Містэрыі (раман)
| Містэрыі | |
|---|---|
| |
| Аўтар | Кнут Гамсун |
| Мова арыгінала | нарвежская мова |
| Дата першай публікацыі | 1892[1] |
| Выдавецтва | Gyldendal Norsk Forlag[d] |
| Папярэдні | Голад |
«Містэрыі» (нарв.: Mysterier) — другі раман нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна, упершыню апублікаваны ў 1892 годзе.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Невялікі нарвежскі прыморскі гарадок, назва якога застаецца невядомай, растрывожаны з’яўленнем эксцэнтрычнага чужынца, які пасяліўся на нявызначаны тэрмін у мясцовай гасцініцы і прадставіўся як Юхан Нільсен Нагель. Яго багаж, які ўключае футляр ад скрыпкі, яго жоўты касцюм і ён сам становяцца прадметам жывой цікаўнасці мясцовых жыхароў. Нагель не паведамляе пра сябе дакладнай інфармацыі, а толькі распускае чуткі пра сябе. Заінтрыгаванае грамадства, якое нудзіцца ў сваёй глушы, пільна сочыць за ім і спрабуе завабіць у свае шэрагі. Нагель у сваю чаргу зацікаўліваецца некаторымі прадстаўнікамі гэтага грамадства. Аб’ектамі яго асноўнай цікавасці становяцца мясцовая прыгажуня Фрэкен Х’елан, у дзень абвяшчэння заручын якой Нагель прыбыў у горад, мясцовы юродзівы Мінутка, і няшчасная жанчына Марта Гудэ́.
Нагель улюбляецца ў Дагні Х’елан і пераследуе яе. У першы ж дзень свайго знаходжання ў мястэчку ён даведаецца аб мясцовым святары Карлсене, які быў закаханы ў яе і нібыта скончыў жыццё самагубствам, зарэзаўшыся ў лесе. Стаўленне Дагні да Нагеля паступова змяняецца, але яна не можа і не хоча разарваць свае заручыны. Адносіны Нагеля да Мінуткі, які таксама таемна закаханы ў Дагні, спачатку выглядае, як спачуванне, але з часам становіцца ўсё больш складаным. Візіі і прадчуванні Нагеля прымушаюць яго убачыць у Мінутцы загадкавую і цёмную асобу, забойцу Карлсена і вінаватага ў няшчасцях Фрэкен Гудэ. Стаўленне Нагеля да апошняй таксама спачатку выглядае як спачуванне і жаданне дапамагчы матэрыяльна, аднак потым атрымлівае развіццё. Калі Дагні канчаткова адмаўляе яму, Нагель пачынае прасіць Марту выйсці за яго, тая згаджаецца, аднак Дагні пераконвае яе пакінуць горад. Усе гэтыя падзеі адбываюцца на фоне малацікавага правінцыйнага свецкага жыцця.
Бесперапынна развіваючыся, перажыванні і рэфлексіі Нагеля выклікаюць у ім душэўную і фізічную хваробу. Урэшце, ён сканчвае жыццё самагубствам, кінуўшыся ў мора. У апошняй сцэне рамана, праз год пасля смерці Нагеля, Марта і Дагні ідуць па лесе як дзве найлепшыя сяброўкі і гавораць аб тым, што Нагель меў рацыю адносна Мінуткі.
Экранізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле рамана ў 1978 годзе быў зняты аднайменны нідэрландскі фільм з Рутгерам Хаўэрам у ролі Нагеля і Сільвіяй Крыстэль у ролі Дагні Х’елан[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480
- ↑ Mysteries (1978) (англ.). IMDb. Праверана 26 чэрвеня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Будур Н. Гамсун. Мистерия жизни. — 2008. — ISBN 5-235-03078-8.
- Reinhard H. Friederich Kafka and Hamsun’s Mysteries(англ.) // Comparative Literature. — 1976. — Vol. 28. — № 1. — P. 34-50.
- Susan D. Scotto Xarms and Hamsun: «Staruxa» Solves a Mystery?(англ.) // Comparative Literature Studies. — 1986. — Vol. 23. — № 4. — P. 282—296.
