Мікалай (Мацукевіч)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мікалай
мітрапаліт БАПЦ
Царква: БАПЦ

Адукацыя:
Прафесія: святар
Нараджэнне: 21 мая 1917(1917-05-21)
Самарская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 20 чэрвеня 2002(2002-06-20) (85 гадоў)
Таронта, Канада

Мікалай (Мікола), свецкае імя Міхал Мацукевіч (21 мая 1917, хутар Суяцін, Новавузенскі павет, Самарская губерня, Расія — 20 чэрвеня 2002, Таронта, Канада) — мітрапаліт БАПЦ.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіць з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі — Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Моталь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Брэсце, удзельнічаў у нямецка-польскай вайне (1939), быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Брэсце. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Трэці рэйх. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі.

З 17 сакавіка 1945 г. жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Германіі. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў Ватэнштэце пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам М. Шылам. Удзельнік 1-га з'езда Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома.

У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. Рукапаложаны ў сан іерэя 6 мая 1952 г. іерархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага. Першую літургію адслужыў 4 кастрычніка 1954 г. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў Дэтройце.

У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 2 кастрычніка 1966 г. пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сергіем у сан ігумена і архімандрыта.

У барацьбе груповак унутры БАПЦ прыняў бок епіскапа Васіля (Тамашчыка). Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10 сакавіка 1968 г. у Аўстраліі.

Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першым іерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (штат Нью-Ёрк) абраны паўторна першым іерархам БАПЦ. Канфліктаваў з іншай буйнай групоўкай з цэнтрам у Брукліне і пад кіраўніцтвам спачатку Андрэя (Крыта), а затым Ізяслава (Бруцкага). Саборам БАПЦ гэтай групоўкі на Мікалая была накладзена анафема, якую ён прызнаць адмовіўся і аб'явіў пра некананічнасць бруклінскай БАПЦ.

У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь, сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам[1]. Пачатак 2000-х гадоў у «мацукевіцкай» БАПЦ адзначаны серыяй канфліктаў і расколаў.

Пасля смерці Мікалая большая частка яго царквы перайшла пад кантроль БАПЦ Ізяслава (Бруцкага). Пераемнікамі Мікалая (Мацукевіча) аб'явілі сябе таксама Аляксандр Салагуб і Іван Спасюк.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]