Міраслаў Іван Любачыўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міраслаў Іван Любачыўскі
Герб
Вярхоўны Архіепіскап Львоўскі, мітрапаліт Галіцкі, епіскап Камянецкі
8 верасня 1984 — 14 снежня 2000
Царква Украінская Грэка-Каталіцкая Царква
Папярэднік Іосіф Сляпы
Пераемнік Любамір Гузар
Кардынал з тытулам Санта Сафія а Віа Баччэа
25 мая 1985 — 14 снежня 2000
Царква Украінская Грэка-Каталіцкая Царква
Папярэднік Іосіф Сляпы
Пераемнік Любамір Гузар

Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 24 чэрвеня 1914(1914-06-24)[1]
Смерць 14 снежня 2000(2000-12-14)[1] (86 гадоў)
Пахаванне
Бацька Яўстафій
Маці Ганна
Прыняцце свяшчэннага сану 21 верасня 1938
Кардынал з 25 мая 1985

Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міраслаў Іван Любачыўскі (24 чэрвеня 1914, Далына — 14 снежня 2000, Львоў, Украіна) — украінскі рэлігійны дзеяч, прадстаяцель Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1984—2000 гг., кардынал.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Міраслаў Іван Любачыўскі нарадзіўся 24 чэрвеня 1914 г. у мястэчку Даліна на Івана-Франкоўшчыне. Яго бацькі — Яўстахій і Ганна — мелі трох сыноў, з якіх Міраслаў быў самым старэйшым. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе ў Даліне. У 1933 г. скончыў з адзнакай навучанне ў Стрыйскай гімназіі. У 1934—1937 гг. вучыўся ў Львоўскай багаслоўскай акадэміі на факультэце філасофіі, а затым — на факультэце тэалогіі. У 1937 г. пачаў далейшыя багаслоўскія студыі ва Універсітэце Канізіянум у Інсбруку (Аўстрыя).

18 жніўня 1938 г. прыняў пасвячэнне ў сан дыякана. 21 верасня 1938 г. у капліцы мітрапалічых палат Сабора Святога Юра ў Львове прымае іерэйскае пасвячэнне ад мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Быў прызначаны на служэнне ў Львоўскую архіепархію. Пасля хіратаніі працягвае навучанне ў Інсбруку. У 1939 г. у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны ўніверсітэт быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Менавіта там, у 1941 г., Міраслаў абараніў сваю доктарскую працу па тэалогіі на тэму «Барацьба св. Васіля Вялікага з арыянствам, выяўленая ў яго літургіі». Пасля таго, у 1942—1945 гг., вучыўся ў біблейскім інстытуце ў Рыме (Біблікум), дзе ў 1944 г. атрымлівае ступень магістра біблейскіх навук і доктара тэалогіі, і ў Грыгарыянскім універсітэце (1945—1947), дзе атрымаў ліцэнцыят па філасофіі. У 1945—1947 гг. вывучае медыцыну ў Каралеўскім італьянскім універсітэце ў Рыме. Падчас вайны аказвае духоўную апеку ўкраінцам у Еўропе.

У маі 1947 г. выехаў у ЗША для апекі над украінскімі эмігрантамі ў Філадэльфіі, потым у Стэмфардзе. Служыць сакратаром Архіепіскапа УГКЦ. У 1949 г. прызначаны настаяцелем царквы св. Пятра і Паўла ў Кліўлендзе (штат Агая), служыў у прыходах штатаў Пенсільванія і Вісконсін. Тут пачалася яго пісьменніцкая дзейнасць. Сярод ранніх твораў і публікацый ёсць некалькі нядзельных пропаведзяў і пераклад Катэхізіса Трыдэнцкага сабора. У 1968 г. стаў духаўніком Украінскай каталіцкай семінарыі св. Язафата ў Вашынгтоне. Працаваў у Манасе і Рычмандзе (штат Вірджынія).

У 1971 г. прызначаны прафесарам Акадэміі св. Васіля ў Філадэльфіі (штат Пенсільванія). У 1973 г. быў прызначаны духаўніком семінарыі св. Васіля ў Стэмфардзе, штат Канэктыкут. У красавіку 1978 г. Папа Павел VI надаў яму ступень ганаровага прэлата. У 1977 г. прызначаны духоўным дырэктарам семінарыі св. Васіля Вялікага ў г. Стэмфард. 13 верасня 1979 г. Папа Ян Павел II прызначыў яго архіепіскапам і мітрапалітам Філадэльфійскім і 12 лістапада 1979 г., разам з Вярхоўным архіепіскапам УГКЦ Іосіфам Сляпым і мітрапалітам Максімам Германюком, у Сікстынскай капэле ў Рыме хіратанізаваў яго на епіскапа (першая хіратанія пры непасрэдным удзеле Папы Яна Паўла II у гісторыі УГКЦ). Тады ж быў прызначаны архіепіскапам УГКЦ у Філадэльфіі.

27 сакавіка 1980 г. пасля Сіноду епіскапаў УГКЦ атрымаў прызначэнне на каад’ютара Вярхоўнага архіепіскапа Львоўскага з правам пераемнасці. Пераязджае ў Рым. Пасля смерці кардынала Іосіфа Сляпога, 7 верасня 1984 г. абраны на Вярхоўнага архіепіскапа Львоўскага. 25 мая 1985 г. прызначаны членам Калегіі кардыналаў з тытулам царквы Санта Сафія а Віа Бачэа ў Рыме. Чацвёрты кардынал у гісторыі УГКЦ. З 1984 г. — сакратар украінскай секцыі Нацыянальнай каталіцкай канферэнцыі.

Пасля легалізацыі УГКЦ 31 сакавіка 1991 г. урачыста вярнуўся ва Украіну. Засноўвае Архіепіскапскую курыю, рэарганізуе структуру кліру, наладжвае працу навучальных устаноў для падрыхтоўкі пастыраў, стварае 4 новыя епархіі, аказвае ўвагу супрацоўніцтву з парафіянамі ў справе аднаўлення патрыярхальнага ўкладу, здымае напружанне ва ўзаемаадносінах з праваслаўнымі, адбудоўвае розныя ўстановы, вырашае сацыяльныя патрэбы святарства, наладжвае сувязі з прадстаўнікамі свецкай улады, высвячае сотні новых святароў, наладжвае дзейнасць «нядзельных» (парафіяльных) школ для рэлігійнай адукацыі.

У маі 1992 г. адкрыў першы ў незалежнай Украіне Сінод епіскапаў УГКЦ, дзе заявіў пра далейшую дзейнасць, накіраваную на прызнанне Патрыярхату УГКЦ. Аднаўляе дзейнасць Львоўскай багаслоўскай акадэміі (Украінскага каталіцкага ўніверсітэта). У 1995—1996 гг. у сувязі з дрэнным станам здароўя, Сінод епіскапаў УГКЦ выбраў Любаміра Гузара епіскапам-памочнікам кіраўніка УГКЦ. Пасля чаго ён збольшага займаўся навукова-багаслоўскай дзейнасцю.

Памёр 14 снежня 2000 г. а 4-й гадзіне раніцы. Пахаваны ў крыпце сабора св. Юра ў Львове.

Зноскі

  1. а б Myroslav Ivan Kardinal Lubaschivsky // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. http://web.archive.org/web/20190427152101/http://sobor-svyura.lviv.ua/patriarh-i-kardynal-myroslav-ivan-lyub/