Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сімвал Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй заснаваны на ружовым трохвугольніку.

Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй (англ.: The International Day Against Homophobia (IDAHO)) — адзначаецца 17 мая ў памяць пра выключэнне гомасексуальнасці з Міжнароднай класіфікацыі хвароб 17 мая 1990 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Луі-Жорж Тэн.

У 2003 годзе ў франкамоўнай канадскай правінцыі Квебек арганізацыяй Fondation Emergence быў абвешчаны і праведзены ў чэрвені Народны дзень супраць гамафобіі (National Day Against Homophobia). Услед за гэтай ініцыятывай у жніўні 2004 года французскі ўніверсітэцкі лектар і актывіст кампаній за правы чарнаскурых, геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў, Луі-Жорж Тэн прапанаваў адзначаць аналагічны дзень у сусветным маштабе.

Асноўнай задачай мусіла стаць прыцягненне грамадскай увагі да геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў (ЛГБТ), асабліва ў тых краінах, дзе пытанні сексуальнасці дагэтуль лічацца табу, а ЛГБТ-людзі падвяргаюцца дыскрымінацыі. Дзень быў выбраны невыпадкова — менавіта 17 мая 1990 года Генеральная асамблея Сусветнай арганізацыі аховы здароўя выключыла гомасексуальнасць са спісу псіхічных захворванняў.

Тэн выказаў надзею, што гэты дзень дапаможа змяніць да лепшага жыццё тых людзей, якія ў гэтым маюць найбольшую патрэбу: «Мы хочам паказаць, што барацьба з гамафобіяй — гэта справа не толькі саміх геяў, лесбіянак і транссексуалаў, гэта барацьба — таксама справа ўлад і воля ўсяго грамадства».[1]

Для заснавання Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй арганізацыйным камітэтам была апублікавана напісаная Луі-Жорж Тэнам петыцыя «За міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй», звернутая да ААН і ўрадаў і парламентаў усіх краін.

Да 17 мая 2005 года, пасля кампаніі, якая доўжылася год, «апеляцыю IDAHO» падпісалі каля 24 тысяч чалавек з такіх арганізацый, як Міжнародная асацыяцыя лесбіянак і геяў (ILGA), Міжнародная камісія па правах геяў і лесбіянак (IGLHRC), Сусветны кангрэс ЛГБТ-іўдзеяў, Кааліцыя афрыканскіх лесбіянак і т.п.

У 2006 годзе ў Еўрапейскім парламенце адбыўся семінар па тэме Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй. На семінары выступіў Луі-Жорж Тэн[2]. Старшыня Еўрапарламента Жазеп Барэль зрабіў заяву аб прызнанні міжнароднага дня.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Мэты[правіць | правіць зыходнік]

  • процідзеянне любому фізічнаму, маральнаму і сімвалічнаму гвалту ў дачыненні да людзей з іншай сексуальнай арыентацыяй ці гендарнай ідэнтыфікацыяй;
  • падтрымка і каардынацыя ўсіх ініцыятыў па ўсім свеце, якія дапамагаюць усім грамадзянам дасягнуць роўных правоў;
  • праява салідарнасці з усімі лесбіянкамі, геямі, бісексуаламі і транссексуаламі свету, у тым ліку там, дзе яны не маюць магчымасці выступаць за свае правы;
  • правядзенне больш шырокай кампаніі па абароне правоў чалавека.

Акцыі[правіць | правіць зыходнік]

Хоць падобная кампанія немагчымая ў краінах, дзе гомасексуальнасць пераследуецца, у больш талерантных дзяржавах людзі павінны выступіць з пратэстам «ад імя прыгнечаных», заявілі арганізатары мерапрыемстваў, якія праходзілі 17 мая ў дзяржавах, што падтрымалі ініцыятыву правядзення гэтага памятнага дня.

Прызнанне гэтага дня ставіць пэўныя абавязацельствы перад міжнароднай супольнасцю, якая ўжо аб'ядналася ў барацьбе са шматлікімі іншымі формамі дыскрымінацыі і сацыяльнага гвалту, але пакуль яшчэ ў большасці дзяржаў не аказала шырокай падтрымкі ў барацьбе за роўныя правы назалежна ад сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці.

Адной з асноўных ініцыятыў арганізатараў гэтага дня стала растлумачэнне мэт і прычын гэтай падзеі ў адукацыйных установах.[3]

У Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Інцыдэнт са сцягам на пасольстве Вялікабрытаніі[правіць | правіць зыходнік]

17 мая 2018 года на будынку пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску з’явіўся ЛГБТ-сцяг. Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб растлумачыла рашэнне вывесіць сцяг садзейнічаннем прасоўванню правоў ЛГБТ-супольнасці і жаданнем звянуць увагу грамадскасці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой яны сутыкаюцца. Таксама на афіцыйнай старонцы пасольства ў Facebook з’явіўся відэазварот пасла, дзе яна распавядае пра пазіцыю Вялікабрытаніі ў стаўленні да правоў ЛГБТ[4]. Таксама ў знак салідарнасці з ЛГБТ-супольнасцю сцяг вывесіла і пасольства ЗША[5].

20 мая Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала на сваім сайце матэрыял пад назвай «Мы за сапраўднае!» (руск.: Мы за подлинное!), у якім выказала шкадаванне аб тым, што над пасольствам Вялікабрытаніі быў вывешаны вясёлкавы сцяг — сімвал гомасексуалаў, назвала аднаполыя адносіны падробкай і заявіла, што Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу[6]. Падобная заява выклікала абурэнне ў дэмакратычнай часткі грамадства. Эксперты назвалі выпадак недарэчным, паколькі замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы належаць да юрысдыкцыі Міністэрства замежных спраў, а не ўнутраных[7].

22 мая ў перадачы «Размова з прэзідэнтам» на тэлеканале «Беларусь-1» міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч сярод іншага патлумачыў рэакцыю МУС на вывешванне сцягу на пасольстве Вялікабрытаніі. Ён заявіў, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы не маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства», дадаўшы, што «праблема пранікнення ў наша грамадства ўсіх неўласцівых, ненатуральных і іншых дэструктыўных асаблівасцей, ідэалогіі, і да т. п., безумоўна, адбываецца, і большых імунітэтаў, на жаль, апроч нашай гісторыі і рэлігіі, няма»[8].

23 мая міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанні журналістаў пасля адкрыцця форума «Мінскі дыялог» адмовіўся каментаваць крытыку Міністэрства ўнутраных спраў на адрас брытанскага пасольтва, аднак заявіў, што, выступаючы з той ці іншай заявай, «трэба думаць пра наступствы»[9].

31 мая Фіёна Гіб заявіла, што мэтай вывешвання сцяга было кінуць выклік дыскрымінацыі, а рэакцыя МУС пацвярджае, што «ў Беларусі яна ёсць»[10].

7 чэрвеня міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што грамадзянская супольнасць «не прайшла праверку» вясёлкавым сцягам на пасольстве Вялікабрытаніі, бо ніводная арганізацыя не абурылася ім і не запатрабавала зняць «гэты прадмет, які быў вывешаны ў парушэньне Венскай канвенцыі». Заяву МУС ён назваў «вельмі карэктнай і дыпламатычнай», а таксама заявіў, што «мы ж дыскрымінуем злачынцаў», але наконт ЛГБТ-супольнасці «ніякай дыскрымінацыі няма, ёсць правілы суіснавання, акрамя законаў, якія павінны паважаць усе»[11].

ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей на фоне сцягоў на будынку пасольства Вялікабрытаніі 17 мая 2019

17 мая 2019 года сітуацыя паўтарылася. Пасольства Вялікабрытаніі зноў вывесіла ЛГБТ-сцяг, а Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ў адказ апублікавала на сваім сайце паведамленне з абурэннем з гэтай нагоды. МУС сцьвярджае, што ахоўвае каштоўнасці мацярынства, дзяцінства і інстытут сям’і, а «штучнае раздзьмуванне тэмы аднаполых стасункаў дэструктыўнае, парушае нормы маралі, вядзе да росту злачынстваў сэксуальнага характару ў дачыненьні дзяцей»[12].

У Расіі[правіць | правіць зыходнік]

У 2007 годзе адбыўся Тыдзень барацьбы з гамафобіяй у Маскве. Актывісты правялі прэс-канферэнцыі, кінапаказы, дыскусіі, шэсці[13]. Скончыўся тыдзень прайдам на Цвярской вуліцы, які быў разагнаны правымі радыкаламі і паліцыяй.

У 2009 годзе па ініцыятыве Расійскай ЛГБТ-сеткі адбылася акцыя «Вясёлкавы флэшмоб», у час якой прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці запусцілі ў неба паветраныя шарыкі з «запіскамі да свету». Акцыя прайшла ў больш як 30 гарадах Расіі, па сцвярджэнні ЛГБТ-арганізацыі Выхад (арганізатара флэшмоба ў Санкт-Пецярбургу) мерапрыемства сабрала больш за 200 чалавек і стала самай масавай ЛГБТ-праваабарончай акцыяй за ўсю гісторыю Расіі.[14]

Зноскі

  1. Бэн Таўнлі, Gay.com UK, 30 сакавіка 2005 17 мая — Міжнародны дзень барацьбы супраць гамафобіі. Queerumir.ru (16 красавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2012. Праверана 2 жніўня 2010.
  2. Seminar sends a clear signal against homophobia (недаступная спасылка — гісторыякопія)
  3. International Day Against Homophobia — Archive 2006 — Day 2007
  4. На посольстве Великобритании в Минске вывесили ЛГБТ-флаг
  5. Амбасада ЗША ў Менску ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг
  6. «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» МУС Беларусі назвала адносіны геяў падробкай
  7. «Дзіўна, недарэчна, нават сьмешна» — экспэрты пра шкадаваньне МУС наконт вясёлкавага сьцяга
  8. [1]
  9. Макей пра вывешваньне вясёлкавага сьцяга замежнымі пасольствамі: «Ня трэба навязваць»
  10. Посол Великобритании о флаге ЛГБТ на здании в Минске: «Цель — бросить вызов дискриминации»
  11. Шуневіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Буфэрам паміж бакамі ня будзем»
  12. МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, зьвязала з ростам пэдафіліі
  13. https://www.hippy.ru/fokv/260307/
  14. У Пітэры прайшла самая масавая вулічная акцыя ў гісторыі Расійскага ЛГБТ-рухі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]