Мікалай Вяршынін (консул БНР)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мікалай Вяршынін, консул БНР)
Мікалай Вяршынін
Мікалай Вяршынін, 1934 г.
Мікалай Вяршынін, 1934 г.
Нараджэнне 12 кастрычніка 1866(1866-10-12)
Смерць 6 мая 1934(1934-05-06) (67 гадоў)
Месца пахавання
Член у
Навуковае званне
Дзейнасць палітык, публіцыст, настаўнік
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міко́ла Вяршы́нін, або Мікалай Вяршынін (12 кастрычніка 1866, с. Прамухіна, Цвярская губерня6 мая 1934, Прага) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, упаўнаважаны БНР у справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславакіі, а пасля консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Чэхаславакіі. Прафесар[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1866 годзе ў сяле Прамухіна (паводле іншых звестак Каравайцава) Цвярской губерні[3]. У пачатку 1880-х гадоў сям’я пераехала на Беларусь. У адным з лістоў Вяршынін упамінаў, што яго бацька меў маёнтак на пінскім Палессі. Пры гэтым паводле Адольфа Клімовіча, Мікола Вяршынін нібыта паходзіў з Наваградчыны, пра якую любіў гаварыць.

За палітычную дзейнасць у час Рэвалюцыі 1905—1907 гадоў высланы ў Сібір, адкуль здолеў збегчы за граніцу, асеў у Аўстра-Венгрыі[4].

З канца 1908 года ў Празе. Працаваў настаўнікам рускай і польскай мовы ў адной з пражскіх школ. Перад Першай сусветнай вайной быў сакратаром і бібліятэкарам у пражскім таварыстве імя Льва Талстога[3].

9 чэрвеня 1919 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўпаўнаважыла Міколу Вяршыніна быць прадстаўніком БНР у справах ваеннапалонных. 1 лютага 1920 года Антон Луцкевіч як старшыня Рады міністраў прызначыў Вяршыніна прадстаўніком урада БНР (консулам) у Празе[5]. Прадстаўніцтва месцілася ў кватэры Вяршыніных па адрасе Wenzigova 4[3].

Беларуская грамада ў Празе. Юбілейная вечарына, прысвечаная 40-м угодкам з дня смерці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Мікалай Вяршынін сядзіць у першым радзе ў цэнтры. 30 снежня 1924 г.

У 1921 годзе Мікалай Вяршынін, як консул БНР, дамогся ад чэхаславацкага ўраду больш за 100 стыпендый для студэнтаў-беларусаў[6][7]. Удзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі, з 1925 года старшыня Беларускай грамады ў Празе. У 1928 годзе ў Празе заснаваў і кіраваў Беларускім загранічным архівам[8]. Друкаваўся ў замежных газетах і часопісах. Падрыхтаваў да друку беларускамоўныя працы «Беларусы ў славянскай сям’і» і «Апісанне Налібоцкай пушчы».

Хварэў на катар кішак[4]. Памёр 6 траўня 1934 года ў Празе. Пахаваны 9 траўня на Ольшанскіх могілках Прагі.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Быў жанаты з чэшкай Атыліяй Галавачавай (Otýlie Hlaváčová, 1873—1959), якая разам з ім дапамагала новапрыбылым беларускім студэнтам.

Меў дачку Вольгу (1911—1952), якая ў 1942 годзе ажанілася з інжынерам Аляксандрам Калошам (1905—1985). У 1948 годзе Аляксандр Калоша арыштаваны і 20 студзеня 1949 года перададзены Чэхаславакіяй у СССР, дзе асуджаны. Пасля адбыцця лагераў Калоша вярнуўся ў Прагу, але да гэтага часу Вольга скончыла жыццё самагубствам, іх дзве дачкі выхоўваліся ў кагосьці з беларускіх эмігрантаў[9].

Зноскі

  1. Беларуская Вікіпедыя — 2007.
  2. Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. 1993.
  3. а б в Алена Ціхановіч. Неверагодны лёс консула БНР: знайшлі магілу і нашчадкаў (бел. (тар.)). svaboda.org (14 сакавіка 2018).
  4. а б М. І. Сьв. пам. Праф. Мікалай Вяршынін // Родны край. — 18 траўня 1934. — № 11 (36).
  5. Міхалюк Д. 2015, с. 430.
  6. Кіпель В. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. — Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. — 356 с. (Беларусіка—Albaruthenica; Кн. 6).
  7. У 19221926 годзе ў Празе вучылася каля 350 беларусаў, у асноўным з Польшчы і краін Прыбалтыкі, яны стварылі некалькі студэнцкіх арганізацый і арганізацыю моладзі «Беларускі Сокал» (Гл.: Кіпель В. …)
  8. Юрэвіч Л. Гісторыя заснавання Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў дакумэнтах і паведаіленнях // Запісы БІНіМ № 29/2004.
  9. Геніюш Л. Споведзь. — Мн., 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Календарыюм // «Czasopis» № 05/2004
  • Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993.
  • Кіпель В. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. — Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. — 356 с. (Беларусіка—Albaruthenica; Кн. 6).
  • Ліс А. Вяршынін Мікалай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 441. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. 1993.
  • Юрэвіч Л. Гісторыя заснавання Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў дакумэнтах і паведамленнях // Запісы БІНіМ № 29/2004.
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.