Міла Ёвавіч
| Міла Ёвавіч | |
|---|---|
| укр.: Мілла Йовович серб. кір.: Мила Јововић сербахарв.: Mila Jovović | |
| | |
| Імя пры нараджэнні | Міліца Богданаўна Ёвавіч |
| Дата нараджэння | 17 снежня 1975[1][2] (50 гадоў) |
| Месца нараджэння | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Bogdan Jovovich[d] |
| Маці | Galina Jovovich[d] |
| Муж | Paul W. S. Anderson[d] |
| Дзеці | Ever Anderson[d], Dashiel Edan Anderson[d] і Osian Lark Elliot Jovovich-Anderson[d] |
| Прафесія | актрыса |
| Кірунак | поп-музыка, фолк-рок, альтэрнатыўны рок і софт-рок[d] |
| IMDb | ID 0000170 |
| millaj.com (англ.) | |
Міла Ёвавіч (поўнае імя Міліца Багданаўна Ёвавіч; англ.: Milla Jovovich, нар. 17 снежня 1975[1][2], Кіеў[3]) — амерыканская актрыса, спявачка, мадэль і мадэльер.
Жыццяпіс
[правіць | правіць зыходнік]Маці, Галіна Логінава, пазнаёмілася з бацькам Багданам Ёвавічам у Кіеве, калі ён вучыўся на ўрача-тэрапеўта ў Кіеўскім медыцынскім інстытуце па праграме навучання для замежных студэнтаў[5][6][7]. Галіна Логінава скончыла школу ў Дняпры, потым у 1972 годзе скончыла Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, пасля атрымання дыплома вярнулася ва Украіну і працавала актрысай (1973—1980) на кінастудыі імя Аляксандра Даўжэнкі ў Кіеве[5][6]. Міла Ёвавіч першыя пяць гадоў пражыла ва Украіне: амаль год хадзіла ў дзіцячы садок у Дняпры[8], потым жыла з маці ў Кіеве на вуліцы Багамольца[6]. У студзені 1981 года яны эмігравалі ў ЗША, бацьку (сербу паводле паходжання) не далі візу ў СССР[5]. Але спачатку сям’я Мілы Ёвавіч жыла ў Лондане, і толькі потым у Сакрамента, пасля чаго пераехала ў Лос-Анджэлес (ЗША)[5][7]. Вышэйшай адукацыі Міла не атрымала, але кар’еру мадэлі пачала вельмі рана — у адзінаццаць гадоў.
Міла хадзіла ў дзяржаўныя школы ў Лос-Анджэлесе. Яна досыць хутка — за тры месяцы — вывучыла англійскую мову. Але ў школах іншыя дзеці ўсё роўна ставіліся да яе варожа, бо яе бацькі былі з Савецкага Саюза (што было выклікана новым абвастрэннем у халоднай вайне). У 1994 годзе яе бацька Багдан быў арыштаваны і асуджаны на 20 гадоў за фінансавыя махлярствы з медыцынскімі страхоўкамі, але правёў у турме толькі пяць гадоў і выйшаў на волю ў 1999 годзе (паводле слоў Мілы, турма пайшла яе бацьку на карысць і змяніла яго ў лепшы бок). Выхаваннем Мілы і яе прасоўваннем у шоу-бізнесе на пачатковым этапе займалася маці, якая потым і сама вярнулася ў кіно.
Акцёрская кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]У мадэльным бізнесе з 11 гадоў, спачатку з’явілася на вокладцы італьянскага часопіса «Lei» (1987). Пазней вядомы амерыканскі фатограф Рычард Аведан прапанаваў ёй фотасесію для часопіса «Mademoiselle». Калі рэдактар часопіса даведаўся пра ўзрост мадэлі, ён хутка прыбраў фатаграфію Ёвавіч. Толькі пасля папярэджання Аведана фатаграфіі былі вернуты. Праблема выкарыстання непаўналетніх у шоу-бізнесе на некалькі месяцаў стала тэмай для абмеркавання на амерыканскіх ток-шоу. Да таго моманту Міла з’явілася на вокладках 15 часопісаў. Яшчэ пад час вучобы ў сёмым класе 12-гадовая Міла кінула школу, каб канчаткова сканцэнтравацца на працы мадэлі. У 1994 годзе, калі Міле было 19 гадоў, яна атрымала грамадзянства ЗША.
Дэбют Мілы ў кіно адбыўся ў трынаццаць гадоў — яна з’явілася на экране ў ролі малодшай сястры гераіні Шэрылін Фен у «Зліцці двух месяцаў». Потым здымалася ў такіх кінафільмах, як «Вяртанне ў Блакітную лагуну» (1991, галоўная жаночая роля), «Кафс» (1992, галоўная жаночая роля); «Чаплін» (1992, адна з жонак Чарлі Чапліна, Мілдрэд Харыс); «Яго гульня» Спайка Лі (роля прастытуткі); і тэлефільме «Начны цягнік у Катманду» (студыі Дыснея). Самымі яркімі можна лічыць ролю Лілу ў «Пяты элемент» і Жанны д’Арк у фільме «Жанна д’Арк»; абедзве стужкі зняў Люк Бесон.
Міла Ёвавіч прыняла ўдзел у рэкламнай кампаніі Revlon «Самыя незабыўныя жанчыны свету». Яна заключыла кантракты з Hugo Boss, Guess, Calvin Klein; ганарары дасягалі 3 тысяч долараў за дзень. З 1998 года — твар L'Oréal.
У 2000 годзе на адкрыцці Берлінскага кінафестывалю адбылася прэм’ера новага фільма з удзелам Ёвавіч і Мела Гібсана — карціны Віма Вендэрса «Атэль „Мільён долараў“» паводле сцэнарыя саліста U2 Бона. Карціна атрымала прыз фестывалю — «Сярэбраны мядзведзь». У 2001 годзе Ёвавіч знялася ў камедыі Бена Стылера «Узорны самец».
Ёвавіч разам з мадэллю Кармен Хок з’яўляецца стваральніцай лініі адзення «Jovovich-Hawk». У 2004 годзе была самай высокааплатнай мадэллю, рэкламуючы касметыку L’Oreal. Паводле рэйтынгу часопіса Forbes, яе даход склаў 10,5 млн долараў (з улікам ганарараў за здымкі ў фільмах). У 2005 годзе Ёвавіч наведала Украіну для ўдзелу ў святкаванні 80-годдзя міжнароднага дзіцячага лагера «Артэк» у Крыме.
Знялася ў шасці баевіках «Прытулак зла» рэжысёра Пола Андэрсана. У сакавіку 2006 года выйшаў трылер «Ультрафіялет». У тым жа годзе адбыўся абмежаваны выпуск крымінальнай драмы «45-ы калібр».
На афіцыйным сайце Ёвавіч было абвешчана пра ўдзел у фільме Пола Верховена «The Winter Queen» паводле рамана Барыса Акуніна. 28 лютага 2007 года Верховен паведаміў, што назва фільма будзе заменена на «Азазель» (Азазель — дэман пустыні, паводле вераванняў старажытных яўрэяў). Новая назва, на яго думку, выклікае большую інтрыгу.
У 2009 годзе знялася ў эратычнай фотасесіі для часопіса «Purple Fashion», фатаграфаваў яе Марыа Сарэнці.
У 2010 годзе стала тварам спецыяльнай дабрачыннай сумкі ад Tommy Hilfiger, выпушчанай абмежаваным тыражом у падтрымку асацыяцыі Breast Health International. Арганізацыя займаецца праблемамі раку малочнай залозы ў жанчын.
У тым жа годзе знялася ў фільме «Выкрутасы», у якім сыграла разам з расійскімі акцёрамі Канстанцінам Хабенскім і Іванам Ургантам. Падчас прасоўвання фільма прыняла ўдзел у шоу «Пражэктарпэрысхілтан» (выпуск ад 19 лютага 2011).
У студзені 2019 года на кінафестывалі «Сандэнс» адбылася прэм’ера фантастычнай меладрамы «Райскія пагоркі», у якой Міла Ёвавіч сыграла адну з галоўных роляў.
Музычная кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]З дзяцінства займалася вакалам і ігрой на фартэпіяна, ігрой на электрагітары — з 13 гадоў, а гуказапісам — з 15 гадоў. Усяго Міла запісала два альбомы. У першы — «The Divine Comedy» — увайшоў запіс украінскай народнай песні «Ой у гаі, пры Дунаі» ў яе выкананні. У 1993 годзе саўндтрэкам да фільма «Пад кайфам і ў сумятні» стала яе «Песня чужынца» (англ.: The alien song). Пачаць музычную кар’еру ёй дапамог Крыс Брэнер.
У 1994 годзе Ёвавіч выпусціла свой першы музычны альбом «The Divine Comedy». Ёвавіч адправілася са сваім гуртам «Plastic Has Memory» у гастролі па Еўропе і ЗША.
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Выйшла замуж у 1992 годзе за Шона Эндруса, партнёра па фільме «Пад кайфам і ў сумятні». Тады Эндрусу быў 21 год, а Ёвавіч было толькі 16. Іх шлюб доўга не працягваўся, і ўсяго праз два месяцы яны разышліся[9]. Другі раз выйшла замуж за Люка Бесона, які быў старэйшы за яе на 17 гадоў, у Лас-Вегасе — ён лічыў яе сваёй музай. Іх вяселле запомнілася тым, што маладыя скокнулі з самалёта з парашутам. Але яны развяліся ў 1999 годзе. Яе муж — Пол Андэрсан; яны ажаніліся 22 жніўня 2009 года. У пары трое дзяцей — дочкі Эвер Габа Андэрсан (нар. 3 лістапада 2007), Дэшыел Ідэн Ёвавіч-Андэрсан (нар. 1 красавіка 2015) і Ошын Ларк Эліят Ёвавіч-Андэрсан (нар. 2 лютага 2020). Жыве ў Лос-Анджэлесе і Парыжы[10][11].
У 2017 годзе, на 5-м месяцы цяжарнасці, ёй зрабілі экстранны аборт з-за пагрозы заўчасных родаў.
На сваім афіцыйным сайце Ёвавіч публікуе ўрыўкі з дзённіка, у якіх расказвае пра розныя падзеі ў сваім жыцці. Яна выступае за легалізацыю марыхуаны і з’явілася на вокладцы часопіса «High Times». Міла займаецца баявымі мастацтвамі, у тым ліку джыу-джыцу.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 Milla Jovovich // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Milla Jovovich // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Deutsche Nationalbibliothek Record #130895326 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
- ↑ Kinorium Праверана 26 красавіка 2026.
- 1 2 3 4 Милла Йовович, биография (руск.).
- 1 2 3 Галина Логінова: Сьогодні Київ, наче весела дівчина, гарно вбрана і нафарбована (укр.). Україна Молода.
- 1 2 Интервью Галины Логиновой (руск.).
- ↑ Цікавий факт: голлівудська зірка Мілла Йовович майже рік ходила до дитячого садка Дніпра (укр.). dneprovskiye.info (29 студзеня 2022).
- ↑ Milla Jovovich (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2019. Праверана 1 жніўня 2025.
- ↑ From Milla (англ.)(недаступная спасылка). Millaj.com (7 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2013. Праверана 1 жніўня 2025.
- ↑ Milla Jovovich gives birth to baby girl, names her Ever (англ.)(недаступная спасылка). Times Daily (4 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2009. Праверана 1 жніўня 2025.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міла Ёвавіч