Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі
скарочана — МУС Расіі
Выява лагатыпа
Агульная інфармацыя
Краіна Расійская імперыя
Дата стварэння 1819
Папярэдняе ведамства Міністэрства паліцыі Расійскай імперыі
(1810—1819)
Дата скасавання 26 кастрычніка 1917 (8 лістапада 1917)
Заменена на НКУС РСФСР
Вышэйшае ведамства Савет міністраў Расійскай імперыі
Штаб-кватэра Дом 57, Набярэжная ракі Фантанкі, Петраград
Падведамны орган Дэпартамент паліцыі

Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі — орган дзяржаўнай выканаўчай улады Кабінета Міністраў Расійскай імперыі, які ажыццяўляў адміністрацыйна-распарадчыя функцыі ў сферах дзяржаўнай бяспекі, грамадскай бяспекі, аховы правапарадку, кіраўніцтва мясцовымі органамі ўлады, барацьбы са злачыннасцю, аховы месцаў пазбаўлення волі, дазвольнай сістэмы, цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі і кнігавыдання.

МУС Расійскай імперыі засяроджвала ў сваіх руках самыя разнастайныя задачы, як паліцыі бяспекі, так і паліцыі дабрабыту.

Будынак МУС Расіі[правіць | правіць зыходнік]

Будынак на набярэжнай Фантанкі ўзведзены ў 30-х гадах XIX стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара Карла Росі пры ўдзеле Язэпа Шарлемань, з’яўляецца складовай часткай ансамбляў плошчы Астроўскага з Александрынскім тэатрам, вуліцы Дойліда Росі і плошчы Ламаносава. З 1847 па 1917 год яго займала Міністэрства ўнутраных спраў. З 1925 года ў будынку размясцілася друкарня «Леніздат».

Гісторыя і функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з думкай графа Сперанскага, міністэрства павінна было клапаціцца аб прамысловых магутнасцях краіны і не займацца паліцэйскімі справамі. Гэты характар МУС змяніўся з далучэннем да яго ў 1819 г. Міністэрства паліцыі.

Наступныя змены ў агульным выніку пашыралі кампетэнцыю МУС, хоць яна часткова звужалася. Так, у 1826 г. «асаблівая канцылярыя» былога міністра паліцыі была выдзелена ў самастойнае III аддзяленне Уласнай Я. І. В. канцылярыі; апека аб дзяржаўнай і народнай гаспадарках збольшага адышла ў падпарадкаванне Міністэрстваў фінансаў і дзяржаўных маёмасцяў. З іншага боку, у 1832 г. да міністэрства ўнутраных спраў далучана, у выглядзе дэпартамента, галоўнае ўпраўленне духоўных спраў замежных спавяданняў, у 1862 г. перададзена ў вядзенне МУС цэнзура, у 1865 г., пры рэфармаванні Міністэрства шляхоў зносін, — справы будаўнічай паліцыі, у 1868 г. у яго склад увайшло скасаванае Міністэрства пошт і тэлеграфаў Расійскай імперыі, кіраванне якімі і раней, да 1830 г., таксама тычылася МУС.

У 1880 г. былое трэцяе аддзяленне Уласнай Я. І. В. канцылярыі далучана да МУС і міністру даверана кіраванне корпусам жандараў на правах шэфа жандараў. З 1843 г. МУС загадвае статыстычнай часткай, у 1861 г. пры ім утвораны асаблівы земскі аддзел; палажэнне 12 ліпеня 1889 г. аб земскіх участковых начальніках прадаставіла яму судовыя функцыі і функцыі судовага нагляду. Загадванне турэмнай часткай перададзена ў 1895 г. з МУС у Міністэрства юстыцыі. У 1880 г. было створана адмысловае Міністэрства, якое складалася з такіх разнастайных частак, як пошта і духоўныя справы замежных спавяданняў; але ўжо ў наступным годзе яно было скасавана, а яго справы аддадзены пад кіраванне МУС.

Асаблівае становішча МУС сярод іншых міністэрстваў абумоўліваецца не толькі шматлікасцю, разнастайнасцю і важнасцю яго функцый, але і той акалічнасцю, што яно кіруе перш за ўсё паліцыяй, а прымусовае выкананне ўсіх наогул распараджэнняў урада, да якога б міністэрства яны ні адносіліся, здзяйснялася звычайна паліцыяй.

Структура міністэрства[правіць | правіць зыходнік]

Міністру ўнутраных спраў дадзены два таварышы, правы якіх вызначаліся спецыяльнымі пастановамі. У 1895 годзе склад МУС быў наступным: савет міністра, утвораны на агульных падставах, але з некаторым адступленнем па справах земскага аддзела; галоўнае ўпраўленне пошт і тэлеграфаў; галоўнае ўпраўленне па справах друку, якое загадвала цэнзурай, а таксама наглядала за прамысловымі ўстановамі, якія адносяцца да друку, і за кніжным гандлем; земскі аддзел, медыцынскія дэпартамент і савет, дарадчы ветэрынарны камітэт, ператвораны ў красавіку 1901 года ў Ветэрынарнае ўпраўленне МУС Расійскай імперыі, статыстычны савет і цэнтральны статыстычны камітэт, тэхнічна-будаўнічы камітэт, канцылярыя міністра і дэпартаменты агульных спраў, гаспадарчы, паліцыі і духоўных спраў замежных спавяданняў.

Савет міністра складалі кіраўнікі дэпартаментаў, спецыяльна прызначаныя імператарам чыноўнікі, а таксама кіраўнікі ўсіх, акрамя праваслаўнай, рэлігійных канфесій Расіі[1].

Дэпартамент агульных спраў канкураваў з канцылярыяй міністра. Прадметы яго ведамства: справаводства па асабістаму складу МУС, інспектарская частка; справы па дваранскіх выбарах, па пытаннях аб правах стану, аб збудаванні помнікаў і аб адкрыцці для гэтага падпісак; загадванне архіўнай часткай усяго міністэрства і інш.

Дэпартамент паліцыі засяроджваў у сабе галоўнае загадванне справамі агульнай паліцыі; яму падпарадкоўваліся ўсе паліцэйскія органы ў дзяржаве. У прыватнасці, у падпарадкаванні гэтага дэпартамента знаходзіліся: справы аб раскольніках і наогул пра секты, якія ўзнікаюць у нетрах праваслаўнай царквы; справы аб дзяржаўных злачынствах; справы аб нядоімках, бо клопат аб спраўным паступленні падаткаў ускладаўся на агульную паліцыю; справы аб забеспячэнні замежнікаў відамі на пражыванне ў Расіі і пра высылку замежнікаў; справы па зацвярджэнню статутаў розных таварыстваў і клубаў і дазволу публічных лекцый, чытанняў, выстаў і з’ездаў, і многае іншае. У той жа час, асноўнымі службамі гэтага дэпартамента з’яўляліся вышукныя і ахоўныя аддзяленні.

Гаспадарчы дэпартамент ведаў справамі па народнаму харчаванню, грамадскаму прызрэнню, гарадскому грамадскаму кіраванню і земскай гаспадарцы, па зацвярджэнню царкоўных таварыстваў, брацтваў і папячыцельстваў, па выдаленню з мяшчанскіх таварыстваў заганных членаў, па дазволу навуковых з’ездаў і многімі іншымі. У 1894 г. у складзе гаспадарчага дэпартамента заснаваны асаблівы страхавы аддзел са страхавым пры ім камітэтам.

Дэпартамент духоўных спраў замежных спавяданняў ведаў, у якасці цэнтральнага ўстанаўлення, справамі каталіцкага веравызнання, армяна-грыгарыянскага і пратэстанцкіх, а таксама духоўнымі справамі мусульман, яўрэяў, караімаў і ламаістаў.

Друкаваны орган: Часопіс Міністэрства ўнутраных спраў.

Знакі адрознення і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Большую частку сваёй гісторыі Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі не мела дзяржаўных узнагарод, прызначаных спецыяльна для яго супрацоўнікаў. У 1876 годзе імператарам Аляксандрам II быў заснаваны медаль «За бездакорную службу ў паліцыі», прызначаны для паліцэйскіх і пажарных. У 1887 годзе імператарам Аляксандрам III быў заснаваны медаль «За бездакорную службу ў турэмнай варце» — для чыноў турэмнага ведамства, якое да 1895 года знаходзілася ў падпарадкаванні МУС[2].

Акрамя таго, за 115 гадоў існавання МУС Расійскай імперыі чыны гэтага ведамства ўзнагароджваліся многімі іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Напрыклад, вышэйшай узнагародай Расійскай імперыі — ордэнам Андрэя Першазванага былі ўзнагароджаны 22 вышэйшыя службовыя асобы міністэрства, нешматлікія з іх атрымалі ўзнагароду непасрэдна за паліцэйскую дзейнасць. Да іх можна аднесці начальніка жандармерыі А. Х. Бенкендорфа, генерал-губернатара Масквы Д. В. Галіцына, міністраў унутраных спраў Л. А. Пяроўскага, С. С. Ланскога, Д. А. Талстога[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

  • Міністры ўнутраных спраў Расіі
  • Ведамасныя акругі Расійскай імперыі
  • Тэхнічна-будаўнічы камітэт МУС (ТСК)
  • МУС СССР
  • МУС Расіі

Зноскі

  1. В. Ф. Некрасов и др. МВД России: энциклопедия. — ОЛМА -Пресс, 2002. — С. 12. — 623 с. — ISBN 5-224-03722-0.
  2. Рогов М. А. 2004, с. 21, 23.
  3. Рогов М. А. 2004, с. 16.