Мінскае пагадненне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінскі пратакол
Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, накіраваных на імплементацыю мірнага плана
Тып дагавора пагадненне пра спыненне агню
Дата падрыхтоўкі 1 верасня 2014
Дата падпісання 5 верасня 2014
Месца падпісання Мінск
Увайшоў у сілу 5 верасня 2014
Страціў сілу 21 лютага 2022
Падпісалі Хайдзі Тальявіні (пасярэднік),
Леанід Кучма,
Міхаіл Зурабаў
Бакі (АБСЕ)
Украіна,
Расія
Умовы Вызваленне закладнікаў; вывад з Украіны расійскіх вайсковых злучэнняў і ўзбраення, таксама баевікоў і наймітаў; амністыя расійскіх пасобнікаў
Мова руская

Мінскае пагадненне — пагадненне аб спыненні агню паміж украінскім урадам і самаабвешчанымі рэспублікамі Данбаса (ДНР і ЛНР), якое было дасягнута ў Мінску 5 верасня 2014 года. Рэжым спынення агню ўступіў у сілу з 18:00 па мясцовым часе[1]. Таксама пагадненне ўключала ў сябе абмен палоннымі, захопленымі абедзвюма бакамі канфлікту. Агулам пратакол пагаднення змяшчаў 12 пунктаў.

22 лютага 2022 года Уладзімір Пуцін заявіў, што пасля прызнання Масквой Данецкай і Луганскай народных рэспублік Мінскіх пагадненняў больш не існуе.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

23 чэрвеня 2014 г. у Данецку прайшла першая сустрэча трохбаковай камісіі, у якой удзельнічалі Леанід Кучма, Міхаіл Зурабаў, Хайдзі Тальявіні, а таксама Віктар Медзвядчук, Алег Цароў і Аляксандр Барадай[2]. Бакі змаглі дамовіцца толькі аб спыненні агню да 27 чэрвеня[3]. На той перыяд прадстаўлены мірны план прэзідэнта П. Парашэнкі, які складаўся з 15 пунктаў і прадугледжваў вывад незаконных узброеных фарміраванняў з тэрыторыі Украіны, раззбраенне сепаратыстаў, частковую амністыю, аднаўленне работы мясцовых органаў улады пры абмежаванай дэцэнтралізацыі і захаванні правоў рускай мовы[4]. П. Парашэнка паведаміў, што звярнуўся да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай садзейнічаць у правядзенні ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе пры ўдзеле экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ. Украінскі бок прапанаваў украінскі бок прапануе вынесці на абмеркаванне кантактнай групы два пытанні: аб вызваленні ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў сепаратыстаў і аб забеспячэнні допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта Boeing 777[5].

Удзельнікі кантактнай групы[правіць | правіць зыходнік]

Склад пратакола[правіць | правіць зыходнік]

  1. Забяспечыць неадкладнае двухбаковае спыненне прымянення зброі.
  2. Забяспечыць маніторынг і верыфікацыю з боку АБСЕ рэжыму непрымянення зброі.
  3. Ажыццявіць дэцэнтралізацыю ўлады, у тым ліку шляхам прыняцця Закона Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» (Закон аб асаблівым статусе).
  4. Забяспечыць пастаянны маніторынг на расійска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы і верыфікацыю з боку АБСЕ са стварэннем зоны бяспекі ў памежных раёнах Украіны і Расійскай Федэрацыі.
  5. Неадкладна вызваліць усіх закладнікаў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца.
  6. Прыняць закон аб недапушчэнні пераследу і пакарання асоб у сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.
  7. Працягнуць інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог.
  8. Прыняць меры для паляпшэння гуманітарнай сітуацыі на Данбасе.
  9. Забяспечыць правядзенне датэрміновых мясцовых выбараў у адпаведнасці з Законам Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» (Закон аб асаблівым статусе).
  10. Вывесці незаконныя ўзброеныя фармаванні, ваенную тэхніку, а таксама баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Украіны.
  11. Прыняць праграму эканамічнага адраджэння Данбаса і аднаўлення жыццядзейнасці рэгіёна.
  12. Даць гарантыі асабістай бяспекі для ўдзельнікаў кансультацый[8].

Скасаванне пагаднення[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 2022 года на фоне вострага крызісу паміж Расіяй і шэрагам краін Захаду з-за патэнцыяльнай пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, звязанай з нарошчваннем расійскіх войскаў і ўзбраенняў паблізу расійска-ўкраінскай мяжы, кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР звярнуліся да Уладзіміра Пуціна з просьбай прызнаць незалежнасць рэспублік. Звароты падтрымалі ўсе члены Савета бяспекі, а 21 лютага 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў указы пра прызнанне незалежнасці і суверэнітэту рэспублік. 22 лютага 2022 года У. Пуцін заявіў, што пасля прызнання Расіяй Данецкай і Луганскай народных рэспублік Мінскіх пагадненняў больш не існуе. Паводле словаў У. Пуціна, Расія была вымушана прыняць рашэнне пра прызнанне ДНР і ЛНР з-за нібыта нежадання Украіны выконваць Мінскія пагадненні, якія фактычна былі «забітыя» задоўга да прызнання народных рэспублік Данбаса.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]