Абраз Маці Божай Мінскай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мінскі абраз Божай Маці)
Абраз Маці Божай Мінскай

Мінскі абраз Маці Божай, Мінская Адзігітрыя — адна з хрысціянскіх святынь на Беларусі. Іншыя назвы: Мінская ікона Прасвятой Багародзіцы[1], Мінскі абраз Божай Маці, Мінская Адзігітрыя. Размяшчаецца ў ківоце паўночнага нефа ў саборы Сашэсця Святога Духа. Намаляваны тэмперай па ляўкасе на драўлянай аснове з каўчэгам, яго памер 140x105 см. Паводле іканаграфіі, Мінская Адзігітрыя набліжаная да Цэсарскай. У сучасным выглядзе першапачатковы жывапіс знаходзіцца пад запісамі розных часоў. У 1990-я г. абраз адрэстаўрыраваны Пятром Журбеем, зняты найбольш грубыя запісы.

Адмыслова святкуецца дзень з’яўлення абраза ў Мінску 13 жніўня 1500 года паводле старога стылю (26 жніўня)[2]. Гэтае свята ўваходзіць у Святочную мінею[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пячатка з гербам Мінска 1591 года

У 2-м кандаку акафіста Мінскаму абразу Багародзіцы згадваецца: «Убачыўшы святы абраз Твой, Прачыстая, святым Лукой першапісаны, мовіла так: „Хай застанецца з гэтым абразом Мая мілата і сіла“»[4]. Кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч прывёз абраз Багародзіцы з Корсуні (Візантыйская імперыя) ў Крыме. Ад часу хрышчэння Русі ў 988 годзе абраз знаходзіўся ў Дзесяціннай царкве Кіева. У 1482 годзе падчас крымчацкага набегу на Кіеў (Вялікае Княства Літоўскае) вайскоўцы хана Менглі-Гірэя знялі з абраза́ Багародзіцы каштоўныя аздобы і кінулі яго ў Дняпро. 13 жніўня 1500 года абраз з’явіўся на Свіслачы насупраць Менскага замка. Менчукі заўважылі абраз па зіхатлівым святле і ўрачысна перанеслі яго ў сабор Нараджэння Багародзіцы[2]. У выніку на пакланенне да абраза́ ў Менск сталі прыяжджаць праваслаўныя хрысціяне з усіх ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага. Так ушаноўвалі толькі яшчэ 3 абразы́ Багародзіцы ў ВКЛ — Віленскі, Смаленскі і Эфескі. 12 студзеня 1591 года Менск атрымаў герб, які паказваў Багародзіцу на блакітным небе ў асяроддзі анёлаў[5].

Пасля прыняцца Брэсцкай уніі (1596) вакол царквы і абраза вялася барацьба паміж менскім магістратам і мітрапалітам М. Рагозам. 18 кастрычніка 1616 года ў дзень памяці апостала Лукі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі загадаў перанесці абраз у перабудаваны з драўлянага праваслаўнага ў мураваны храм базыльянскага манастыра Святога Духа, які ў 1795 годзе пераўтварылі ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор[5]. Менскія мяшчане прасілі дазволу пабудаваць новую царкву ў замку і перанесці ў яе цудатворны абраз. Дазвол на будаўніцтва Руцкі даў, але абраз пакінуў «на вечныя часы» ў царкве св. Духа, дзе ён і знаходзіўся пад апекай базыльян больш за два стагоддзі.

У 1733 годзе ўніяцкі архімандрыт Аўгусцін Любянецкі ахвяраваў 1000 талераў, на якія ў храме Святога Духа змясцілі капэлу для спеваў перад Менскім абразом Багародзіцы падчас набажэнства. Таксама зранку і ўвечары ў храме гралі гімны «Радуйся, Каралева» і «О, слаўная Спадарыня», якімі праслаўлялі Дзеву Марыю. У 1852 годзе жонка мінскага губернатара Фядота Шкларэвіча Кацярына Іванаўна Чэрапова[6] ахвяравала на аздобу абраза сярэбраную пазалочаную рызу з каштоўнымі камянямі і надпісам унізе, а над галовамі, аздобленую каронай з брыльянтамі. Напярэдадні Раства сярэбраную рызу абраза асвяціў мінскі епіскап Міхаіл Галубовіч. Таксама ў гонар Мінскага абраза Багародзіцы асвяцілі правую прыбудову Петрапаўлаўскага сабора, а перад абразом сталі служыць малебны[5]. У скарбонку каля абраза прыхаджане сталі класці ахвяраванні і лісты падзякі за вылячэнне[2]. У1878 годзе «Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» змяшчала наступную згадку Мінскага абраза Багародзіцы: «Вышыня 2 аршыны, шырынёй аршын і 5 з 1/2 вяршкоў, старажытнага візантыйскага пісьма, пісаны на драўлянай дошцы, пакрыты вычаканенаю з срэбра 84-й пробы паліраванай шатай; над абліччамі знаходзяцца сярэбраныя ж, пазалочаныя кароны; у кароне Маці Божай знаходзіцца 6, а ў кароне Прадвечнага Дзіцяткі 4 невялікіх дыяманты; ўся шата і кароны ў розных месцах упрыгожаныя рознакаляровымі стразамі»[5].

У жніўні 1900 года на святкаванне 400-гадовага юбілею здабыцця Мінскага абраза Багародзіцы прыбылі хросныя хады з Кацярынінскага сабора, Казанскай царквы, манастыроў Святога Духа і Святога Ператварэння. На плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам мінскі епіскап Міхаіл Цёмнарусаў здзейсніў святочны малебен перад некалькімі тысячамі прыхаджанаў. З 1912 года пры епіскапе Мітрафане Краснапольскім абраз сталі выносіць з сабору і ставіць на аналой для малебну 13 (26) жніўня[5]. 22 кастрычніка 1914 года расійскі імператар Мікалай II наведаў Петрапаўлаўскі сабор у Мінску, дзе пакланіўся Мінскаму абразу Багародзіцы[2]. Увесну 1922 года бальшавіцкі ўрад канфіскаваў каштоўную рызу з абраза. 10 жніўня 1927 года пры Мінскім абразе Багародзіцы зачыталі адозву Сабору Беларускай праваслаўнай царквы пра абвяшчэнне аўтакефаліі. У 1935 годзе савецкі ўрад перадаў Петрапаўлаўскі сабор ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на карысць Рускай праваслаўнай царквы абнаўленцаў. У выніку Мінскі абраз Багародзіцы перадалі ў краязнаўчы музей каля Дому афіцэраў. Уначы летам 1936 года бальшавіцкія ўлады падарвалі Петрапаўлаўскі сабор, абраз перададзены ў музей. Улетку 1941 года кіраўнік Мінскага гістарычнага музея Антон Шукелойць вярнуў абраз БАПЦ праз магілёўскага архіепіскапа Філафея. Яго рэстаўраваў іканапісец Гаўрыла Віер[5]. Абраз перанеслі ў сабор святой Кацярыны на Нямізе, які пераасвяцілі ў гонар святых Пятра і Паўла. У 1945 годзе абраз перанеслі ў сабор Сашэсця Святога Духа па закрыцці царквы на Нямізе, дзе ён і знаходзіцца ў ківоце ў паўночным нефе. У 1990-я гады Пётр Журабей адрэстаўраваў жывапіс Мінскага абраза Багародзіцы[2].

Ушанаванне[правіць | правіць зыходнік]

Трапар і кандак[правіць | правіць зыходнік]

На свята з’яўлення Мінскага абраза Багародзіцы 26 (13 па ст.ст.) жніўня выконваюць адмысловы трапар і кандак[7].

На водах Свіслачы / з'явілася Ты, Беззаганная Дзева,
ад Царграда да Кіева / богаратаванаму гораду Мінску ласку паказаўшы;
прасвяці нас грэшных ззяннем Сваім, / з'яві, як заўсёды, сілу Сваю,
уратуй нас заступніцтвам Сваім / і пазбаў ад напасцей варожых,
бо Цябе як неадольную сцяну і адзіную надзею маем мы.

—Трапар, спеў 6-ы

Падзяку прыносяць слугі Твае да Цябе, Багародзіца,
за ўсё, чым дабрадзейнічала Ты гораду нашаму,
з глыбіні душы клічам да Цябе:
не супыняй, Уладарка, да Сына Твайго й Бога нашага матчынымі малітвамі
падаваць усё добрае й выратавальнае
ўсім, хто з верай й любоўю ўсклікае да Цябе:
радуйся, Дзева, хрысціян хвала.

—Кандак, спеў 8-ы

Малітва[правіць | правіць зыходнік]

Перад Мінскім абразом Багародзіцы чытаюць адмысловую малітву[8].

О, Усяслаўная і Усядобрая Дзева Багародзіца,
Нябесная наша Заступніца!
Да Цябе пасля Бога, як Літасцівай Спадарыні,
саборна звяртаемся і спяваем:

прымі гэты малы хвалебны спеў,
захавай Богам сцеражоны горад (гэты) Мінск,
яму ж цудатворны абраз Твой
у радасць і суцяшэнне дадзены.

Дзеля гэтага молім Цябе:
барані нас ад ворагаў бачных і нябачных,
ад нашэсця іншапляменных і розбрату,
ад злых цяжкасцей і смутку,
ад спакусаў, бедаў і хвароб.

Выратуй і памілуй слугаў Тваіх:
Свяцейшых Усходніх Патрыярхаў Праваслаўных,
Правялебных мітрапалітаў, архіепіскапаў, епіскапаў,
увесь святарскі і манаскі чын,
і ўвесь клір царкоўны і вернікаў Царквы Беларускае.

Прымі пад Пакроў Свой улады і ваярства
Богазахаванай краіны Літвы-Беларусі нашай,
дай розуму і настаў іх правам кіраваць,
запаветы Божыя выконваючы,
каб мы ціхае й спакойнае жыццё пражылі
ва ўсялякай пабожнасці і чысціні.

О, Прачыстая Уладарка!
Не забудзь пра нас ва ўсе дні жыцця нашага
і хай суправаджае нас неадступна
абраз Твой шанаваны.

У час жа зыходу нашага
пралі цёплую Сваю малітву да Праўднага Суддзі,
каб Ён, пагрэбаваўшы незлічонымі правінамі,
памілаў і збавіў нас, як Добры й Чалавекалюбча.

Амін.

—Малітва да Багародзіцы перад Менскім абразом

Храмы[правіць | правіць зыходнік]

У Смалявічах (Мінская вобласць) дзейнічаў прыход храма Мінскай іконы Божай Маці[9]. У Мінску таксама існаваў храм Мінскай іконы Божай Маці, настаяцелем якога быў протаіерэй Аляксандр Страха[10].

Штосераду ў храме Кірылы Тураўскага ў Цэнтральным раёне Мінска (мікрараён Высокі Рынак) здзяйсняецца акафістны спеў Мінскаму абразу Багародзіцы[11]. 26 жніўня 2020 года барысаўскі епіскап Веніямін здзейсніў сваё першае пасля абрання беларускім экзархам набажэнства ў смалявіцкім храме Мінскай іконы Божай Маці[12].

Нумізматыка[правіць | правіць зыходнік]

27 снежня 2010 года Нацыянальны банк Беларусі выпусціў срэбную памятную манету «Ікона Прасвятой Багародзіцы „Мінская“» наміналам 20 рублёў. Дызайн манеты распрацаваў С. Заскевіч[13]. 19 снежня 2013 года Нацыянальны банк Беларусі выпусціў яшчэ 3 памятныя манеты "Ікона Прасвятой Багародзіцы «Мінская» серыі «Праваслаўныя цудатворныя іконы». У золаце манета мела намінал 1000 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 100 грам і тыраж 200 асобнікаў. Меншая залатая манета мела намінал 50 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 5 грам і тыраж 4000 асобнікаў. Срэбраная манета мела намінал 500 рублёў, 925-ю пробу стопка, вагу 500 грам і тыраж 500 асобнікаў. Пасярод пярэднага боку манеты размяшчаўся арнамент вінаграднай лазы, які абазначаў Багародзіцу. Пасярод арнамента знаходзіўся памятны крыж на Заслаўскім замчышчы (Мінскі раён) ў гонар 1000-годдзя Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Пасярод адваротнага боку (рэверса) манеты быў Мінскі абраз Прасвятой Багародзіцы. На сярэбранай манеце выявы німбаў Багародзіцы і Ісуса Хрыста, зоркі на вопратцы Багародзіцы і арнамент выканалі золатам. манеты адчаканілі з якасцю пруф на мынцы ў Германіі[14] (Карлсфельд, зямля Баварыя).

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Мінская ікона Прасв. Багародзіцы (Беларускія агульнацаркоўна і мясцова шанаваныя іконы Прасв. Багародзіцы)(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  2. а б в г д Аляксандр Ярашэвіч. Мінскі абраз Маці Божай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак. — С. 414—415. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  3. Царкоўныя святы і пасты(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  4. Акафіст Мінскай іконе Маці Божай (па-царкоўнаславянску)(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  5. а б в г д е Жыццяпіс Мінскай іконы Маці Божай(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  6. Чэрапава?
  7. Трапар і кандак Мінскай іконе Маці Божай(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  8. Малітва да Маці Божай перад Іконай Яе Мінскай(недаступная спасылка). Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (31 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 3 ліпеня 2021.
  9. У складзе Барысаўскай епархіі ўтворанае новае дабрачынне. Беларуская праваслаўная царква (14 мая 2017). Праверана 3 ліпеня 2021.
  10. Патрыяршы экзарх здзейсніў літургію ў храме Мінскай іконы Божай Маці горада Мінска. Беларуская праваслаўная царква (25 жніўня 2017). Праверана 3 ліпеня 2021.
  11. Напярэдадні Дня праваслаўнай моладзі мітрапаліт Павел узначаліў акафістны спеў Мінскай іконе Божай Мацыі ў дамавым храме Мінскай духоўнай акадэміі і пагутарыў са студэндамі МенДА. Беларуская праваслаўная царква (13 лютага 2019). Праверана 3 ліпеня 2021.
  12. Епіскап барысаўскі і мар'інагорскі Веніямін здзейсніў сваё першае богаслужэнне пасля абрання патрыяршым экзархам усяе Беларусі. Беларуская праваслаўная царква (26 жніўня 2020). Праверана 3 ліпеня 2021.
  13. Памятныя манеты «Ікона Прасвятой Багародзіцы «Мінская». Нацыянальны банк Беларусі (19 снежня 2013). Праверана 3 ліпеня 2021.
  14. Сяргей Куркач. Ікона Прасвятой Багародзіцы «Мінская» ў золаце і серабры // Звязда : газета. — 24 снежня 2013. — № 242 (27607). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]