Мікіта Зносак
| Мікіта Зносак | |
|---|---|
| Віктар Манаеў у ролі Мікіты Зноска. Спектакль «Тутэйшыя», 1990 | |
| Інфармацыя | |
| Від | чалавек |
| Пол | мужчынскі |
| Нацыянальнасць | беларус |
| Род заняткаў | калежскі рэгістратар |
Мікі́та Зно́сак — галоўны герой трагікамедыі «Тутэйшыя» Янкі Купалы ўзростам ад 25 (люты 1918 года) да 28 гадоў (чэрвень 1920 года)[1]. Да 1917 года займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з 1918 па 1920 гады, калі ў Менск уваходзяць чужынцы, спрабуе прыстасоўвацца да змен[2]. Аднак яго спробы прыстасавальніцтва заканчваюцца няўдачай, у канцы твора яго затрымліваюць бальшавікі.
У вобразе Мікіты Зноска Янкам Купалам ярка паказаны тып людзей, якія адарваліся ад роднай глебы, прыстасаванцаў да любой улады. Паводзіны галоўнага героя ўключаюць у сябе як камізм, так і трагічнасць. Пэўную долю віны за з’яўленне такога чалавека нясе грамадства, заснаванае на ўціску і эгаізме[3]. Рысы і настроі Мікіты характэрныя сярод беларусаў, яны сфармаваліся пад уплывам неспрыяльных для беларускага народа гістарычных умоў[4].
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Прозвішча персанажа вытворнае ад назоўніка зносак[5], які азначае маленькае курынае яйка, звычайна апошняе. Таксама ў пераносным сэнсе так кажуць пра слабога чалавека, які нічога не варты. Праз імя галоўны герой характарызуецца як адмоўны персанаж. Мікіта адмаўляецца ад свайго імя, кажа, што ён «і не дзядзька, і не Мікіта, і не Зносак, а… меджду протчым, калежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов»[6]. Дробны чыноўнік называе сябе то на рускі манер Нікіціем Знасілавым, то на польскі — Нікіціушам Знасілоўскім[7].
Некаторымі літаратуразнаўцамі і метадыстамі выкарыстоўваецца такі варыянт прозвішча ў родным склоне: Зносака, які ўключае ў сябе поўную агаласоўку асновы. На думку беларускага мовазнаўцы Івана Лепешава, такі варыянт назоўніка зносак з’яўляецца памылкай[5]. Ён пачаў ужывацца ў працах з 1990-х гадоў, хоць яшчэ ў 1920-я гады прозвішча ў родным склоне пісалася як Зноска[8]. Прафесар Іван Лепешаў звяртае ўвагу на той факт, што твор Янкі Купалы замоўчваўся больш за 60 гадоў, з-за чаго імёны прызабыліся. Таму правільнай як у беларускай мове, так і ў маўленні трэба лічыць форму прозвішча з нулявой агаласоўкай асновы: Зноска[9].
Літаратурная біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Мікіта з’яўляецца адзіным сынам у сям’і Ганулі Зношчыхі[4]. У першай дзеі п’есы ў размове Ганулі з Янкам Здольнікам падкрэсліваецца сутнасць галоўнага героя, які аднак хоча выглядаць інакш[6]. Да 1917 года ён займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з лютага 1918 па чэрвень 1920 года спрабуе прыстасоўвацца да розных улад, якія ўваходзяць у Менск. У час нямецкай акупацыі беспаспяхова спрабуе захаваць свой чын, затым служыць рэгістратарам у розных савецкіх установах. Персанаж спрабуе падладжвацца і пад палякаў[10].
Галоўны герой марыць атрымаць «асэсарства» для таго, каб ажаніцца з Настай Пабягунскай[4]. Акрамя гэтага ён шукае і розныя вольныя «прафесіі» адпаведна палітычнай сітуацыі: вывучае мовы ў настаўніка Спічыні (як нямецкую, так і польскую), гандлюе нямецкімі маркамі, прадае свае рэчы ў абмен на ежу, збіраецца быць аратарам. Усё гэта не прыносіць яму поспеху. У хатцы калежскага рэгістратара збіраюцца розныя знаёмыя і госці, з якімі ён размаўляе[11].
Мікіта ў залежнасці ад палітычнага надвор’я мяняе сваё імя, прозвішча, перакананні, аднак гэта не дапамагае яму. Выказванні галоўнага героя не маюць логікі, яны бессэнсоўны, таму Зносак ніяк не можа выбіцца ў людзі. У фінале п’есы калежскага рэгістратара арыштоўваюць як даносчыка і рабаўніка[4]. Твор заканчваецца затрыманнем Мікіты Зноска бальшавікамі. Яго выводзяць з хаты пад рулямі стрэльбаў, маці Гануля галосіць. Матроская прыпеўка «Ой ты, яблочко, куда коцішся? Не туда попадзёш — не вароцішся...» намякае на лёс галоўнага героя[12].
Характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Погляды
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны герой твора Янкі Купалы мае выразныя антыбеларускія погляды[13], якія ён не падмацоўвае аргументамі[14]. Персанаж не пазбаўлены шавінізму («мы цвёрда стаялі на варце святога расійскага самаўладзтва і баранілі тутэйшую рускую народнасць ад „інародчаскага засілля“»), які аднак у вуснах Мікіты выглядае як бравада[15]. Зносак лічыць сябе самым здольным вучнем Дзмітрыя Скрынчанкі і Лук’яна Саланевіча, якіх богаславіў Уладзімір Пурышкевіч[16]. Акрамя вышэйпералічаных настаўнікамі Мікіты таксама з’яўляюцца майстра «адбеларушваць» Генрых Мотавіч Спічыні ды Усходні і Заходні вучоныя, якія кожны па-свойму перакручваюць беларускую гісторыю на свой капыл[17]. Калежскі рэгістратар увасабляе сабой тып зрусіфікаванага «тутэйшага» першай чвэрці XX стагоддзя[18]. Савецкі лад Мікіта лічыць чырвонай паводкай, якая не снілася ні фараону, ні Саламону[19].
Прыстасавальніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны герой спрабуе прыстасоўвацца да жыцця, ён кажа: «хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі». Прыстасавальніцтва Мікіты паказваецца цераз пераапрананне. Зносак мяняе сваю вопратку (пажарніцкая форма, чырвоная хустачка, фрэнч ахоўнага колеру, белы арол на шапцы) згодна з палітычнай сітуацыяй. Своеасаблівым «пераапрананнем» дробнага чыноўніка можа разглядацца яго пошук новых «прафесіяў» (вывучэнне моў, гандаль валютай на Брахалцы, аратарства, разнос папер)[15]. Першапачаткова здаецца, што персанаж добра ведае палітычнае надвор’е. Ён становіцца пажарнікам, паколькі іх не бяруць на працу; для стасункаў з рознымі акупантамі (нямецкімі, польскімі, бальшавіцкімі) наймае настаўніка, каб вывучыць вітанні; па-свойму выкарыстоўвае і абразы́. Аднак у выніку атрымліваецца толькі мітусня, якая прыносіць герою шкоду. У персанажа няма такіх характэрных для прыстасаванца рыс як хітрасць, прагнасць, скупасць. Па сутнасці, Мікіта Зносак — гэта чалавек, якому не ўдалося знайсці спакойнага жыцця ў час перамен[20], недарэка[21].
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова персанажа мудрагеліста-камічная, аднак парой бывае вобразнай і трапнай («дырэктар беларускай басоты», «меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг»), калі ім авалодвае якое-небудзь пачуццё (спалох, радасць, абраза, раздражненне). У асноўным Мікіта Зносак размаўляе як героі апавяданняў Міхаіла Зошчанкі. Адцураўшыся беларускай мовы, якая для Мікіты недалікатная, былы калежскі рэгістратар таксама не паважае і іншыя мовы[22]. Камічнае ў маўленні Зноска адлюстроўваецца цераз каламбуры, іранізмы, параўнанні, эпітэты, аксюмараны, сінонімы, фразеалагізмы, розныя формы назоўнікаў (склонавыя, родавыя, лікавыя), выклічнікі, лексічныя і сінтаксічныя аказіяналізмы, украпіны з іншых моў, стылістычна зніжаныя сродкі, формы звароту да тутэйшых асоб, праклёны, ідыялектныя клішэ, кантрастывы. Абмежаванасць маўлення галоўнага героя праяўляецца праз шматслоўнасць, штучнасць і алагічнасць, калі часам сказ пазбаўлены сэнсу[23]. Часта ў маўленні персанажа выкарыстоўваецца прыслоўе «меджду протчым», якое з’яўляецца калькай з рускай мовы[24].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Прафесар Іван Замоцін лічыў галоўнага героя занадта карыкатурным, што праяўляецца праз яго размовы. Акрамя карыкатурнасці навуковец адзначае прысутнасць у мове Мікіты гумару і іроніі[25]. На думку крытыка Тодара Глыбоцкага, вобраз Мікіты Зноска ўвасабляе сабой калектыўны партрэт «тутэйшых», для якіх характэрная такая іх рыса, як жывучасць[26]. Літаратуразнавец Пятро Васючэнка, аналізуючы вобраз Мікіты, адзначае, што ён спрабуе ацалець у віхуры змен. Яго агідныя рысы, якія моцна дэфармаваныя, выглядаюць як духоўная хвароба. Розум галоўнага героя досыць цікаўны, часам у блазнаванні Мікіты выглядае нешта цвярозае. Не атрымаўшы сапраўднай культуры, Зносак адмаўляецца ад беларускай мовы, не можа звязаць два словы па-расійску. Стыхія карае Мікіту, паколькі ён безабаронны[27]. Філосаф Ігар Бабкоў адзначае ў Зноску каланізаванасць, якая праяўляецца ў імітацыі пануючай ідэнтычнасці[28]. На думку пісьменніка Адама Глобуса, галоўны герой з’яўляецца самым жыццелюбівым персанажам п’есы Янкі Купалы[29].
Таццяна Гайдалёнак адзначае адцуранне ўсяго беларускага галоўным героем. Узгадаваны на сялянскай глебе Мікіта апынуўся ў горадзе, дзе ў той час не размаўлялі па-беларуску. Яго прыстасавальніцтва вельмі зручнае для любой улады. Такія, як Мікіта Зносак, будуць рабіць, што скажуць, вазіць з сабой на калымажцы шмат розных дакументаў, «мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае» для таго, каб іх не чапалі. Характар галоўнага героя сфармаваўся пад уплывам неспрыяльных гістарычных умоў беларускага народа. На думку даследчыцы, Мікіта ёсць у кожным беларусе. Дробны чыноўнік выклікае не толькі смех, не толькі асуджэнне, але і жаль[30]. На думку кандыдата гістарычных навук Аляксандра Уладзіміравіча Літвінскага, Мікіта Зносак увасабляе сабой тып заходнерусіста, які супрацьстаіць беларускаму нацыянальнаму руху[13]. У творы паказаны канфармізм Мікіты[31], які з’яўляецца адным з найбольш яскравых прыкладаў «тожабеларуса»[32].
Вобраз у адаптацыях
[правіць | правіць зыходнік]У 1926 годзе БДТ-1 паставіў на сцэну п’есу, якая затым была знята з рэпертуару. Ролю Мікіты Зноска павінен быў сыграць Генрых Грыгоніс[33]. У 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера «Тутэйшых», ролю галоўнага героя ў якой выканаў акцёр Віктар Гудзіновіч. Як лічыць акцёр[34]:
| Мікіта Зносак — „тутэйшы“, і ў кожным беларусе жыве свой Зносак. |
У 1990 годзе ўжо на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы рэжысёрам Мікалаем Пінігіным быў пастаўлены спектакль. Ролю калежскага рэгістратара ў пастаноўцы выканаў акцёр Віктар Манаеў. Ім Мікіта трактаваны як бязвольны і няшчасны чалавек, што заблытаўся ў жыцці[35], як сімвал ён жыве самастойным жыццём[36]. У спектаклі Мікіту забіваюць чырвонаармейцы, ён валіцца ў яму, пасля чаго гінуць і астатнія персанажы п’есы[37].
У 2007 годзе на тэлеканале «Белсат» выйшаў фільм «Тутэйшыя» рэжысёра Валерыя Мазынскага паводле п’есы[38]. Ролю Мікіты ў белсатаўскім фільме выканаў Павел Харланчук[39], які пазней зноў сыграў галоўнага героя ў спектаклі 2020 года. На думку тэатральнага крытыка Настассі Панкратавай, Мікіта Зносак у выкананні Харланчука нагадвае пластыкай Віктара Манаева. Іншы тэатральны крытык Алена Мальчэўская захапляецца працай акцёра, які ў ролі Мікіты паказаў гібкасць, плаўнасць, зменлівасць героя[40]. У аўдыякнізе «Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава» Лявона Крывічаніна дзейнічае ў 1941 годзе падобны да Зноска персанаж, у час нямецкай акупацыі Мінска[41].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Я. Купала. Тутэйшыя. Трагічна-сьмяшлівыя сцэны з менскага нядаўнага жыцьця. У 4-х дзеях // Полымя. — 1924. — № 2 (10). — С. 33.
- ↑ І. Замоцін. Беларуская драматургія // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 77.
- ↑ Гніламёдаў У. В. 2012, с. 184.
- ↑ а б в г В. Ю. Бароўка. Прозвішчы персанажаў у драматургіі Янкі Купалы: семантыка-функцыянальны аспект // Региональная ономастика: проблемы и перспективы исследования : сб. науч. статей. — Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2016. — С. 211.
- ↑ а б Н. М. Гардзей. Мікіты Зноска і Мікіты Зносака: марфаналагічная інтэрпрэтацыя варыянтных словаформ // Краявіды роднай мовы : зб. мовазнаўч. навук. арт. (памяці прафесара І.Я. Лепешава). — Гродна: ЮрСаПрынт, 2014. — С. 79.
- ↑ а б Таццяна Гайдалёнак. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 64.
- ↑ Таццяна Гайдалёнак. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 65.
- ↑ Н. М. Гардзей. Мікіты Зноска і Мікіты Зносака: марфаналагічная інтэрпрэтацыя варыянтных словаформ // Краявіды роднай мовы : зб. мовазнаўч. навук. арт. (памяці прафесара І.Я. Лепешава). — Гродна: ЮрСаПрынт, 2014. — С. 80.
- ↑ Н. М. Гардзей. Мікіты Зноска і Мікіты Зносака: марфаналагічная інтэрпрэтацыя варыянтных словаформ // Краявіды роднай мовы : зб. мовазнаўч. навук. арт. (памяці прафесара І.Я. Лепешава). — Гродна: ЮрСаПрынт, 2014. — С. 84.
- ↑ І. Замоцін. Беларуская драматургія // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 77—78.
- ↑ І. Замоцін. Беларуская драматургія // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 78.
- ↑ Васючэнка П. 1994, с. 156—157.
- ↑ а б А. У. Літвінскі. Мікіта Зносак як вобраз заходнерусіста // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зб. навук. арт. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 82.
- ↑ А. У. Літвінскі. Мікіта Зносак як вобраз заходнерусіста // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зб. навук. арт. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 79.
- ↑ а б Васючэнка П. 1994, с. 158.
- ↑ Васючэнка П. 1994, с. 159—160.
- ↑ Нарысы па беларускай літаратуры XX ст. : для ст. шк. узросту / уклад. Юрыя Пацюпы. — Мінск: Маст. літ., 2010. — С. 275. — ISBN 978-985-02-1232-0.
- ↑ А. У. Літвінскі. Мікіта Зносак як вобраз заходнерусіста // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зб. навук. арт. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 81.
- ↑ В. І. Рагаўцоў. Вербальнае выражэнне камічнага ў трагікамедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя” // Веснік МДУ імя А. А. Куляшова. — 2006. — № 4 (25). — С. 138.
- ↑ Таццяна Гайдалёнак. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 66—67.
- ↑ Як змікіцілі Мікітку // Мастацтва Беларусі. — 1991. — № 8. — С. 23. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2018.
- ↑ Таццяна Гайдалёнак. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 64—66.
- ↑ В. І. Рагаўцоў. Вербальнае выражэнне камічнага ў трагікамедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя” // Веснік МДУ імя А. А. Куляшова. — 2006. — № 4 (25). — С. 133—141.
- ↑ Рагаўцоў В. І. 2012, с. 137.
- ↑ І. Замоцін. Беларуская драматургія // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 80—81.
- ↑ Купала Я. 2001, с. 395.
- ↑ Васючэнка П. 1994, с. 157—159.
- ↑ Ігар Бабкоў. Посткаланіяльныя доследы (Лекцыі 4—6). Беларускі Калегіюм (29 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2024. Праверана 3 красавіка 2025.
- ↑ Адам Глобус. Персанальны Купала // Літаратурная Беларусь. — 2023. — № 10 (206). — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2024.
- ↑ Таццяна Гайдалёнак. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 65—66.
- ↑ Міхась Скобла. Мікалай Пінігін: "Састарэлыя дэкарацыі ў "Тутэйшых" — гэта хлусьня". Радыё «Свабода» (5 снежня 2001). Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2024. Праверана 2 красавіка 2025.
- ↑ Ф. Раўбіч. «Тожабеларусы». Новае жыццё палітычнага клішэ стагадовай даўніны. Наша Ніва (17 чэрвеня 2023). Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2024. Праверана 2 красавіка 2025.
- ↑ Купала Я. 2001, с. 390—391.
- ↑ АБ. Як у савецкім застоі магілёўскі тэатар паставіў забароненых «Тутэйшых». Радыё «Свабода» (29 чэрвеня 2019). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2023. Праверана 2 красавіка 2025.
- ↑ Анастасія Васілевіч. Купалавы п’есы на сённяшняй сцэне: шляхі адкрытыя // Маладосць. — 2017. — № 6. — С. 91.
- ↑ Виктор Рыбчинский. Магия личности: творческая индивидуальность как фактор актёрского искусства // I-я Няфёдаўскія чытанні. Беларускае мастацтва: гісторыя і сучаснасць. Зб. Матэрыялаў Міжнароднай навукова-творчай канферэнцыі (Мінск, 18—19 лютага 2003 г.). — Мн.: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, 2004. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2017.
- ↑ Анатоль Сабалеўскі. Вяртанне класікі // Спадчына. — 1991. — № 1. — С. 109.
- ↑ Франак Вячорка. «Белсат» здымае «Тутэйшых». Наша Ніва (9 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2024. Праверана 17 мая 2025.
- ↑ Мацей Халадоўскі. “Тутэйшыя” ў Беластоку // Ніва. — 16 сакавіка 2008. — № 11 (2705). — С. 1. — ISSN 0546-1960. Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2025.
- ↑ Купалаўцы далі «Тутэйшых». Учора прайшла закрытая рэпетыцыя спектакля. REFORM.news (7 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2025. Праверана 2 красавіка 2025.
- ↑ Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава. Kamunikat.org. Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2025. Праверана 3 красавіка 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сучасная беларуская драматургія. Асаблівасці жанравага руху // Нарысы па беларускай літаратуры XX ст. : для ст. шк. узросту / уклад. Юрыя Пацюпы. — Мінск: Маст. літ., 2010. — С. 275. — 438 с. — (Школьная бібліятэка). — ISBN 978-985-02-1232-0.
- Васючэнка П. Трагікамедыя («Тутэйшыя») // Драматычная спадчына Янкі Купалы: Вопыт сучас. прачытання. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — С. 156—160. — 173 с. — ISBN 5-343-01381-3.
- Гайдалёнак Т. Вяртанне: П’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Тэма, герой, жанр // Роднае слова. — 1998. — № 10 (130). — С. 60—67.
- Гардзей Н. М. Мікіты Зноска і Мікіты Зносака: марфаналагічная інтэрпрэтацыя варыянтных словаформ // Краявіды роднай мовы : зб. мовазнаўч. навук. арт. (памяці прафесара І.Я. Лепешава). — Гродна: ЮрСаПрынт, 2014. — С. 79—85.
- Гніламёдаў У. В. На пачатку 20-х гадоў // Янка Купала : жыццё і творчасць / У. В. Гніламёдаў ; навук. рэд. В. П. Жураўлёў. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — С. 184. — 252 с. — ISBN 978-985-08-1403-6.
- Замоцін І. Беларуская драматургія // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 77—82.
- Купала Я. Тутэйшыя // Поўны збор твораў: У 9 т. Т. 7. Драм. паэмы і п’есы. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 263—332, 389—397. — 399 с. — ISBN 985-02-0269-6.
- Літвінскі А. У. Мікіта Зносак як вобраз заходнерусіста // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зб. навук. арт. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 78—82.
- Рагаўцоў В. І. Тутэйшыя // Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі : канец XVI — пачатак XX стагоддзя : манаграфія / В. І. Рагаўцоў. — Магілёў: УА «МДУ імя А.А. Куляшова», 2012. — С. 128—138. — 260 с. — ISBN 978-985-480-808-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Тутэйшыя. Беларуская Палічка. Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2024. Праверана 2 красавіка 2025.
- Дзяніс Марціновіч. Адбываецца прэм’ера спектакля «Тутэйшыя»(недаступная спасылка). 90’s. Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2019. Праверана 2 красавіка 2025.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2025 года Беларускай Вікіпедыі. |
