Мінская праўда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Мінская праўда»
Арыгінальная
назва
Мінская праўда[2]
Тып газета
Заснавальнік Савет дэпутатаў Мінскай вобласці
Уладальнік Выканаўчы камітэт Мінскай вобласці
Краіна
Рэдактар Максім Кароткін[1]
Заснавана 1 лістапада 1950 (72 гады таму)
Палітычная прыналежнасць дзяржаўная
Мова беларуская, руская
Галоўны офіс Мінск, Савецкі раён, вул. Хмяльніцкага, д. 10а
Тыраж 15 000 (2017 г.)
Вэб-сайт mpravda.by

«Мінская праўда» — дзяржаўная газета Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1950 года Камуністычнай партыяй як орган Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. З 1995 года выступае адным з рупараў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Сярод заснавальнікаў газеты — Мінскі аблвыканкам[ru].

На 2017 год выходзіла двойчы на тыдзень у сераду і суботу з тыднёвым накладам у 30 тыс. асобнікаў, які быў найбольшым сярод выданняў Мінскай вобласці. Падпісны індэкс у аддзелах УП «Белпошта»: 63923[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

1 лістапада 1950 года Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі зацвердзіла Пастанову аб заснаванні абласной газеты «Мінская праўда» у якасці органа Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. Газета першапачаткова выходзіла на беларускай мове. З 1965 года рэдакцыя стала рыхтаваць для чытачоў у Мінску вячэрні выпуск газеты, на аснове якога ў 1967 годзе стварылі гарадскую газету «Вячэрні Мінск» (руск.: Вечерний Минск). У 1968—1972 гадах газета выдавала адмысловы выпуск пра будаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У большасці нумароў змяшчалі пастановы Выканаўчага камітэта Мінскай вобласці. Свае артыкулы ў газеце выдавалі дзяржаўныя дзеячы: старшыня Савета міністраў БССР Кірыл Мазураў (1953—1956), старшыні Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Цябут (1964—1975) і Мікалай Сухі (1975—1983), 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў (1965—1980), старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Іван Палякоў (1977—1985), 1-ы сакратар Мінскага аблкама КПБ Уладзімір Мікуліч (1977—1985), старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Малафееў (1996—2000) і член Савета Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Карчміт (1996—2004)[5].

З 1990 года газета пачала выходзіць і па-руску. З 2003 года газету сталі выдаваць у каляровым выглядзе з адмысловым выпускам «Моладзь Міншчыны». На 2012 год газета мела звыш 20 тэматычных дадаткаў. Выданне асвятляла пытанні аховы здароўя, адукацыі, жыллёвай гаспадаркі, заробкаў, пенсій і стыпендый, дзейнасці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, захавання помнікаў і народных звычаяў, сямейных каштоўнасцей і ўжытку беларускай мовы[6].

У 2014 годзе цана месячнай падпіскі на газету складала 30 000 рублёў ($2,92). Наклад газеты «Мінская праўда» складаў 22 тыс. асобнікаў. Выходзілі тэматычныя выпускі: «Абсяг» пра ахову прыроды, «Працоўны саюз» і «Міліцэйскі патруль». Тыднёвы наклад складаў 45 тыс. асобнікаў пры выхадзе нумароў тройчы на тыдзень у аўторак, чацвер і суботу[7].

Галоўныя рэдактары[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікалай Літвінаў (2010—2014)
  • Максім Кароткін (2017)

Абраза хрысціян, беларусаў і прапаганда нацызму[правіць | правіць зыходнік]

У час палітычнага крызісу, выкліканага фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіццём і катаваннем затрыманых пратэстоўцаў, Каталіцкі касцёл у Беларусі, які рашуча выступіў супраць гвалту, падвергся пераследу і атакоўваўся дзяржаўнай прапагандай. У нумары 68 ад 7 верасня 2021 года на першай старонцы газеты надрукавалі карыкатуру на каталіцкіх святароў і беларускую нацыянальную сімволіку, якой праілюстравалі анонс артыкула прапагандыста Льва Крыштаповіча «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?» (руск.: «Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов?»). На малюнку выяўляюцца каталіцкія святары у характэрным адзенні, свастыка, бел-чырвона-белы сцяг і словы беларускага хрысціянскага гімна «Магутны Божа» на фоне перакручанай рэплікі абраза росіцкіх пакутнікаў — святароў, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак мае подпіс на рускай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные…». Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы нацысцкай Германіі: «У чым меў рацыю Гебельс?» (руск.: «В чем был прав Геббельс?»). Беларускі каталіцкі касцёл даў афіцыйны адказ на гэтую публікацыю[8]:

" Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэсвітараў. Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёла. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці да фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным перакручваннем праўды, паклёпам і абразай». "

Раней прэс-сакратар Беларускага каталіцкага касцёла айцец Юрый Санько адзначыў, што згаданая карыкатура зневажае хрысціянскі крыж, што абражае ўсіх хрысціян прапагандай нацысцкай сімволікі[9].

Зноскі

  1. Кантакты(руск.), Газета «Мінская праўда» (2017). Праверана 13 лістапада 2017.
  2. https://mlyn.by/ob-agentstve/
  3. https://mlyn.by/contacts/
  4. Падпіска(руск.), Газета «Мінская праўда» (22 верасня 2014). Праверана 13 лістапада 2017.
  5. Пра газету(руск.), Газета «Мінская праўда» (2015). Праверана 13 лістапада 2017.
  6. Іван Стужка. Калі «МП» у вашым доме — усё пра Міншчыну вядома // Звязда : газета. — 12 чэрвеня 2012. — № 110 (27225). — С. 4. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  7. Рэклама(руск.), Газета «Мінская праўда» (22 верасня 2014). Праверана 13 лістапада 2017.
  8. Беларускі Касцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысціянам розных канфесій», Радыё Свабода, 7 верасня 2021 г.
  9. Прадстаўнік Беларускага касцёла пра публікацыю ў дзяржаўнай газеце: «Плюнулі ў твар мільёнам каталікаў», Радыё Свабода, 7 верасня 2021 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]