Мікола Ільін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікола Ільін
Мянушка «Фронт»
Псеўданім «Эстонец»
Дата нараджэння 23 красавіка 1984(1984-04-23)
Месца нараджэння Магілёў, Беларусь
Дата смерці 13 ліпеня 2020(2020-07-13) (36 гадоў)
Месца смерці Зайцава, Бахмуцкі раён, Данецкая вобласць, Украіна
Грамадзянства
Прыналежнасць Украіна
Род войскаў 137-ы асобны батальён марской пяхоты, 35-я асобная брыгада марской пяхоты, Узброеныя сілы Украіны
Званне Сяржант
Бітвы/войны Вайна на ўсходзе Украіны
Узнагароды і званні
Медаль Ордэна Пагоні Order for Bravery 3rd Class of Ukraine

Мікола Ільін (23 красавіка 1984 — 13 ліпеня 2020) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч, удзельнік вайны на ўсходзе Украіны (Узброеныя сілы Украіны), псеўданім «Эстонец».[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 23 красавіка 1984 г. у Магілёве. Амаль 10 гадоў вучыўся граць на флейце ў музычнай школе. Меўся служыць у вайсковым аркестры. Хрышчаны ў праваслаўе, але сам выбраў каталіцызм. З 12 гадоў у Магілёўскім кафедральным касцёле быў міністрантам. Маці спявала ў касцельным хоры. Скаўт 1-й магілёўскай школы.

У 1999 годзе далучыўся да клуба рыцарскай рэканструкцыі «Барысфэн». У клубе, убачыўшы беларускамоўных рэканструктараў, сам неўзабаве стаў беларускамоўным. Паводле Паўла Станкевіча, кіраўніка клуба, Мікола Ільін прагнуў «палітычнай, вулічнай актыўнасці» і праз два гады сышоў у «Малады фронт» і «Зубр». Сярод магілёўскіх актывістаў быў вядомы пад мянушкай «Фронт». У 2004 г. годзе наведваў Украіну пасля перамогі Аранжавай рэвалюцыі. У 2006 годзе падчас пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску Мікола Ільін быў моцна збіты міліцыянтамі.

Мікола Ільін усё часцей быў пераследаваны ў Беларусі за выкарыстанне БЧБ-сцяга, таму ў 2010 годзе ён эміграваў ва Украіну. Украінскія міграцыйныя органы адмовілі яму ў статусе ўцекача, пасля чаго ён з дапамогай сяброў дастаўся да Эстоніі. У Эстоніі вывучыўся на медыка. Працаваў таксоўцам і экскурсаводам, атрымаў эстонскае грамадзянства. Паводле міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, Мікола Ільін прыехаў у Эстонію як стыпендыят у межах адпаведнага праекту і меў статус уцекача, таму ён адмовіўся ад беларускага грамадзянства і набыў эстонскае.[2]

У 2016 годзе падчас вайны на ўсходзе Украіны павярнуўся ва Украіну. Ва Украіне жыў у Белай Царкве пад Кіевам. Далучыўся да Узброеных сіл Украіны, падпісаўшы афіцыйны кантракт (137-ы асобны батальён марской пяхоты, 35-я асобная брыгада марской пяхоты), прайшоў 4-месячную падрыхтоўку ў Тактычным медычным цэнтры. Паводле Паўла Валянтовіча, ветэрана ўкраінскага батальёна «Данбас», які разам з ім праходзіў падрыхтоўку, Ільін вырашыў вярнуцца ва Украіну і далучыцца да войска ў падзяку ўкраінскім валанцёрам, якія яму дапамаглі эміграваць у Эстонію. Калі Мікола Ільін вяртаўся з фронту ў мірнае жыццё, ён удзельнічаў у беларускіх акцыях ў Кіеве і дапамагаў стварыць ва Украіне рух салідарнасці «Разам». У 2018 годзе разам з беларусамі і ўкраінцамі ўдзельнічаў у акцыі салідарнасці з абаронцамі Курапатаў.[3]

Вясной 2020 года пайшоў на чарговую ратацыю на фронт. Паводле Аляксандры, грамадскай жонкі Міколы Ільіна, 10 ліпеня 2020 г. ён мусіў вярнуцца ў Белую Царкву на адпачынак, але адмовіўся: у той момант была складаная сітуацыя на ягоных пазіцыях і ён вучыў жаўнераў, каб яны мелі элементарныя навыкі эвакуацыі і маглі пры патрэбе аказаць сабе першую дапамогу.

13 ліпеня 2020 года каля вёскі Зайцава каля акупаванай Горлаўкі (Данецкая вобласць) Мікола Ільін як медык далучыўся да эвакуацыйнай групы, якая павінна была забраць цела памерлага ўкраінскага вайсковага і высунулася пасля атрымання пацьверджання пра рэжым «цішыня» з боку ДНР.[4] У некалькіх метрах ад памерлага ўкраінскую групу эвакуацыі ў белых шаломах з спецыяльнымі апазнавальныя знакамі раптоўна абстралялі з стралковай зброі сепаратысты ДНР. Група адышла, а Мікола Ільін застаўся і паспрабаваў дапамагчы параненым удзельнікам эвакуацыі, але неўзабаве вораг аднавіў абстрэл з гранатамётаў і цяжкіх кулямётаў.[5] У выніку Мікола Ільін быў забіты. Некалькі дзён целы загінулых і параненых жаўнераў знаходзіліся на месцы абстрэлу. Працягваліся перамовы з удзелам СММ АБСЕ (Спецыяльная маніторынгавая місія) адносна эвакуацыі забітых.[6]. 17 ліпеня сепаратысты з непадкантрольнай тэрыторыі перадалі цела Іліна, якое было ідэнтыфікавана з дапамогай ДНК-эксперты.[7] Пасля атрымання цела памерлага камандаванне Аперацыі сумесных сіл (раней — АТА) заявіла: «Незразумелым і абуральным з’яўляецца факт адносна ўскрыцця цела загінуўшага вайсковага медыка» і «Акрамя таго, па выніках судова-медыцынскай экспертызы было немагчыма вызначыць, з якой зброі быў забіты вайсковы медык, з-за таго, што пашкоджаныя органы і косткі, а таксама забойчыя элементы былі канфіскаваны прадстаўнікамі расійскіх акупацыйных войскаў у Горлаўскім моргу ў часова акупаванай Данецкай вобласці».[8] Расследаванне сітуацыі з абстрэлам групы эвакуацыі і гібелі медыка ўзяў пад асабісты кантроль прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які заявіў: «Гэта чарговы доказ цынізму, ілжывасці і нялюдскасці баевікоў. Тут ня можа быць ніякага падвойнага трактавання. Ёсць канкрэтнае наўмыснае злачынства — забойства, засада і паўторнае забойства. Усё гэта лішні раз пераконвае ў тым, што вайна працягваецца».

Развітанне з Міколай Ільіным адбылося 22 ліпеня ў саборы Cвятога Аляксандра ў Кіеве.[9] Труна з целам загінулага была пакрыта трыма сцягамі — Эстоніі, Украіны і Беларусі. Пахаваны на Байкаўскіх могілках у Кіеве.[10] Паводле апошняга жадання Міколы Ільіна ягоны прах меўся быць развеяны ў трох краінах: Украіне, Беларусі і Эстоніі. 24 ліпеня 2020 года прах быў развеяны на Дняпры ва Украіне, а 26 ліпеня над Дняпром у Магілёве.[11]

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

  • 19 ліпеня 2020 г. у ЗША ў Кафедральным Саборы Святога Кірылы Тураўскага (Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква) ў Брукліне (Нью-Ёрк) адбылася паніхіда па загінуўшым ва Украіне беларусу-медыку. Акрамя парафіянаў царквы на паніхідзе прысутнічала прадстаўніца Украінскай Дыяспары ў Нью-Ёрку Валянціна Бардакова, каторая была ўласна знаёмая з Міколам Ільіным. Пасля паніхіды ў царкве адбылася імрэза памяці Міколы Ільіна з выступамі ўдзельнікаў.[12]
  • 21 ліпеня 2020 г. у Беларусі ў магілёўскім кафедральным касцёле 21 ліпеня адбылася грамадзянская паніхіда па медыку-беларусу.
  • 24 лістапада 2022 года Ільін быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[13]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікола Ільін валодаў беларускай, эстонскай, ангельскай, рускай і ўкраінскай мовамі.
  • Паводле грамадскай жонкі Аляксандры, Мікола Ільін дапамагаў беспрытульным і жывёлам, а пасля звальнення з войска збіраўся працягнуць займацца дабрачыннасцю.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. «Постійно вчив нас такмеду, бо хотів, щоб всі вижили». Історія загиблого під Зайцевим медика (укр.). Радіо Свобода. Праверана 21 ліпеня 2020.
  2. Рейнсалу подтвердил гибель гражданина Эстонии в Донбассе
  3. Радыё Свабода. На мемарыяле сталінскіх ахвяраў пад Кіевам прапануюць паставіць сымбаль Беларусі
  4. Операція об'єднаних сил / Joint Forces Operation (укр.). www.facebook.com. Праверана 21 ліпеня 2020.
  5. Бійця, який загинув на Донбасі, вдалося ідентифікувати за допомогою тесту ДНК(нявызн.). 5 канал. Праверана 21 ліпеня 2020.
  6. Під Зайцевим загинули розвідник Дмитро Красногрудь і медик Микола Ілін із 35 обрмп. ФОТО (укр.). Новинарня (16 ліпеня 2020). Праверана 21 ліпеня 2020.
  7. Військові підтвердили, що передане бойовиками тіло належить медику, який загинув на Донбасі 13 липня (укр.). Радіо Свобода. Праверана 21 ліпеня 2020.
  8. ВВС Україна. Тіло загиблого медика розрізали і вирізали кістки, а поранений морпіх стік кров’ю — штаб ООС
  9. Украіна ідэнтыфікавала цела ваеннага медыка, перададзенага баевікамі (руск.). РБК-Украина. Праверана 21 ліпеня 2020.
  10. Загиблого на Донбасі військового медика поховали в Києві. ВІДЕО. 22.07.2020 Архівавана 22 ліпеня 2020.
  11. Радыё Свабода. Прах загінулага на Данбасе вайсковага мэдыка разьвеялі ў Беларусі
  12. https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=1522567934582214&id=100004870667728
  13. Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]