Мікола Хведаровіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мікола Хведаровіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 24 сакавіка (6 красавіка) 1904
Месца нараджэння:
Дата смерці: 20 жніўня 1981(1981-08-20) (77 гадоў)
Месца смерці:
Пахаванне:
Грамадзянства:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: перакладчык, паэт, празаік
Валодае мовамі: беларуская
Мова твораў: беларуская

Мікола Хведаровіч (сапр. Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч; іншыя псеўд.: С. Старобінскі, Сабасцян Старобінскі, Себасцян Старобінскі, Н. Федаровіч; 24.3(6.4).1904, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер горад Мінскай вобл. — 20 жніўня 1981, Мінск) — паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Н. Чарнушэвіча.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1915—18 жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў К. Э. Цыялкоўскі[1]. Вярнуўшыся з бежанства, вучыўся ў вучылішчы мяст. Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 уступіў у камсамол. З 1921 у часці асобага прызначэння. У 1923 сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 камісар Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

У 1928 скончыў рабфак у Мінску, у 1931 — БДУ. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—33 рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член СП Беларусі з 1934. У 1933—34 загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—37 адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны 3.8.1938. Асуджаны (1940) на 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў зняволенні ў лагерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усцьвытлагу (пасёлак Важаэль Комі АССР). З 1946 працаваў у Каршы Узбекскай ССР. Паўторна арыштаваны 22.5.1949; сасланы (1949) у Енісейск Краснаярскага края. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956 вярнуўся ў Беларусь.[2]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

З артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 выйшла першая кніга («Настроі»). Выйшлі таксама кнігі паэзіі «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).

Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).

Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А. Фадзеева «Апошні з удэге» (з А. Звонакам, 1935), паэмы Э. Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А. Звонакам, 1966), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (з І. Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш. Пецёфі «Ліра і меч» (1971), п'есы М. Стэгліка, А. Палявога, А. Талбузіна. Рэабілітаваны 28.9.1955.

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Пасля навальніцы: Выбранае. 1925—1961. Мн., 1965.
  • Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1974.
  • Крынічка: Вершы. Мн., 1978.
  • Любістак: Выбранае. Мн., 1984.

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат прэміі венгерскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду венгерскай паэзіі на беларускай мове.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ермаловіч М. У страі паэзіі // ЛіМ. 1958, 12 ліп.
  • Александровіч С. Незабыўнае, блізкае // ЛіМ. 1961, 12 мая.
  • Александровіч С. Яго шчодрае і шчырае сэрца // ЛіМ. 1981, 28 жн.
  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X