Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Утвораны 4(17) сакавіка 1917 паводле рэвалюцыі служачых Заходнефрантавога камітэта Усерасійскага земскага саюза(руск.) бел.. У гэты ж дзень абраны Часовы выканаўчы камітэт з 9 чал. (з 5 сакавіка — 11 чал.), старшыня — Б. П. Позерн.

8 сакавіка Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду пры ўмове захавання ім дэмакратычных всабод і падрыхтоўкі склікання Устаноўчага сходу. 10 сакавіка створаны аб'яднаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Яго друкаваным органам стала газета «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». Да красавіцкага крызісу палітычная лінія Мінскага Савета была ў рэчышчы агульнарасійскага дэмакратычнага руху. У пачатку мая пры Савеце арганізаваны дэмакратычны клуб, з мэтай асветы рабочых і салдат. У маі — пачатку чэрвеня адбыліся перавыбары (абрана 265 чал.; старшыня — Б. П. Позерн). Выканкам Савета складаўся з 36 чал., па 18 ад рабочых і салдат (пазней прапорцыя змянілася 16/20), з іх 23 сацыял-дэмакраты(руск.) бел., 13 эсэраў. З 5 членаў прэзідыума 4 былі бальшавікамі. З перавыбраннем Савета ўзмацніўся яго вайсковы склад, актывізаваліся бальшавікі, на пазіцыі якіх перайшоў і друкаваны орган Савета.

8 ліпеня 1917 старшынёй Мінскага Савета абранаы бальшавік І. Е. Любімаў. У ліпені з фракцыі сацыял-дэмакратаў выйшлі бальшавікі. Пры Савеце існавалі секцыі ваенная, рабочая, чыгуначная, культурна-асветная, рэдакцыйная, харчовая, фінансавая і інш. Выканкам Савета удзельнічаў у дзейнасці Камітэта рэвалюцыйных арганізацый (1331 ліпеня), у кампаніі па выбарах у гарадскую думу. 15 жніўня 1917 старшынёй Мінскага Савета абраны К. І. Ландар. У выніку перавыбараў (2-я палова верасня — пачатак кастрычніка) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных, 3 ад Паалей-Цыёна(руск.) бел. і Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі (АЯСРП)(руск.) бел.. Старшынёй застаўся Ландар. У складзе выканкома былі 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Створаны аддзелы ваенны, эканамічны, агітацыйны, культурна-асветніцкі, сувязі з іншагароднімі і інш. З сакавіка па кастрычнік 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета.

25 кастрычніка прэзідыум Савета пастанавіў утварыць рэвалюцыйны штаб з мэтай прадухілення магчымых беспарадкаў. 26 кастрычніка, даведаўшыся аб падзеях у Петраградзе, бальшавікі — члены прэзідыума ад імя выканкома выдалі «Загад № 1 да насельніцтва горада Мінска і яго наваколляў», дзе заяўлялася пра пераход улады да Мінскага Савета.

Вызваленыя з турмы і гаўптвахтаў салдаты (каля 800 чал.) былі аб'яднаны ў 1-ы Рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Пэўную дапамогу бальшавікам аказалі салдаты 37-га і 289-га палкоў, са складу якіх былі вылучаны каравулы, патрулі, нарады на пошіу, тэлефон, тэлеграф і ў штаб фронту. 27 кастрычніка выйшаў «Бюллетень Минского Совета рабочих и солдатских депутатов» з «Загадам № 1», «Дэкрэтам аб міры» і іншыя публікацыямі. У 2-й палове таго ж дня члены выканкома — небальшавікі асудзілі дзейнасць прэзідыума. Лідэры Савета былі вымушаны прызнаць уладу Камітэта выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту і накіравалі ў яго сваіх прадстаўнікоў. Па загаду Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту ў ноч на 2 лістапада ў Мінск прыбыў бліндзіраваны цягнік. Вечарам 2 кастрычніка адбылося пашыранае пасяджэнне Савета. Уся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Заходняга фронту, ядро якога складаў бальшавіцкі прэзідыум Савета. Да 25 студзеня 1918 існавалі настурныя аддзелы: па арганізацыі Чырвонай Гвардыі (разам з цэнтральным штабам), па арганізацыі РСЧА Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвай кааперацыі, працы, мяцовага самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. Паводле партыйнай прыналежнасці члены камісій былі ў пераважнай большасці бальшавікамі. 19 лютага кіраўніцтва Савета разам з іншымі бальшавіцкімі ўстановамі пакінула Мінск з прычыны наступлення германскіх войск.

Мінскі Савет пачаў адраджацца ў снежні 1918, калі напярэдадніэвакуацыі германскіх войск адбыліся выбары ў гарадскі Савет рабочых дэпутатаў. У выніку дамовы яго прэзідыума з ВРК Мінскай губерні да канца студзеня 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сяменчык, М. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 55 — 56. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Сяменчык, М. Я. Да пытання аб утварэнні Мінскага Савета ў 1917 г. / М. Я. Сяменчык // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. — 1995. — № 1. — С.
  • Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.