Мікалай Пракопавіч Міхалап

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Пракопавіч Міхалап
Дата нараджэння 28 красавіка 1886(1886-04-28)
Месца нараджэння Мінск, Расійская імперыя
Дата смерці 29 снежня 1979(1979-12-29) (93 гады)
Месца смерці Мінск, БССР
Грамадзянства  Расійская імперыяСцяг СССР
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр мастацкая кераміка, архітэктура малых формаў.
Вучоба
Узнагароды Ордэн «Знак Пашаны»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікалай Пракопавіч Міхалап (1886—1979) — беларускі мастак-кераміст, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1939—1941 гадах.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з мінскай сям'і чыгуначнага рабочага і пакаёўкі. Скончыў Пецярбургскае вучылішча тэхнічнага малявання барона Штыгліца (цяпер Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Штыгліца). Быў першым беларускім мастаком-керамістам.

У 1925—1930 гадах выкладаў у Віцебскім Народным мастацкім вучылішчы, кіраваў ганчарна-керамічным аддзяленнем. Быў дружны з класікам беларускай літаратуры Янкам Купалам, напісаў яго партрэт і стварыў першыя дэкарацыі да спектакля Я. Купалы «Паўлінка».

У 1937 годзе ў Беларусі была сфармавана група навуковых супрацоўнікаў, мастацтвазнаўцаў і мастакоў па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 годзе. Дырэктарам галерэі быў прызначаны Мікалай Міхалап. Яго вялікай заслугай было папаўненне фондаў галерэі калекцыяй слуцкіх паясоў, сабранай князямі Радзівіламі ў Нясвіжскім замку. Пасля ўз'яднання ў верасні 1939 года заходне-беларускіх зямель з БССР у Дзяржаўную карцінную галерэю адпраўляліся творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі. Акрамя слуцкіх паясоў, Мікалай Міхалап папоўніў калекцыю французскімі габеленамі XVIII ст., творамі партрэтнага жывапісу XVI—XIX стст.

Напачатку 1941 года фонды галерэі налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Ён планаваў правесці карпатлівую працу па стварэнні каталога музейнай калекцыі. Але гэтаму багатаму збору музея ў Мінску не наканавана было доўгае існаванне. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён бясследна знік. Міхалап рыхтаваў калекцыю да эвакуацыі, але не здолеў вывезці[1]. Абвінавачванні ў страце фондаў галерэі ў чэрвені 1941 года ўпалі менавіта на галаву дырэктара галерэі, у сувязі з чым у 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на пасаду дырэктара быў прызначаны іншы супрацоўнік галерэі — Алена Васільеўна Аладава, а Мікалай Міхалап быў прызначаны кіраўніком рэспубліканскай мастацкай прамысловасці. Але па заканчэнні вайны абвінавачвання былі зняты і Мікалай Міхалап быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны»[2].

Мікалай Міхалап стаў мастаком-практыкам, прамысловым дызайнерам, праектаваў малыя архітэктурныя формы — лепку фасадаў дамоў, вулічныя ліхтары, рашоткі і г.д. Зрабіў значны ўнёсак у распрацоўку тэхналогіі керамічных матэрыялаў, у стварэнне эталонаў, керамічных формаў, у арганізацыю фарфора-фаянсавай вытворчасці (стаяў у вытокаў Мінскага фарфоравага завода), ствараў новыя віды глазуры.

Сышоў з жыцця ў 93 года.

Творчая спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Міхалап пакінуў вялікую творчую спадчыну. Творы графікі, керамікі і шматлікія фатаграфіі архітэктурных збудаванняў і помнікаў дойлідства, зробленыя падчас камандзіровак па Беларусі, якія захоўваюцца ў сямейным архіве, у 1980-я гады былі перададзены ў беларускія музейныя фонды і дзяржаўныя архівы. Унікальная калекцыя ганчарных вырабаў, сабраная Мікалаем Міхалапам падчас даследчых этнаграфічных паездак па Беларусі, цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.

Мачты ліхтароў, якія ўсталяваны на цэнтральных вуліцах Мінска, Гомеля і Віцебска, упрыгожваюць «фартухі» з выявай слуцкага пояса, зробленыя па праекце мастака.

Памяці мастака[правіць | правіць зыходнік]

Канверт, выпушчаны да 125-годдзю з дня нараджэння Міхалапа М. П. Белпоштай

Да 125-й гадавіны з дня нараджэння Мікалая Міхалапа Рэспубліканскае Унітарнае прадпрыемства «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай «А». Таксама 28 красавіка 2011 года на Галоўпаштамце ў Мінску было праведзена спецыяльнае памятнае гашэнне памятным спецштэмпелем. Мастак канверта А. Старавойтава. Заказ канверта № 9843-2011. Тыраж 30 тысяч экзэмпляраў[3].

Зноскі

  1. ООО «Чатофф». Национальный художественный музей Республики Беларусь (руск.). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.
  2. Ольга Парфенкова. 125-летие своего первого директора Национальный художественный музей отметил масштабной экспозицией (руск.) (17 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.
  3. Минсвязи РБ. Новости филателии. 125 лет со дня рождения Н.П. Михолапа (руск.)(недаступная спасылка) (21 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]