Міксіны (Myxini) — марскія жывёлы, разглядаюцца як падклас або клас кругларотых. Поўная адсутнасць эмбрыянальных ці рудыментарных элементаў пазваночніка дазваляе дапусціць, што гэтыя жывёлы не з’яўляюцца формай пазваночных, а толькі іх сястрынскай групай.
Даўжыня міксін да 1 м. Цела вугрападобнае, голае, спінны плаўнік адсутнічае, хваставы плаўнік прасціраецца на частку спінной паверхні. Шкілет храстковы. Сківіцы адсутнічаюць, рот у выглядзе круглай адтуліны, абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Іх «зубы» — гэта не косці, а рагавыя пласцінкі, размешчаныя на магутным мускулістым языку. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Шматлікія поры слізістых залоз размяшчаюцца ўздоўж цела. Вочы дэгенерыравалі.
Крывяносная сістэма незамкнёная. У міксін 4 сэрцы: 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Асноўнае (бранхіяльнае) сэрца размешчана адразу за шчэлепамі, самае магутнае і пракачвае кроў праз шчэлепы да ўсяго цела. Партальнае сэрца знаходзіцца ў раёне печані, дапамагае перапампоўваць кроў, якая ідзе ад кішачніка да печані. Пара кардынальных сэрцаў знаходзіцца ў галаве, яны дапамагаюць вяртаць кроў з галаўнога аддзела назад да асноўнага сэрца. Хваставое сэрца забяспечвае цыркуляцыю крыві ў задняй частцы цела. Справа ў тым, што ў міксін вельмі нізкі крывяны ціск і адкрытыя лакуны (крывяносныя прасторы), дзе кроў рухаецца павольна. Каб яна не застойвалася і паступала да ўсіх органаў, спатрэбіліся дапаможныя сэрцы. Яны працуюць аўтаномна, скарачаюцца дзякуючы ўласным цягліцам.
Выдзяляецца 1 атрад (Myxiniformes), 1 сямейства (Myxinidae), 7 родаў, каля 70 відаў.
Міксіны сустракаюцца ў прыбярэжных і глыбакаводных раёнах Атлантычнага, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Яны насяляюць пераважна ўмераныя і субтрапічныя шыроты абодвух паўшар’яў. У тропіках яны таксама ёсць, але жывуць на вялікіх глыбінях, дзе вада застаецца халоднай.
Паразіты або драпежнікі. Выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў падаль ці ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі. Радзей кормяцца чарвямі.
Здольныя завязвацца ў вузел, каб вызваліцца ад слізі, пазбегнуць злову, ці адарваць кавалак ежы.
Яечнікі і семяннікі маюцца ў адной і той жа асобіны, але функцыянуе толькі адзін тып ганад. Адкладваюць 20-30 яец, багатых жаўтком. Развіццё без ператварэння.