolskaPolicja
  21. blr.belta.by
  22. blr.belta.by
  23. Дзеці гуляюць, дарослыя будуюць хаціны і чакаюць дапамогі: пяты дзень лагера бежанцаў на польскай граніцы, БелТА (17 лістапада 2021). Праверана 28 лістапада 2021.
  24. ДПК: бежанцаў прадаўжаюць размяшчаць у цёплых памяшканнях, Беларускае тэлеграфнае агенцтва (17 лістапада 2021). Праверана 28 лістапада 2021.
  25. zviazda.by
  26. zviazda.by
  27. Радыё Свабода

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]