Мінскі электробус
Мінскі электробус — сістэма пасажырскага грамадскага электратранспарту ў Мінску, якая складаецца з электробусаў.
Пробная паездка першага электробуса ў Мінску адбылася 26 снежня 2016 года. Рэгулярны тэставы рух электробусаў у Мінску быў адкрыты 12 мая 2017 года па тралейбусных маршрутах № 43 і № 59. Гэтыя маршруты былі абраныя таму, што на той момант частка іх кантактнай сеткі не дзейнічала ў сувязі з рэканструкцыяй разваротнага кальца дыспетчарскай станцыі «Сярова» і з будаўніцтвам новай магістралі «Паўднёвая». У 2019 годзе электробусы пачалі абслугоўваць аўтобусны маршрут № 1, а на маршруты № 43 і 59 вярнуліся тралейбусы.
Станам на красавік 2024 года электробусы пастаянна абслугоўвалі аўтобусныя маршруты 1, 6, 17, 45, 50с, 60, 64, 75, 103, 139, 155, а таксама ў колькасці 1-2 адзінак з’яўляліся на маршрутах 2т, 43, 71, 69, 91, 135, 169, 195.
Рухомы састаў мінскіх электробусаў складаецца з машын беларускай вытворчасці, якія выпускаюцца на прадпрыемстве «Белкамунмаш» і Мінскім аўтамабільным заводзе. У 2017 годзе ДП «Мінсктранс» атрымала першыя 20 электробусаў асабліва вялікай умяшчальнасці E433 Vitovt Max Electro вытворчасці «Белкамунмаш». У 2018—2019 гадах «Белкамунмаш» паставіў яшчэ 28 мадэрнізаваных электробусаў мадэлі E433 Vitovt II Max Electro і 32 электробуса мадэлі E321 Сябар. У 2018—2019 гадах электробусный парк папоўніўся 9 электробусамі вытворчасці «Белкамунмаш» мадэлі Е321 Альгерд, а таксама 4 электробусамі мадэлі МАЗ 303Е10 вытворчасці МАЗ.