Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж  (МДАБК)
Лагатып каледжа
Арыгінальная назва УА «Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж»
Год заснавання 1921
Тып Установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск
Адрас 220034, г. Мінск, вул. Змітрака Бядулі, 7
mgask.org

Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж (МДАБК) — сярэдняя спецыяльная адукацыйная ўстанова ў Мінску. Размешчаны па адрасе вул. Змітрака Бядулі, 7.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1921 года рашэннем Глаўпрафадукацыі БССР у Мінску быў адкрыты будаўнічы тэхнікум з архітэктурным і дарожным аддзяленнямі. Першым дырэктарам быў прызначаны Віктар Барысавіч Гурэвіч. Для размяшчэння тэхнікума быў адведзены будынак былой Марыінскай гімназіі, які размяшчаўся на вул. Падгорнай, 37 (цяпер вул. К.Маркса, 29). Заняткі ў тэхнікуме пачаліся 1 лістапада 1921 г., а ўрачыстае адкрыццё новай навучальнай установы адбылося 13 лістапада 1921 г.

Тэарэтычная падрыхтоўка навучэнцаў спалучалася з практычнымі заняткамі, якія праводзіліся ў навучальных майстэрнях, а затым на прадпрыемствах і будоўлях, каб па заканчэнні навучальнай установы будучыя тэхнікі маглі праектаваць нескладаныя збудаванні, ажыццяўляць кіраўніцтва працамі. Аднак у дзейнасці тэхнікума адбыўся вымушаны перапынак.

У студзені 1922 г. тэхнікум быў закрыты з-за адсутнасці сродкаў. Аднавіў працу ў 1926 г., тады ж ён быў пераназваны ў Мінскі архітэктурна-дарожна-будаўнічы тэхнікум. Першы выпуск склаў усяго 13 чалавек. У лістападзе 1926 г. пры Мінскім архітэктурна-дарожна-будаўнічым тэхнікуме быў адкрыты двухгадовы вячэрні рабочы тэхнікум з архітэктурна-будаўнічым і механічным аддзяленнямі, які праз два гады быў пераведзены ў Віцебскі палітэхнікум. 15 чэрвеня 1927 г. адбыўся другі выпуск тэхнікума, арганізавана выстаўка 28 дыпломных прац выпускнікоў.

У красавіку 1928 г. Мінскі архітэктурна-дарожна-будаўнічы тэхнікум быў аб'яднаны з Мінскім дзяржаўным гідратэхнічным тэхнікумам і ператвораны ў Мінскі дзяржаўны палітэхнікум. У верасні 1930 г. рэарганізаваны ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, падпарадкаваны ВСНГ БССР.

У 1934 г. тэхнікум атрымаў новы будынак па вул. К.Маркса, 3, дзе знаходзіўся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. За даваенны перыяд тэхнікум падрыхтаваў 2500 спецыялістаў па прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў тэхнікуме налічвалася прыблізна 1200 навучэнцаў, калектыў выкладчыкаў складаў каля 60 чалавек. У час вайны тэхнікум быў разбураны.

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Мінскі будаўнічы тэхнікум адроджаны прыказам Усесаюзнага камітэта па справах вышэйшай школы пры СНК СССР пры Міністэрстве жыллёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР № 594 ад 26 ліпеня 1945 г. Тэхнікум не меў свайго будынка, заняткі праводзіліся ў СШ № 35 па вул. Асаавіяхімаўскай (цяпер вул. Магілёўская,7). У сувязі з гэтым заняткі даводзілася праводзіць пасля 16 гадзін, а заняткі па фізкультуры праводзіліся ў спартзалах СШ № 33 (па вул. Маскоўскай) і Доме Афіцэраў. У першым паваенным наборы 90 навучэнцаў былі прыняты на спецыяльнасць «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Пры тэхнікуме меўся інтэрнат, які размяшчаўся ў трох бараках, два з якіх былі пабудаваны ў 1945 г., а адзін сіламі навучэнцаў у 1948 г.

У 1951 г. тэхнікум рыхтаваў спецыялістаў па архітэктуры, прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве, цеплазабеспячэнні і вентыляцыі. З 1953 г. пачалі працаваць дзённае і вячэрняе аддзяленні. У жніўні 1954 г. адкрыты чатырохпавярховы навучальны корпус па вул. Галантарэйнай, 7 (цяпер вул. Змітрака Бядулі, 7). У 1956 г. тэхнікум ужо меў два навучальныя карпусы агульнай плошчай 2500 м². Былі абсталяваны навучальныя майстэрні. У 1966 г. Мінскі будаўнічы тэхнікум быў ізноў ператвораны ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.

У сярэдзіне 1960-х гг. у тэхнікуме з'явіліся першыя пяць замежных навучэнцаў з Малі. У сярэдзіне 1970-х гг. у тэхнікуме навучаліся 127 чалавек з Манголіі, Чылі, Сірыі, Анголы, Афганістана і іншых краін.

У 1990-я гг. былі адкрыты новыя спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль», «Камерцыйная дзейнасць», «Эканоміка і кіраванне прадпрыемствам», «Дызайн». Частка навучання пераведзена на платную аснову.

2 лютага 2000 г. загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 61 Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум быў ператвораны ў Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж.

Спецыялізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Каледж вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасцях:

  • Архітэктура
  • Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль
  • Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў
  • Дызайн
  • Камерцыйная дзейнасць
  • Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў
  • Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва
  • Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў
  • Эканоміка і арганізацыя вытворчасці

Дырэктарат[правіць | правіць зыходнік]

  • 1921—1934 — Віктар Барысавіч Гурэвіч
  • 1934—1941 — Ісак Майсеевіч Махліс
  • 1945—1948 — Сцяпан Рыгоравіч Чырскі
  • 1948—1955 — Пракоп Паўлавіч Краўцоў
  • 1955—1976 — Іван Аляксандравіч Станілевіч
  • 1976—1980 — Аляксандр Ігнатавіч Тамковіч
  • 1980—1989 — Уладзімір Якаўлевіч Канановіч
  • 1989—2018 — Іван Іванавіч Шостак
  • З 2018 — Надзея Станіславаўна Дзям’янавіч

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]