Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча
Military secondary school of Suvorov into Minsk1.JPG
Год заснавання 21 мая 1953
Тып ваенная акадэмія[d]
Размяшчэнне
mnsvu.org/index.php/opti…
Commons-logo.svg Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча на Вікісховішчы
Парад по случаю Дня независимости Белоруссии при участии авиации ЗВО (5).jpg

Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча — дзяржаўная сярэдняя спецыялізаваная навучальная ўстанова ў Мінску з ваенна-прафесійнай накіраванасцю навучання і выхавання, прызначаная для падрыхтоўкі сувораўцаў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і да далейшай ваеннай ці іншай дзяржаўнай службе. Размяшчаецца па вуліцы Максіма Багдановіча, 29.

У 1924—1937 гг. тут размяшчалася Аб’яднаная беларуская ваенная школа, якая была арганізавана на базе 81-х Мінскіх, 43-х Полацкіх пяхотных і 21-х Мінскіх кавалерыйскіх камандных курсаў. Да 1924 г. мела назву Мінская пяхотная ваенная школа, з 1924 г. — Аб’яднаная беларуская ваенная школа імя ЦВК БССР. Рыхтавала камандзіраў узводаў для стралковых часцей, а з 1924 г. і камандзіраў-артылерыстаў (пераважна для тэрытарыяльных беларускіх вайсковых фарміраванняў). Школай камандавалі героі Грамадзянскай вайны Я. Ф. Фабрыцыус (1922—1923) і Я. С. Алёхін (1933—1938). Летам 1933 г. перад яе навучэнцамі выступіў Старшыня ЦВК СССР М. І. Калінін. У 1937 г. перайменавана ў Мінскае ваеннае вучылішча імя М. I. Калініна, якое ў 1940 г. было рэарганізавана ў танкавае вучылішча імя М. I. Калініна. 26 чэрвеня 1941 г. вучылішча эвакуіравана ва Ульянаўск. Выхаванцамі школы былі Маршал Савецкага Саюза I. I. Якубоўскі, генералы арміі В. П. Маргелаў, В. А. Пянькоўскі і інш.

Будынак рэканструяваны ў 1953 г. па праекце архітэктара Г. Заборскага на аснове будынка былой духоўнай семінарыі, пабудаванага ў 19 ст. па праекце архітэктара А. Мельнікава[1]. У тым жа годзе ў будынку размясцілася Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча[1], створанае з мэтай выхавання дзяцей воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дзяцей сірот, бацькі якіх загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першы выпуск — у 1956 годзе.

У 2007/2008 навучальным годзе на першы курс прынята 103 курсанты. Тэрмін навучання зараз — 5 гадоў. Начальнік — палкоўнік Віктар Лісоўскі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак вучылішча
Двор вучылішча

Чатырохпавярховы з цокальным паверхам Ш-падобны ў плане будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Падоўжаны галоўны фасад расчлянёны 3 рызалітамі: плоскім у цэнтры і больш глыбокімі бакавымі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі з пінаклямі і скульптурнымі групамі (скульптар В. Папоў). Фасады надзелены гарызантальнай цягай на 2 часткі. Больш масіўная ніжняя частка мае адзінарныя аконныя праёмы і апрацаваныя рустам прасценкі. У верхняй частцы аконныя праёмы здвоеныя, прасценкі члянёны ордарнымі пілястрамі, на цэнтральным рызаліце — паўкалонамі. Будынак завершаны развітым антаблементам і невысокім атыкам. Унутраная планіроўка калідорная са зручна размешчанымі вучэбнымі і жылымі памяшканнямі. У цэнтры — вестыбюль з шырокай лесвіцай, фае і актавая зала. Будынак — помнік савецкай архітэктуры пасляваеннага перыяду з элементамі неарэнесансу[1].

Мемарыяльныя дошкі і помнікі[правіць | правіць зыходнік]

На будынку вучылішча ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар 81-х Мінскіх пяхотных камандных курсаў, Аб’яднанай Беларускай ваеннай школы і М. I. Калініну[1].

У 1984 г. у двары вучылішча ўстаноўлены бюст А. В. Суворава[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Т. В. Габрусь, В. М. Удальцоў 56. Будынак сувораўскага ваеннага вучылішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1988.— 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]