Мотавела

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Мотавела»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 6 лістапада 1945
Размяшчэнне Мінск, пр. Партызанскі, д. 8
Галіна машынабудаванне
Прадукцыя матацыкл, веласіпед, электраскутар
Абарот 77,528 млрд рублёў[1] (2014; $7,556 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак 1,171 млрд руб ($114,1 тыс)
Чысты прыбытак 1,119 млрд руб ($109,1 тыс)
Матчына кампанія «АТЭК» (Вена, Аўстрыя)
Сайт www.motovelo.by

«Мотавела» — найбуйнейшы ў Беларусі матацыклетна-веласіпедны завод, заснаваны ў Мінску ў 1945 годзе ў якасці веласіпеднага завода[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Матацыкл «Мінск» М1А

У снежні 1945 г. пачалася ўстаноўка абсталявання з заводу «Парасілавыя аўтамабілі»(англ.) бел. (ням.: Dampfkraftwagen, DKW) у Чопау(англ.) бел. (Савецкая зона акупацыі Германіі; цяпер Рудныя Горы(англ.) бел., зямля Саксонія, Германія). У маі 1946 года пусцілі першы цэх — рамонтна-механічны. Затым — электратэхнічны цэх. Увосень вырабілі першыя дэталі для веласіпеда. У чэрвені 1947 года сабралі першыя 10 веласіпедаў. У верасні, пасля выпрабаванняў і дапрацовак, веласіпед В-16 пусцілі ў серыйную вытворчасць. Да канца года вырабілі 6580 веласіпедаў «Бусел»(англ.) бел.. У 1950 г. прадалі 100-тысячны веласіпед. Тады ж пачаўся выпуск падлеткавых веласіпедаў «Арлёнак».

З 1951 года прадпрыемства атрымала назву Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод (ММВЗ), бо пасля ліпеня пачало выраб 125-кубовых матацыклаў пад таварным знакам «Мінск» (M1A). У 1955 годзе прадалі звыш за 400 тыс. веласіпедаў. У 1963 годзе пачаўся экспарт веласіпедаў за мяжу. З 1956 года Мінскі мотавелязавод асвоіў выраб матацыкла М1М. На 1967 год за 20 гадоў прадалі звыш за 8 млн веласіпедаў «Бусел». У 1970—1980 гадах прадпрыемства перабудавалі. У 1977 годзе пачаўся выпуск веласіпедаў са складной рамай на 20-цалёвых колах. У 1983 годзе збылі 18-мільённы веласіпед.

У 1990 годзе выпусцілі 220 тыс. матацыклаў. У 1992 годзе пачаўся выраб гульнявых веласіпедаў для бездарожжа(англ.) бел.. З 1993 года завод стаў калектыўным прадпрыемствам. На 1999 год вырабляў дарожныя матацыклы, горныя, гульнявыя і дарожныя веласіпеды з адкрытай, закрытай і складной рамамі для дарослых і падлеткаў, інвалідныя каляскі[3]. Тады ж прадпрыемства ператварылі ў ААТ «Мотавела».

У 2000 годзе пачаўся выпуск дзіцячых веласіпедаў на 16-цалёвых колах. У лютым 2003 года завод выпусціў першыя матацыклы з 4-тактавым рухавіком і электрастартарам[4]. Па выніках года прадпрыемства апынулася стратным у выніку павышэння мыта на веласіпеды ў В’етнаме да 40 %. На 2005 год асноўнымі рынкамі збыту былі Расія, Украіна, Таджыкістан, Кыргызстан, Афганістан і Нігерыя[5]. 30 снежня 2005 года А. Лукашэнка Указам № 645 перавёў завод у дзяржаўную ўласнасць (97 % акцый) за кошт падатковай запазычанасці ў 2,105 млрд рублёў ($976 тыс.)[6] і запазычанасці ў $4,903 млн за электрычнасць і абагрэў (90,75 %; перад «Мінскэнерга»), водазабеспячэнне і водаадвядзенне (9,25 %; перад «Мінскводаканалам»). Таксама паводле Указу, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь мела пазычыць заводу 14,6 млрд руб ($6,803 млн)[7] у 2006 г. і 3,7 млрд руб ($1,722 млн)[8] у 2007 г. пад 3 % гадавых да 30 снежня 2012 года. Выканаўчы камітэт Мінску меў укласці ў перааснашчэнне заводу 8,7 млрд руб ($4,054 млн) у 2006 г. і 8,6 млрд руб ($4,002 млн) у 2007-ым[9].

На 2007 г. за 60 гадоў прадалі звыш за 55 млн веласіпедаў «Бусел». Пачаўся выпуск квадрацыклаў і снегаходаў. 26 ліпеня 2007 года А. Лукашэнка Указам № 354 прадаў «Мотавела» (99,72 % акцый) за 15,635 млрд рублёў ($7,276 млн) аўстрыйскаму холдынгу «АТЭК»[10] (ням. ATEC) Аляксандра Мураўёва (нар. 1966), заснаванаму 25 верасня 2006 года ў Вене. Аплата мела ажыццяўляцца штогод з 1 студзеня 2008 г. роўнымі долямі па 3,127 млрд руб (1/5)[11]. На кастрычнік новы ўласнік перавёў на рахунак заводу $5 млн для сплаты запазычанасці і пачаў распродаж 5-месячнага складскога запасу веласіпедаў (165 тыс.). У 2008 г. пачаўся выраб 200-кубовага матацыкла М4 200. На 2010 года паставілі звыш за 6,5 млн матацыклаў «Мінск» у 45 краін. У 2011 годзе завод меў звыш за 1000 супрацоўнікаў і вырабіў звыш за 150 тыс. веласіпедаў[12].

6 верасня 2013 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў завод і запатрабаваў безумоўнага выканання планаў па развіцці «Мотавела», сярод якіх было абяцанне ўкласці ў развіццё кампаніі прынамсі 20 млн долараў і да 2012 года наладзіць выпуск 500 тысяч веласіпедаў і 30 тысяч матацыклаў у год[13]. У тым жа годзе дзяржорганы палічылі, што ўмовы выкананы, і разблакавалі акцыі «Мотавела», якімі аўстрыйская кампанія да гэтага распараджацца не магла. У тым жа годзе ATEC Holding прадала свой пакет акцый ATEC Investment[14].

29 красавіка 2015 года Мінгарвыканкам прызначыў у наглядальны савет «Мотавела» прадстаўніка дзяржавы[14]. 1 чэрвеня 2015 года Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі былі затрыманы ўладальнік прадпрыемства Аляксандр Мураўёў і яго топ-менеджары (усяго шэсць чалавек), якіх абвінавацілі ў вывадзе капіталу, і ў вывазе абсталявання, праблемах з функцыянаваннем прадпрыемства. Была ўзбуджана справа па ч. 3 арт. 424 КК Беларусі (Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі)[13][15]. Па інфармацыі прэс-службы КДК, ATEC Holding не толькі не выканаў свае абавязацельствы па развіцці завода, але і на шкоду прадпрыемству ліквідаваў існуючыя вытворчыя магутнасці. Колькасць працаўнікоў паменшылася з 2300 да 400 чалавек. Амаль 70 % плошчаў завода апынуліся закладзены пад крэдытныя абавязацельствы старонніх фірмаў, падкантрольных аўстрыйскаму інвестару, які не разлічваюцца па даўгах, і велазавод як гарант вяртання даўгоў мог страціць усе вытворчыя карпусы[13].

Улічваючы сітуацыю на «Мотавела», дзяржава была вымушана прыняць меры па абароне інтарэсаў працоўнага калектыва і захаванні брэнда велазавода. Главой дзяржавы была пастаўлена задача правесці тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемства, закупіць новае сучаснае абсталяванне. У пачатку чэрвеня 2015 новы наглядсавет зацвердзіў гендырэктарам прадпрыемства Мікалая Ладуцьку[13][14].

Неўзабаве пасля арышту Аляксандра Мураўёва было створана ТАА «Мотавелазавод», заснавальнікамі якога выступілі комплекс «Мінск-Арэна» і вопытна-механічны завод, галоўным акцыянерам якога з’яўляецца Мінгарвыканкам. Каб забяспечыць выпуск прадукцыі, «Мотавелазавод» узяў у арэнду за невялікую плату ў «Мотавела» вытворчыя лініі, якія засталіся на плаву ў адным зборачным цэху. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу захаваць брэнды «Бусел» і «Мінск»[16].

26 студзеня 2017 года эканамічны суд Мінска пачаў разглядаць іск аўстрыйскай кампаніі ATEC Investment, якая дагэтуль валодае каля 80 % акцый прадпрыемства і жадае прызнаць несапраўднымі ўсе рашэнні наглядсавета «Мотавела» ад 5 чэрвеня 2015 года, у тым ліку прызначэнне новага гендырэктара[14].

16 ліпеня 2017 года Эканамічны суд Мінска пачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве ААТ «Мотавела». Заяву ў суд падавало само ААТ «Мотавела» з прычыны ўстойлівай неплацежаздольнасці. На прадпрыемства быў прызначаны ахоўны перыяд да 5 кастрычніка 2017 года. Часовым кіраўнікам прызначана дырэктар ТАА «Антыкрызіснае кіраванне» Вольга Рачко[17].

20 красавіка 2018 года Эканамічны суд Мінска прызнаў ААТ «Мотавела» банкрутам і пачаў ліквідацыю. Працэдура павінна быць завершана да 20 снежня 2018 года. У рамках яе на продаж плануецца выставіць маёмасць ААТ «Мотавела» як маёмаснага комплексу[18]

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2014 год (руск.) , Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (29 мая 2015). Праверана 1 жніўня 2015.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год , Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь . Праверана 1 жніўня 2015.
  3. 3,0 3,1 Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.
  4. «Мінск» чатырохтактавы // Наша ніва : газета. — 14 лютага 2003. — № 6 (316). — С. 6. — ISSN 1819-1614.
  5. Яўген Васілеўскі. Хто збанкрутаваў мотавелязавод // Наша ніва : газета. — 2 снежня 2005. — № 45 (451). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  6. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2005 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 1 жніўня 2015.
  7. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2006 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 1 жніўня 2015.
  8. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2007 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 1 жніўня 2015.
  9. А.Лукашэнка Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2005 г. № 645 (руск.) . Валерый Леванеўскі (люты 2009). Праверана 1 жніўня 2015.
  10. Дэвальвацыі рубля пад патрэбы эканомікі не будзе. Газета «Звязда» (7 верасня 2013). Праверана 1 жніўня 2015.
  11. А. Лукашэнка Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2007 г. № 354 (руск.) . Прававая бібліятэка (кастрычнік 2008). Праверана 1 жніўня 2015.
  12. Мотавела. Часопіс «34» (20 сакавіка 2012). Праверана 1 жніўня 2015.
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 «Еще нужно до 10 млн долларов». «Мотовело» перейдет под крыло государства
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 Австрийский акционер оспорил назначение экс-мэра Минска директором «Мотовело»
  15. КГБ: Владельцы «Мотовело» обвиняются в выводе капитала и вывозе оборудования
  16. Лукашенко: «Мотовелозавод» ни при каких обстоятельствах закрывать нельзя
  17. Суд принял заявление о банкротстве «Мотовело» и отвел защитный период
  18. Суд признал ОАО «Мотовело» банкротом. Ликвидация — до 20 декабря 2018 года

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]