Мілка Трніна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мілка Трніна
Katarina Milka Trnina
Milka Ternina Tosca (cropped).png
У галоўнай ролі ў оперы «Тоска»
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Катарына Мілка Трніна
Дата нараджэння 19 снежня 1863(1863-12-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 мая 1941(1941-05-18) (77 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна Сцяг Харватыі
Музычная дзейнасць
Прафесіі
Пеўчы голас драматычнае сапрана
Інструменты голас[d]
Жанры опера
Калектывы Метраполітэн-опера
Джульярдская школа
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Мілка Трніна (харв.: Katarina Milka Trnina; 19 снежня 1863 — 18 мая 1941[1]) — харвацкая оперная спявачка, драматычнае сапрана. Выступала ў найбуйнейшых тэатрах Еўропы і ЗША. Крытыкі і публіка высока ацэньвалі яе голас і акцёрскае майстэрства, якое выявілася пры выкананні роляў у творах нямецкіх і італьянскіх кампазітараў. У 1906 годзе, на піку кар'эры, была вымушана пакінуць сцэну з-за хваробы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Катарына Мілка Трніна нарадзілася ў вёсцы Везішчэ (частка абшчыны Крыж). Навучанне спевам пачала ў прыватнага педагога Іды Вінтэрберн у Заграбе, працягнула ў Венскай кансерваторыі ў Ёзэфа Генбахера. Скончыла кансерваторыю з залатым медалём у 1883 годзе. Оперны дэбют адбыўся ў студэнцкія гады: у 1882 годзе Трніна спявала арыю Амеліі ў оперы Вердзі «Баль-маскарад».

Кар'ера[правіць | правіць зыходнік]

У пастаяннай трупе Трніна пачала працаваць у Лейпцыгу, затым у 1884 годзе перайшла ў оперную трупу Граца. Тут яна выступала два сезоны, удасканальваючы сцэнічнае мастацтва. Тым часам ярка выявілася яе адданасць оперы як сур'ёзнаму музычнаму жанру.

Дырыжор Антон Зайдль, уражаны патэнцыялам Трнінай, рэкамендаваў яе Брэменскай оперы з мэтай замены іншай вядомай драматычнай сапрана Катарыны Клафскі (ням.: Katharina Klafsky). У Брэмене Трніна ўпершыню ўдзельнічала ў пастаноўцы вагнераўскага цыкла «Пярсцёнак нібелунга». У 1890 годзе яе запрасіла Мюнхенская каралеўская опера, выступаючы ў якой на працягу некалькіх гадоў Трніна ўмацавала сваю рэпутацыю спявачкі вышэйшага класа і праявіла сябе як цудоўны выканаўца вагнераўскіх опер. З не меншым поспехам яна выступіла ў партыі Леаноры ў оперы Бетховена «Фідэліа».

У 1896 годзе ў Бостане адбыўся паўночнаамерыканскі дэбют Мілкі Трнінай. Яна выканала партыю Брунгільды ў оперы «Валькірыя». У 1898 годзе яна ўпершыню спявала на сцэне лонданскага Ковент-гардэна, выканаўшы партыю Ізольды ў оперы «Трыстан і Ізольда». Яе выступленні ў Каралеўскай оперы працягваліся да 1906 года, яна прыняла ўдзел у 98 розных оперных пастаноўках.

У 1899 годзе Трніна спявала партыю Кундры ў оперы «Парсіфаль» на Байрэйцкім фестывалі. Паводле Оксфардскага кароткага опернага слоўніка, гэта было яе адзінае выступленне ў Байрайце. 27 студзеня 1900 года адбыўся дэбют Мілкі Трнінай у Метраполітэн-опера ў Нью-Ёрку. Яна выканала партыю Элізабет у «Тангейзеры». Падчас плённага супрацоўніцтва з нью-ёркскай операй яна ўпершыню на амерыканскай сцэне пела партыю Кундры ў «Парсіфалі», аднак пастаноўка не была санкцыянавана сям'ёй Вагнера, з-за чаго спявачку больш ніколі не запрашалі ўдзельнічаць у байрайцкіх пастаноўках нягледзячы на ёй высокі прафесійны ўзровень.

Вядомым стала выступленне Трнінай у 1901 годзе ў галоўнай партыі оперы Джакама Пучыні «Тоска». Гэта пастаноўка Метраполітэн-опера вытрымала 18 паказаў. У папярэднім годзе Трніна ўпершыню спявала партыю Флорыі Тоскі ў Лондане, і Пучыні, які прысутнічаў на спектаклі, назваў яе выкананне ідэальным. Гэта зрабіла Трніну самай вядомай у англамоўным свеце выканаўцай гэтай партыі.

Канец кар'еры[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Мілцы Трнінай у Везішчэ

У 1906 годзе ў Мілкі Трнінай здарыўся параліч мышцаў твару. Пацярпела зона вакол вачэй. Хвароба не паддавалася лячэнню, і Трніна была вымушана пакінуць сцэну, знаходзячыся ў выдатнай прафесійнай форме. Некалькі гадоў яна выкладала спевы ў нью-ёркскай Джульярдскай школе, затым цалкам адышла ад міжнароднай музычнай сцэны і вярнулася ў Заграб. У Харватыі яна працягнула выкладанне, яе найбольш вядомай вучаніцай стала лірыка-драматычнае сапрана, зорка Метраполітэн-опера, Зінка Міланава.

Памерла Мілка Трніна ў 1941 годзе ў Заграбе ва ўзросце 77 гадоў. Камерцыйныя запісы яе голасу не захаваліся, аднак прыклад яе спеву можна пачуць у запісах на «цыліндрах Мэплсана (англ.: Mapleson Cylinders)», зробленых падчас выступленняў у Метраполітэн-опера ў пачатку XX стагоддзя. Гэтыя запісы былі выпушчаны на кампакт-дыску кампаніяй Symposium Records (нумар у каталогу — 1284).

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У гонар спявачкі названы вадаспад на Плітвіцкіх азёрах[2].

Зноскі

  1. Milka Trnina (харв.) . hrt.hr. Croatian Radiotelevision (19 снежня 2012). Праверана 8 красавіка 2014.
  2. Plitvice: Milke Trnine Slap - European waterfalls (en-US). European waterfalls. Праверана 13 мая 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • David Ewen, Encyclopedia of the Opera: New Enlarged Edition. New York; Hill and Wang, 1963.
  • Harold Rosenthal and John Warrack, The Concise Oxford Dictionary of Opera, second edition. London; Oxford University Press, 1980.
  • Richard Somerset-Ward, Gods and Angels, New Haven and London; Yale University Press, 2004.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.