Мінская мужчынская гімназія
| Мінская мужчынская гімназія | |
|---|---|
| | |
| Заснавана | 1803 |
| Закрыта | 1919 |
| Тып | гімназія |
| Краіна | |
| Размяшчэнне | |
| Адрас | Мінск, Губернатарская вул., 21 |
Мінская мужчынская гімназія — сярэдняя навучальная ўстанова Расійскай імперыі ў Мінску.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У Гродзенскай і Мінскай губернях, далучаных да Расіі ў 1793—1795 гадах, ужо існавала 15 навучальных устаноў на ўзроўні сярэдняй школы, створаных Адукацыйнай камісіяй паводле статуту 1783 года; у тым ліку ў Мінску.
Мінская гімназія была заснавана на месцы губернскай школы, якая, у сваю чаргу, была адкрыта ў 1799 годзе, спачатку як губернскае вучылішча. У 1803 годзе атрымала найменне гімназіі[1]. Размяшчалася яна ў будынку прысутных месцаў на Саборнай плошчы.
У 1812 годзе гімназічныя будынкі былі заняты французскімі, а затым рускімі войскамі пад шпіталь.
У 1819—1822 гадах тут дзейнічала таемнае таварыства, статут якога напісалі Адам Міцкевіч і Тамаш Зан.
З 1833 года выпускнікам гімназіі нададзена права на атрыманне пачатковага чыну XIV класа пры ўмове здавальняючага ведання рускай мовы і славеснасці.
У 1838 годзе было забаронена выкладанне ў гімназіі на польскай мове.
У 1844 годзе для гімназіі архітэктарам К. Хршчановічам узведзены новы двухпавярховы каменны будынак на рагу вуліц Захар’еўскай і Губернатарскай вуліц.
У 1890 годзе ў гімназіі налічвалася 510 вучняў, у 1913 годзе — 640.
У жніўні 1915 — лютым 1918 года ў будынку гімназіі месціўся штаб Заходняга фронту рускай арміі, а сама гімназія 11 верасня 1915 года была эвакуіраваная ў Маскву, дзе 11 кастрычніка 1915 года аднавіла дзейнасць у памяшканні Педагагічнага інстытута імя П. Г. Шалапуціна. У жніўні 1918 года гімназія вярнулася ў Мінск.
У сакавіку 1919 года, згодна дэкрэту УЦВК ад 16 кастрычніка 1918 года «Аб сярэдняй адукацыі» Мінская гімназія была ператворана ў «Савецкую працоўную школу другой ступені № 2».
Будынак гімназіі, пабудованы ў 1844 годзе, паўразбураны ў Другую сусветную вайну і пасля вызвалення Мінска не адноўлены, канчаткова знесены ў 2-й палове 1940-х гадоў у працэсе рэканструкцыі вуліцы Леніна[2], на гэтым месцы сёння бульвар насупраць дамоў з нумарамі 9 і 11 па вуліцы Леніна.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак мужчынскай гімназіі быў пабудаваны ў 1844 годзе па праекце архітэктара Казіміра Хршчановіча ў стылі класіцызму. Мураваны прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Карнізны пояс падзяляў сіметрычны галоўны фасад на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам). Цэнтральная частка была вылучана рызалітам з галоўным уваходам, аформленым плоскімі лапаткамі. Рызаліт завяршаўся прамавугольным атыкам, вокны другога паверху аздабляліся паўцыркульнымі нішамі, на першым паверсе былі прамавугольныя. Планіроўка калідорная. З паўднёвага ўсходу да гімназіі быў прыбудаваны двухпавярховы корпус дабрачыннага мужчынскага пансіёна[2].
Дырэктары
[правіць | правіць зыходнік]Ганаровыя папячыцелі
[правіць | правіць зыходнік]- 1835—1838 — Ян Віктаравіч Любанскі (каля 1772 — пасля 1829)
- 1838—1847 — граф Канстанцін Ігнатавіч Тызенгаўз (1786—1853)
- 1847—1854 — граф Яўстах Піевіч Тышкевіч (1814—1873)
- 1854—1863 — Томаш Ануфрыевіч Наркевіч-Ёдка (1810—1886)
Вядомыя выпускнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Іасафат Агрызка (1826—1890) — удзельнік вызвольнага руху, выдавец, журналіст
- Іпаліт Васілеўскі (1839—1918) — расійскі журналіст і рэдактар, фельетаніст
- Усцін Мікалаевіч Галіневіч (1829—1893) — інжынер-архітэктар, ковенскі губернскі архітэктар (з 1877)
- Леў Вікенцьевіч Грынеўскі — калужскі губернскі архітэктар (з 1871)
- Бенедыкт Дыбоўскі (1833—1930) — славуты географ, заолаг, антраполаг
- Аляксандр Ельскі (1834—1916) — гісторык, літаратуразнавец, краязнавец, публіцыст
- Канстанцін Ельскі (1837—1896) — біёлаг, географ, геолаг і падарожнік.
- Браніслаў Залескі (1820—1880) — удзельнік вызвольнага руху, мастак, празаік.
- Тамаш Зан (1796—1855) — паэт, удзельнік вызвольнага руху
- Веньямін Яфімавіч Клячкін — расійскі інфекцыяніст
- Тадэвуш Корзан (1839—1918) — польскі гісторык і публіцыст
- Антон Луцкевіч (1884—1942) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч
- Іван Луцкевіч (1881—1919) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч
- Янка Лучына (1851—1897) — беларускі паэт і перакладчык
- Уладзімір Аляксандравіч Лучынскі — інжынер, архітэктар[4]
- Станіслаў Манюшка (1819—1872) -- кампазітар
- Мікалай Мінскі (Мікалай Максімавіч Віленкін; 1855—1937) — расійскі пісьменнік і публіцыст, рэлігійны філосаф
- Міхал Крыспін Паўлікоўскі (1893—1972) — польскі празаік, журналіст і мемуарыст.
- Фердынад Рушчыц (1870—1936) — мастак
- Усевалад Паўлавіч Савіч (1885—1972) — вучоны-ліхенолаг.
- Уладзімір Данілавіч Спасо́віч (1829—1893) — юрыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, крытык.
- Аляксандр Гаўрылавіч Старжынскі — інжынер-архітэктар, пензенскі губернскі інжынер[5]
- Яўстах Піевіч Тышкевіч (1814—1873) — археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак
- Ізраіль Абрамавіч Шабад (1870—1917) — расійскі ўрач-педыятр
- Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі; 1870—1936) — беларускі літаратар, перакладчык, літаратуразнавец, палітык
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Днём адкрыцця гімназіі лічыцца 24 студзеня; стагоддзе гімназіі святкавалася 11—12 снежня 1903 году — гл. Столетие Минской гимназии Архівавана 26 сакавіка 2014.
- ↑ а б Мінскай мужчынскай гімназіі будынак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Пятидесятилетие Петроградского историко-филологического института, 1867—1917. — С. 124. (руск.)
- ↑ Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 199 (руск.)
- ↑ Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 с. 325 (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мінскай мужчынскай гімназіі будынак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Столетие Минской гимназии // Вестник «Русская школа». — 1904. — № 2.
- Раюк, А. Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Гімназія ля скрыжавання Архівавана 1 ліпеня 2011..
- Мінскай мужчынскай гімназіі 210 гадоў Архівавана 4 сакавіка 2016..
- Анатолий Варавва. Феномен Минской Гимназии // Planetabelarus