Мінскі краёвы гістарычны музей
| Мінскі краёвы гістарычны музей | |
|---|---|
| Профіль | гістарычны |
| Заснаваны | 1941 |
| Дата закрыцця | 1944 |
| Месцазнаходжанне | Мінск, былое Архірэйскае падвор'е |
| Дырэктар | Антон Антонавіч Шукелойць |
Мі́нскі краё́вы гістары́чны музе́й — былая музейная ўстанова, якая дзейнічала ў Мінску падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (1941—1944). Установа знаходзілася ў будынку былога Архірэйскага падвор'я.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У перадваенны час у будынку Архірэйскага падвор'я размяшчаўся Мінскі абласны сацыяльна-гістарычны музей. З пачаткам ваенных дзеянняў летам 1941 года эвакуіраваць яго калекцыі не ўдалося. Музей быў разрабаваны мясцовымі жыхарамі і першымі нямецкімі часцямі, а пазней мэтанакіравана спустошаны Аператыўным штабам рэйхсляйтара Розенберга. Найбольш каштоўныя калекцыі былі адабраны і вывезены ў Германію[1].
Насуперак рабаўніцкай палітыцы акупантаў, беларуская інтэлігенцыя рабіла захады па захаванні і выкарыстанні нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Восенню 1941 года музей аднавіў працу пад назвай Краёвага гістарычнага музея. Яго ўзначаліў беларускі этнограф, настаўнік і краязнавец Антон Шукелойць. Разам з ім на пасадзе мастака-рэстаўратара працаваў Гаўрыла Віер. На працягу 1941—1944 гадоў яны праводзілі элементарныя кансервацыйныя, рэстаўрацыйныя і ўліковыя работы з тымі калекцыямі, што засталіся ў Мінску. Супрацоўнікі здолелі ўпарадкаваць ацалелыя экспанаты і ладзілі выставы[1][2].
Акрамя таго, музейныя супрацоўнікі ішлі на неардынарныя крокі для выратавання каштоўнасцей. Так, яны перадавалі культавыя рэчы са збораў музея ў адноўленыя праваслаўныя і каталіцкія храмы, тым самым ратуючы іх ад знішчэння або вывазу ў Германію[2].
Эвакуацыя і лёс калекцый
[правіць | правіць зыходнік]З набліжэннем савецкіх войскаў у чэрвені 1944 года нямецкія ўлады пачалі прымусовую эвакуацыю музейных збораў. Калекцыі мінскага музея пад кіраўніцтвам нямецкага доктара Эмы Гаўпт былі вывезены ў горад Істэнбург ва Усходняй Прусіі, а затым перамешчаны ў замак Хёхштэт у Баварыі, куды звозіліся культурныя каштоўнасці, нарабаваныя нацыстамі ва Усходняй Еўропе[3][2].
У 1945 годзе замак Хёхштэт быў заняты амерыканскай арміяй, і высветлілася, што многія экспанаты моцна пашкоджаны. Пазней савецкая ваенная адміністрацыя ў Германіі адправіла з Хёхштэта ў БССР каля 15 тысяч музейных прадметаў. Яны былі перададзены на захаванне ў толькі што створаны Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Акадэмію навук БССР[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 Гужалоўскі 2004, с. 173.
- 1 2 3 Спадчына 2003.
- ↑ Гужалоўскі 2004, с. 173—174.
- ↑ Гужалоўскі 2004, с. 174.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гужалоўскі А. А. Музеі Беларусі (1941–1991 гг.). — Мінск: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2004. — 218 с. — ISBN 985-6372-34-8.
- Музеі Генеральнай акругі «Беларусь» (1941-1944) // Спадчына. — 2003. — № 4—5.