Міндоўг

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Міндоўг
ст.-рус.: Мидогъ, Миндогъ
Seal of Mindaugas.jpg
Фрагмент пячаткі, якая прыпісваецца Міндоўгу пад 1255 г., з выявай караля на стальцы.
1-ы кароль Літвы
1253 — 1261
Каранацыя: 29 чэрвеня 1253
Папярэднік: пасада заснавана
Пераемнік: пасада скасавана
Наследнік: Войшалк
1-ы вялікі князь літоўскі
канец 1240-х — 1263
Папярэднік: пасада заснавана
Пераемнік: Транята
Наследнік: Войшалк
 
Веравызнанне: паганства; з 1246 праваслаўе?
з 1250/1251 каталіцтва, адмовіўся ў 1261
Нараджэнне: ~1195
Смерць: 1263({{padleft:1263|4|0}})
Дынастыя: Міндоўгавічы(укр.) бел.
Бацька: князь літоўцаў, імя невядома
Маці: імя невядома
Жонка: 1) імя невядома (паводле В. М. Тацішчава, княжна цвярская[1])
2) Марта (удава князя Вішымута Булевіча)
3) Агна (сястра Марты)
Дзеці: сыны: Войшалк, Рукля, Рупейка;
дачка: імя невядома, жонка Шварна Данілавіча
 
Ваенная служба
Гады службы: зг. у 12361260
Прыналежнасць: Літва, ВКЛ
Званне: князь, вялікі князь
Камандаваў: літоўскае войска, войска ВКЛ
Бітвы: войны з Галіцка-Валынскім княствам (12491254), Залатой Ардой (1257), Лівонскім ордэнам (1261) і інш.

Міндоўг (Мендог, каля 1195 — 12 верасня[2] 1263) — першы вялікі князь (кан. 1248—1253 і 1261—1263) Вялікага княства Літоўскага, першы і апошні[3] кароль літоўскі (1253—1261).

Княжэнне Міндоўга прыйшлося на пачатак утварэння новай цэнтралізаванай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, якое першапачаткова ўключыла ў сябе ўсходнеславянскія і балцкія землі ў Панямонні (якія цяпер уваходзяць у Рэспубліку Беларусь і Літоўскую Рэспубліку). Гэты працэс адбываўся ў сярэдзіне XIII ст. — у складаны час, калі ў выніку пагрозы з боку Лівонскага ордэну і мангола-татарскага нашэсця склаліся цяжкія ўмовы для існавання славянскага і балцкага насельніцтва. Такія абставіны вымушалі Міндоўга шукаць шляхі для ўмацавання сваёй дзяржавы і неаднойчы змяняць саюзнікаў.

У гісторыі Літоўскай Рэспублікі ВКЛ з'яўляецца княствам, з якога пачалася літоўская дзяржаўнасць, а Міндоўг — першым правіцелем літоўскай дзяржавы. У гісторыі Рэспублікі Беларусь, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з больш ранніх Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы правіцель ВКЛ — дзяржавы, якая ў далейшым ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, Літвы і шэраг суседніх зямель.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Старонка Хронікі Лівоніі. XIII ст.

Паводле надзейных крыніц паходжанне Міндоўга дакладна невядома. Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка (каля 1290) паведамляе толькі, што бацька Міндоўга быў «вялікі кароль» (könig gros) — магчыма, гэта значыць, што яму былі падначалены «меншыя» князі. Аднак імя не названа. Гісторык В. Л. Насевіч лічыць верагодным, што бацькам Міндоўга быў князь літоўскі Даўгерутэ, які неаднаразова ўзгадваецца ў «Хроніцы Лівоніі» (XIII ст.).

Легендарныя творы паходжанне Міндоўга апісваюць па-рознаму. Паводле радаводу з Васкрасенскага летапісу (XVI ст.), Міндоўг паходзіць з роду полацкіх князёў Ізяславічаў (Рагвалодавічаў), а яго бацькам быў Маўкольд Расціславіч. Паводле аднаго з позніх паданняў, Міндоўг паходзіў са старажытнарымскага роду Палямонавічаў, які прыйшоў з аднаверцамі пасля арыянскага расколу ў хрысціянстве на берагі Балтыйскага мора. У «Хроніцы Быхаўца» (XVI ст.) бацькам Міндоўга названы Рынгольд, міфічны літоўскі князь з Палямонавічаў.

Імя[правіць | правіць зыходнік]

У крыніцах імя князя сустракаецца ў розных формах — ст.-рус.: Мидогъ, Мендогъ, Минъдовгъ; лац.: Mindowe; ням.: Myndowen. На думку літоўскага гісторыка Т. Баранаўскаса, імя Міндоўг утворана ад літоўскіх слоў mintis (думка) і daug (шмат), і азначае «той, хто шмат думае».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Княжанне ў літоўскай зямлі[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Міндоўг згадваецца ў Галіцка-Валынскім летапісы ў канцы 1219 года[4] пад імем Мидогъ разам з братам Даўспрункам, як чацвёрты з пяці старэйшых літоўскіх князёў, якія разам з іншымі 16-цю літоўскімі князямі — жамойцкімі, дзяволцкімі, Рушкавічамі і Булевічамі — заключылі мір з галiцка-валынскiмi князямi Данілам і Васількам Раманавічамі:

«Бж҃иимъ повелениемь . прислаша кнѧзи Литовьскии . к великои кнѧгини Романовѣ . и Данилови и Василкови . миръ дающе бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи се старѣшеи . Живинъбоудъ . Давъѧтъ . Довъспроункъ . братъ его Мидогъ.» (Ст.-рус.)

Галіцка-Валынскі летапіс Іпацьеўскім спісе, 1420-я гады)[5].

Да сярэдзіне 1230-х г. Міндоўг дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў землях Літвы або значнай яе часткі. Вясною 1238 года[6] «Літва Міндоўга» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які накіроўваў яе і князя Ізяслава Новагародскага ваяваць супраць польскага князя Конрада І Мазавецкага[7].

У сярэдзіне ліпеня 1245 года Даніла пасылае да Міндоўга па дапамогу супраць венграў, Міндоўг паслаў войска, але яно не паспела да вырашальнай бітвы пры Яраславе 17 ліпеня 1245 года.

Утварэнне ВКЛ і пачатак княжання ў ім[правіць | правіць зыходнік]

Міндоўг. Уяўны партрэт, гравюра з кнігі А. Гваньіні «Апісанне еўрапейскай Сарматыі», 1578.

Неўзабаве Міндоўг далучыў да сваіх уладанняў Навагародскую зямлю, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны Міндоўга з Данілам сталі варожымі.

Першапачаткова тэрыторыя дзяржавы ўключала ў сябе славянскія землі ў Верхнім Панямонні (з гарадамі Навагародак, Ваўкавыск, Гародня, Слонім) і балцкія землі ў сярэднім цячэнні р. Вілія (дзе пазней будзе заснаваны г. Вільня).

У познім Густынскім летапісы (XVII ст.) паведамляецца пра хрышчэнне Міндоўга каля 1246 года ў праваслаўе, але звестак пра гэта ў больш ранніх крыніцах няма. Наадварот, паводле Галіцка-Валынскага летапісу Міндоўг заставаўся паганцам да прыняцця каталіцкага хрышчэння.

Вайна 1249—1254 гадоў і каранацыя[правіць | правіць зыходнік]

Була Папы рымскага Інакенція IV пра хрышчэнне і каранацыю Міндоўга. 1251.

У канцы 1248 года[8] Міндоўг захапіў у землях Літвы ўладанні сваіх пляменнікаў Таўцівіла Даўспрункавіча і Эдзівіда Даўспрункавіча — з-за іх даўняй варожасці да яго. Таўцівіл і Эдзівід збеглі да Данілы, жонкай якога была іх сястра. Да мяцяжу Таўцівіла і Эдзівіда далучыліся жамойцкі князь Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Узімку 1249—1250[8] Даніла ідзе вайной супраць Міндоўга да Новагародка. Таўцівіл з дапамогай Данілы ваюе з Міндоўгам увесь 1250 г.[8].

Хрышчэнне Міндоўга. Фрагмент карціны «Бласлаўлёны Віт» (якая паказвае біскупа Віта). Невядомы мастак XVII ст.

Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, Міндоўг і яго жонка ў пач. 1251 г.[8] прынялі каталіцтва, і ўжо з дапамогаю рыцараў Лівонскага ордэна Міндоўг працягваў ваяваць са сваімі пляменнікамі. Ён пайшоў у Жамойць да замку Цверамет, які належаў Выкінту — дзядзьку і саюзніку Таўцівіла і Эдзівіда. Цверамет ён узяць не здолеў, у сутычцы быў паранены ў сцягно, і адступіў з Жамойці ў Літоўскую зямлю. Таўцівіл пераследаваў яго, і Міндоўг зачыніўся ад пагоні ў замку Варута[9]. Міндоўг накіраваў з замка супраць Таўцівіла свайго шурына — князя Лугвена, пасля сутычкі Таўцівіл адступіў і звярнуўся па дапамогу да Данілы.

Узімку 1251—1252[8] Даніла дасылае вялікае войска, якое спусташае ўсе ўладанні Міндоўга. І хоць Міндоўг у адказ даслаў свайго сына (магчыма, Войшалка) ваяваць ваколіцы г. Турыйска, але быў змушаны пайсці на перамовы. Таўцівіл прыехаў да Данілы, відаць, каб пераконваць не заключаць мір. Ці то ўмовы, прапанаваныя Міндоўгам, не задаволілі Данілу, ці то аргументы Таўцівіла былі пераканаўчыя, але мір не быў заключаны, і ў кан. 1252[10] Даніла з вялікім войскам зноў пайшоў супраць Міндоўга да Новагародка.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «Палонія», 1824.

6 ліпеня 1253 г., ў дзень св. Пятра і Паўла[11] (або 29 ліпеня[12]), па даручэнні Папы рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваныя як кароль і каралева Літвы. Магчыма, каранацыя адбылася ў Новагародку. Гэта дазволіла Міндоўгу выйсці з вайны, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак. У 1254[10] сын Міндоўга — Войшалк — заключае мір з Данілам, выдае сваю сястру за яго сына Шварна і перадае гарады Новагародак, Ваўкавыск і Слонім іншаму яго сыну — Раману.

Падзеі пасля 1254 г.[правіць | правіць зыходнік]

Каля 1257 г. супраць Літоўскай дзяржавы быў наладжаны паход мангола-татарскага ваеначальніка Бурундая і галіцка-валынскі князёў, аднак Міндоўг здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіў поўны кантроль над Наваградскай зямлёй.

У 1260 годзе Міндоўг скасаваў дамову з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва, у выніку чаго згубіў правы на каралеўскi тытул. Ён пачаў разам з жамойтамі вайну з Лівонскім (Iнфлянцкiм) ордэнам, уступіўшы для гэтага ў саюз з наўгародскім князем Аляксандрам Яраславічам і іншымі рускімі князямі.

У 1260-х гадах Міндоўг карыстаўся неабмежаванай уладай, што выклікала незадаволенне і змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла і нальшчанскага Даўмонта. У выніку змовы ўвосень 1263[13] Міндоўг разам з двума малодшымі сынамі быў забіты.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Жонкі[правіць | правіць зыходнік]

Расійскі гісторык XVIII ст. В. М. Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка — старэйшага сына Міндоўга — была княжна цвярская. Тацішчаў мог карыстацца крыніцамі, якія не дайшлі да нашага часу, у існуючых зараз крыніцах няма звестак пра маці Войшалка і яго сястры.

  • Марта (? — ~1262, імя нададзенае пры хрышчэнні ў 1251 г., імя пры нараджэнні невядома). Паводле летапіснай згадкі, была ўдавой літоўскага князя Вышымута Булевіча, які быў забіты Міндоўгам, пасля чаго Міндоўг ажаніўся на Марце. Яе сыны былі найшмат маладзейшыя за іншых дзяцей Міндоўга — Войшалка і дачку.
  • Агна (?—?, імя паводле М. Стрыйкоўскага, сястра Марты, была жонкай князя нальшчанскага Даўмонта). Пасля смерці Марты Міндоўг ажаніўся на Агне (якая прыехала на пахаванне сястры) — быццам паводле завяшчання Марты, якая не хацела даверыць сваіх дзяцей нікому, акрамя Агны. Верагодна, гэта стала галоўнай прычынай удзелу Даўмонта ў змове супраць Міндоўга.

Дзеці[правіць | правіць зыходнік]

  • Войшалк (~12231267) — вялікі князь літоўскі ў 12641267, нашчадкаў не меў.
  • Дачка (?—?, імя невядома) — з 1254 жонка галіцка-валынскага княжыча Шварна Данілавіча (1230-я — 1270), князя холмскага ў 1264 — 1270, вялікага князя літоўскага ў 1267 — 1270, нашчадкаў не мела.

Сыны ў шлюбе з Мартай:

  • Рукля (?—1263),
  • Рупейка (?—1263).

Улада ў дзяржаве пасля Міндоўга[правіць | правіць зыходнік]

Пасаду вялікага князя заняў Транята. Аднак у 1264 г. ён быў забіты змоўшчыкамі — ранейшымі слугамі Міндоўга. Наступным вялікім князем стаў сын Міндоўга — Войшалк.

Вядомыя граматы Міндоўга[правіць | правіць зыходнік]

Сярод дакументаў, якія вядомы як граматы Міндоўга, ёсць як сапраўдныя (аўтэнтычныя), так і падробкі (фальсіфікаты). Адносна сапраўднасці некаторых грамат даследчыкі не маюць агульнага меркавання.

  • 1253 — на дазвол бязмытнага гандлю ў ВКЛ для рыжскіх купцоў; валодае ўсімі прыкметамі аўтэнтычнасці[14], але не мае агульных рысаў з іншымі граматамі; упершыню апублікавана Ф. Г. фон Бунге (Bunge[15] № 243).
  • 1253, ліп. — на дараванне Лівонскаму ордэну земляў у Жамойці; аўтэнтычная[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 252).
  • 1254 — на дараванне земляў літоўскаму біскупу Хрысціяну; аўтэнтычная[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 263).
  • 1255, кастр. — на дараванне Лівонскаму ордэну Селоніі; аўтэнтычная[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 286).
  • 1255, кастр. — да Папы рымскага па зацвярджэнне даравання Селоніі; аўтэнтычная[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 287).
  • 1257 — на паўторнае дараванне Лівонскаму ордэну земляў у Жамойці; фальсіфікат[14]; упершыню апублікавана Э. Рачыньскім (CDL[16] № 8).
  • 1257 — на дараванне Лівонскаму ордэну ўсёй Жамойці; фальсіфікат[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 294).
  • 1259, 7 жн. — на дараванне Лівонскаму ордэну Дайнавы, Скаловіі і Жамойці; аўтэнтычная[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 342).
  • 1260, сяр. чэрв. — на дараванне Літвы Лівонскаму ордэну ў выпадку безпатомнай смерці; фальсіфікат[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 354).
  • 1261, 7 жн. — на паўторнае дараванне Лівонскаму ордэну Селоніі (з апісаннем яе межаў); фальсіфікат[14]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 363).

Пячатка Міндоўга[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент пячаткі, які захаваўся.
Сучаснае ўзнаўленне паводле апісання 1393 г.[17]

Пячатка Міндоўга — гэта сярэднявечная пячатка, якая прымацавана да граматы Міндоўга, як караля Літвы, за кастрычнік 1255 г. аб перадачы Тэўтонскаму ордэну латвійскай зямлі Сэлія. Аб сапраўднасці гэтай граматы вядуцца навуковыя абмеркаванні. Калі яна з'яўляецца сапраўднай, то на пячатцы захавалася адзіная прыжыццёвая выява Міндоўга.

У маі 1393 г. папскі легат зрабіў падрабязнае апісанне пячаткі. Апісанне дакладна перадае той выгляд, які існуе і цяпер — акрамя шнуроў, якімі пячатка была прымацавана да пергаменту: паводле апісання, шнуры былі белы і жоўты, а цяпер яны белы і сіні.

Надпіс (легенда), дзе павінны знаходзіцца імя Міндоўга і тытул, амаль цалкам адколатая. Захаваўся толькі маленькі крыж, які паказвае пачатак тэксту легенды, і літара. Літара можа быць прачытана як M, D, або SІ. Згодна з апісаннем 1393 г., калі легенда была яшчэ цэлая, яна чыталася: + MYNDOUWE DEI GRA REX LITOWIE (лац.) — «Міндоўг Божаю ласкаю кароль Літвы».

Гістарыяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Міндоўг. Гравюра з кнігі А. Гваньіні «Апісанне еўрапейскай Сарматыі», 1578.

У гістарыяграфіі дасюль няма кансэнсусу па асноўных пытаннях біяграфіі Міндоўга, якія былі сфармуляваныя яшчэ З. Івінскісам[18] (1939): 1) ці належала Міндоўгу вызначальная роля ва ўтварэнні ВКЛ; 2) якое было паходжанне Міндоўга; 3) дзе была сталіца Міндоўга; 4) якія з грамат Міндоўга з'яўляюцца аўтэнтычнымі; 5) калі Міндоўг быў больш шчырым — прымаючы хрысціянства ці вяртаючыся ў паганства; 6) якая мусіць быць ацэнка яго дзейнасці з пазіцый сённяшняга часу.

У сярэдзіне 16 ст. Мацей Стрыйкоўскі заўважыў, што Міндоўг не застаўся ў літоўскай народнай памяці, у адрозненні ад шматлікіх іншых асоб — у т. л. міфічных, а згадваецца толькі на старонках рускіх летапісаў. Стрыйкоўскі быў здзіўлены гэтым фактам, бо лічыў, што Міндоўг больш варты памяці ў літоўцаў, як стваральнік літоўскай дзяржавы.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Гара Міндоўга, памятны знак. Навагрудак.

Літоўская Рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

  • Літва Дзень дзяржавы (дзень каранацыі караля літоўскага Міндоўга) 6 ліпеня — дзяржаўнае свята, з 1991.
  • Юбілейны медаль «750-годдзе каранацыі караля літоўскага Міндоўга» (мастакі Ю. Калінаўскас, Л. Калінаўскайтэ), 2003.
  • Юбілейны медаль у гонар 1000-годдзя назвы Літва з выявай караля Міндоўга (мастакі Ю. Калінаўскас, Л. Калінаўскайтэ).
  • Манета Банка Літвы «Міндоўг — кароль літоўскі», у серыі «Правіцелі Літвы», 50 літаў, серабро (дызайн: А. Закаўскас), 1996.
  • Манета Банка Літвы «Каранацыя Міндоўга», 200 літаў, золата, серабро (дызайн: П. Рэпсіс), 2003.

Сцяг г. Вільнюс. Вільнюс[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Міндоўгу. Вільня.

Сцяг г. Каўнас. Каўнас[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Татищев, В. Н. История Российская // ЛитМир — электронная библиотека. (Часть 3, глава 42.)
  2. Паводле звестак Т. Нарбута.
  3. Літоўцы таксама час ад часу называюць некаранаваным каралём Вітаўта, таксама ў пачатку 20 ст. была спроба пераўтварыць Літву ў каралеўства на чале з Міндаўгасам II.
  4. Грушевський М. Хронологія подій… С. 16.
  5. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. — Стлб. 736.
  6. Грушевський М. Цыт. арт. С.27-28.
  7. Насевіч, В. Міндоўг / В. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 144—145. ISBN 985-11-0141-9.
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 8,4 Грушевський М. Цыт. арт. С.35.
  9. Дакладная лакалізацыя гэтага замку пакуль не вызначаная.
  10. 10,0 10,1 Грушевський М. Цыт. арт. С.37.
  11. Паводле меркаваннія Т. Баранаўскаса.
  12. E. Gudavičius: Lietuva neturi monarchijos tradicijų (Партал DELFI)
  13. Грушевський М. Цыт. арт. С.43.
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 14,4 14,5 14,6 14,7 14,8 14,9 Аўтэнтычнасць падаецца паводле К. Малечыньскага: Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253—1261 // Ateneum Wileńskie. Wilno, 1936. R.11;
  15. Liv-, Est- uhd Curländisches Urkundenbuch, nebst Regesten /Ed. F. G. von Bunge. Bd.1 (1093—1300). Reval, 1853.
  16. Codex diplomaticus Lithuaniae. / Ed. E. Raczyński. Vratislaviae, 1845.
  17. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с.
  18. Ivinskis Z. Lietuvos istorija: iki Vytauto Didžiojo mirties. — Roma, 1978 (репринт: Vilnius, 1991).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]