Місія беларускіх ваенных медыкаў у Сірыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Місія беларускіх ваенных медыкаў у Сірыі
Гады існавання 16 лютага — 15 сакавіка 2023
Краіна  Беларусь
Падпарадкаванне 432-гі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр
Тып гуманітарная аперацыя
Функцыя медыцынская дапамога
Колькасць 45 чалавек
Дыслакацыя  Сірыя г. Алепа, Сірыя
Мянушкі «Місія добрых сэрцаў»
Удзел у ліквідацыя наступстваў землетрасення 6 лютага 2023 года[1]
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Андрэй Гурыновіч
Вонкавыя выявы
Фотаздымкі з архіва ўдзельніка місіі А. Някала.
Члены групы МАСП на фоне палаткі з надпісам «Вітаем вас».
Медык робіць укол дзіцяці.
Беларускі вайсковец суправаджае сірыйскую жанчыну.
Беларуская калона МАЗаў на маршы.

Місія беларускіх ваенных медыкаў у Сірыі — дзейнасць медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння (МАСП) 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па аказанні дапамогі ў ліквідацыі наступстваў землетрасення 6 лютага 2023 года на тэрыторыі Сірыі.

Гэта першая замежная камандзіроўка МАСП, у якую падраздзяленне адправілася ў поўным складзе[2]. Беларускімі ваеннымі місія адзначана як унікальная ў гісторыі медыцыны рэспублікі, паколькі спецыялісты працавалі ва ўмовах не толькі прыроднага бедства, але і ваеннага канфлікту[3].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 2011 годзе ў Сірыі пачалася грамадзянская вайна. З самых першых дзён канфлікту Беларусь актыўна падтрымлівала дзеючы сірыйскі рэжым на чале з Башарам Асадам[4]. Дзяржава аказвала ўладам розную дапамогу, пачынаючы ад дыпламатычнай і гуманітарнай, заканчваючы пастаўкамі ўзбраенняў. У лютым 2022 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Башар Асад прасіў яго дапамагчы Сірыі ўрачамі[5].

6 лютага 2023 года ва Усходнім Міжземнамор’і адбылося магутнае землетрасенне. Былі зарэгістраваны вялікія разбурэнні ў сірыйскіх гарадах Латакія і Хама[6]. У выніку бедства загінулі больш за 54 400 чалавек (з іх 8476 на сірыйскай тэрыторыі), 122 568 пацярпелі[7][8].

Многія краіны прапанавалі дапамогу Турцыі і Сірыі, большая частка якой пайшла першай[9]. На турэцкую тэрыторыю прыбылі ратавальнікі з 77 дзяржаў[10]. У сваю чаргу Дамаску дапамаглі Ірак, ААЭ, Іран, Алжыр, Расія, Егіпет, Пакістан, Арменія, Аман, Куба, Венесуэла, КНР, а таксама Беларусь[11].

Склад[правіць | правіць зыходнік]

У Сірыю адправіліся сорак пяць спецыялістаў, у ліку якіх тэрапеўты, хірургі, неўролагі, анестэзіёлагі, інфекцыяністы, акуліст, УГД-спецыяліст[12], а таксама медыцынскія сёстры, вадзіцелі, электрыкі, сувязісты і карэспандэнты[2]. Шмат каму з іх ужо даводзілася працаваць у розных, у тым ліку экстрэмальных умовах. Больш паловы персаналу[2] раней былі ў складзе міратворчай місіі ААН у Ліване[13], дзе ад 432-га шпіталя кожны год працавала хірургічная брыгада — два ўрачы і дзве медыцынскія сёстры. Папярэдні вопыт зносін з арабскім насельніцтвам вельмі дапамог у сірыйскай місіі, бо спецыялісты паспелі вывучыць менталітэт і культуру народа[2].

Начальнікам прыёмнага аддзялення быў прызначаны ўрач-хірург, падпалкоўнік Сяргей Рубанік[13] (старэйшая медсястра — Кацярына Латышэвіч[3]), аперацыйнага аддзялення — капітан Аліна Емяльяненка (старэйшая аперацыйная сястра — Вольга Яхнавец[14]), загадчыцай клініка-біяхімічнай лабараторыі — урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі Таццяна Чырыкава. Шпітальнае аддзяленне прадстаўлена падпалкоўнікамі Андрэем Навуменкам (отарыналарынголаг) і Паўлам Зарэцкім (неўролаг)[15], а таксама старшыной Дар’яй Корвель (медсястра)[16]. Начальнікам дыягнастычнага аддзялення выступіў урач-рэнтгенолаг Андрэй Мурашка[17], аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі — анестэзіёлаг-рэаніматолаг Мікалай Кашура[18] (у падначаленні старшына, медыцынская сястра, анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Ганна Юшчанка[16]). У ліку каманды таксама знаходзіліся падпалкоўнік, траўматолаг-артапед Яўген Раманоўскі[16]; вядучы хірург 432-га шпіталя Аляксей Трухан[19]; фельчар Аляксандра Снітко[18]. Ад СМІ пры групе знаходзіўся намеснік начальніка 2-га карэспандэнцкага аддзела ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» маёр Алег Някала[2].

Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў начальнік медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння палкоўнік медыцынскай службы Андрэй Гурыновіч[20].

Аснашчэнне[правіць | правіць зыходнік]

У наяўнасці ў МАСП у Сірыі знаходзілася:

  • працоўнае месца — ваенна-палявы шпіталь (шэсць[17]—сем маленькіх палатак[13]), які складаецца з прыёмнага, аперацыйнага, шпітальнага, дыягнастычнага аддзяленняў і аддзялення рэанімацыі[14];
  • жыллёвае месца — адна (па іншых даных, тры[17]) вялікая[13] вайсковая палатка М-30 (у ёй пражывалі мужчыны атрада, тады як жанчын змясцілі ў будынак), спальныя месцы — станкі Паўлоўскага ў два (па іншых даных — тры[13]) яруса, пакрытыя брызентавымі насілкамі[16];
  • транспарт — некалькі аўтамабіляў МАЗ[14];
  • іншае — дзве дадатковыя палаткі, дзе знаходзіліся склад з медыкаментамі і сталовая[13].

Ход місіі[правіць | правіць зыходнік]

Разгортванне[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіроўка рыхтавалася па даручэнні галавы дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі[14].

8 або 9 лютага 2023 года ў тры гадзіны дня байцам медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння паступіў званок ад начальніка шпіталя. Камандуючы загадаў прыступіць да ўнутранага згортвання і выпісаць усіх бягучых пацыентаў. Спецыялістаў папярэдзілі, каб узялі медыкаменты на месяц. Яны не ведалі дакладна, які аб’ём дапамогі будуць аказваць і да чаго рыхтавацца, таму бралі абсалютна ўсё, з запасам. Пазней паступіла інфармацыя, што рыхтуецца камандзіроўка ў адну з краін, дзе адбыўся землятрус. Падпалкоўнік Рубанік выказаў здагадку, што гэта будзе Сірыя, хоць не быў у гэтым да канца ўпэўнены[13].

Перад камандзіроўкай байцы падпісалі добраахвотную згоду на ўдзел у місіі[17].

Першапачаткова дату вылету прызначылі на 12 лютага, а затым перанеслі на 14-е[13]. Праводзіць медыкаў і падзякаваць беларускаму боку за спагадлівасць асабіста прыехаў сірыйскі пасол Махамад аль-Умрані. Група на двух расійскіх Іл-76 (адзін вёз медыцынскую маёмасць і аўтамабілі, у іншым знаходзіліся медыкі[21]) вылецела з авіябазы Мачулішчы[14] ў аэрапорт Хмеймім, а адтуль накіравалася ў Алепа[13]. Адразу ж быў разгорнуты ваенна-палявы шпіталь[14].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Як адзначыў карэспандэнт Алег Някала ў артыкуле газеты «Звязда», кваліфікаваная медыцынская дапамога для жыхароў Алепа была вялікай рэдкасцю. Сацыяльная інфраструктура пасля чатырох гадоў баёў за горад і наступстваў прыроднага бедства яшчэ не адноўлена. Не наладжана як след і медыцынскае абслугоўванне[22].

У сярэднім беларускі шпіталь прымаў 200 чалавек у суткі. У дзень спецыялісты рабілі па 25-30 агульных аналізаў крыві. У дзённым стацыянары вылечаны больш за 70 пацыентаў. Усяго дапамаглі больш за 3 тысячы пацыентам (з іх 1000 толькі за першыя пяць дзён[15]; самаму малодшаму толькі споўніўся год, старэйшаму — 90 гадоў[23]). У клінічнай лабараторыі было выканана 816 даследаванняў, з іх біяхімічны аналіз крыві — 430 даследаванняў, агульны аналіз крыві — 337, агульны аналіз мачы — 44, каагулаграма — 5. У рэнтгенаўскі кабінет звярнулася 475 пацыентаў, выканана 557 розных рэнтгеналагічных даследаванняў, 1 197 рэнтгенаўскіх здымкаў. Кабінет УЗД наведалі 197 пацыентаў, якім было праведзена 282 розных УГД[17]. Сірыйцы звярталіся да беларускіх медыкаў з рознымі паталогіямі: не дыягнаставанымі пераломамі, наступствамі застарэлых траўмаў, мінна-выбуховымі траўмамі, кулявымі і асколачнымі раненнямі[2][20].

Асноўнай праблемай для спецыялістаў стаў моўны бар’ер (у Ліване беларусы працавалі з пацыентамі толькі на англійскай, таму арабскай не валодалі), аднак беларускія і сірыйскія ўлады далі ім перакладчыкаў[2][20]. Часцяком перакладчык стаяў на сартавальнай пляцоўцы, дзе лекар апытваў пацыентаў і вызначаў да якога доктару накіраваць. Затым грамадзянін ішоў рэгістравацца, і яму выдавалі лісток з накіраваннем да вызначанага лекара. Далей ужо доктар ставіў дыягназ і прызначаў лячэнне. Часам здараліся сітуацыі, калі не было свабодных перакладчыкаў. Тады медыкі прасілі пацыентаў пачакаць альбо з дапамогай жэстаў і самых простых слоў, якія ўдалося вывучыць, размаўлялі. У такіх выпадках сірыец паказваў пальцамі на балючае месца[13].

Іншай праблемай стала адсутнасць педыятра. Нюансы заключаліся ў тым, што для дзяцей зусім іншыя дазоўкі прэпаратаў, а таксама фізічныя і анатамічныя адрозненні. Паколькі байцы МАСП не былі падрыхтаваны да работы з такой катэгорыяй асоб, то ў такіх выпадках дзіцяці адпраўлялі да вузканакіраванага спецыяліста альбо рэкамендавалі звярнуцца да педыятра мясцовай бальніцы. Таксама востра стаяла пытанне з электрычнасцю. У суседнім са шпіталем будынку святло давалі толькі 4 гадзіны ў суткі, паколькі ў Алепа не было кругласутачнай электраэнергіі. А восьмай вечара святло з’яўлялася і пасля дванаццаці яго не было. Даводзілася хадзіць з ліхтарыкам. Далей электрычнасць з’яўлялася з 9, так як медыцынская апаратура не магла працаваць без яго[13].

Ваенныя дзеянні праходзілі за 30 кіламетраў ад шпіталя[16], таму падчас свайго знаходжання ў Алепа байцы рэгулярна чулі гукі стрэлаў. На трэці і чацвёрты дні, 19 і 20 лютага[15], яны і зусім трапілі пад землетрасенне магнітудай 4,5—6,3 балаў[2][13].

Нягледзячы на цяжкія ўмовы, атрад змог адзначыць святы. Так, напрыклад, 23 лютага байцы пабывалі на канцэрце да Дню абаронцы Айчыны, будучага Міжнароднага жаночага дню і Дню рэвалюцыі ў Сірыі; 8 сакавіка камандзір Гурыновіч раніцай павіншаваў усіх жанчын калектыву на словах ад мужчынскай паловы, а пазней спецыялісты ўсім дзяўчатам групы падарылі кветкі[13]. Акрамя гэтага, у Алепа каманда МАСП адзначыла дзень нараджэнне Чырыкавай[2].

Згортванне[правіць | правіць зыходнік]

Місія скончылася праз 30 сутак[2]. Медыкам абвясцілі, што на працягу 15-17 сакавіка яны вярнуцца дадому[13].

Як успамінаў ваенны ўрач Сяргей Рубанік, за тыдзень да адлёту ВПС Ізраіля разбамбілі паласу аэрадрома ў Алепа, што не дазволіла беларускаму самалёту прызямліцца там. Тады палкоўнік Гурыновіч сабраў 10 чалавек, з якімі на МАЗах выехаў у Хмеймім па зоне судакранання. Каманда накіравалася па аб’язным шляху, бо па прамой знаходзілася некантралюемая сірыйскай арміяй тэрыторыя. У беларусаў была група суправаджэння — наперадзе ехаў расійскі БТР, а ззаду — бронеаўтамабіль «Тыгр». Астатніх 35, хто не пагадзіўся адправіцца па небяспечным участку, забралі на Ан-26[13].

Раніцай 17 сакавіка ваенныя медыкі прыбылі ў Мачулішчы[3].

Рэакцыя і ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Леанід Касінскі, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце, назваў гуманітарную аперацыю «місіяй добрых сэрцаў» і заявіў, што яна ўвойдзе ў гісторыю медыцыны Рэспублікі Беларусь як «унікальная»[24].
  • Пасол Сірыі ў Беларусі Махамад Аль-Умрані заявіў: «У нас вельмі вялікія праблемы пасля землятрусу. Для нас Беларусь — гэта дружалюбная краіна, якая з першых хвілін падтрымала пасля таго, што здарылася. Як усе ведаюць, мы, на жаль, абкладзены санкцыямі на дадзены момант, а гэта значыць, што многія краіны не могуць нам дапамагчы ці баяцца гэта зрабіць. Але на шчасце, Беларусь не баіцца і яна нам дапамагае ўжо на працягу 10 гадоў. З 2015 года ў Сірыю было адпраўлена шэсць гуманітарных грузаў, два дні таму мы таксама атрымалі дапамогу»[14].
  • 24 сакавіка 2023 года ў Цэнтральным доме афіцэраў (Мінск) міністр абароны Віктар Хрэнін узнагародзіў медыцынскі атрад ганаровымі граматамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі[2].
  • 2 лютага 2024 года аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта РБ работнікам 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра «за значныя заслугі ў службовай дзейнасці, высокае прафесійнае майстэрства, актыўны ўдзел у аказанні міжнароднай гуманітарнай дапамогі на тэрыторыі Сірыі». У іх ліку Павел Зарэцкі, Мікалай Кашура, Яўген Раманоўскі, Аляксандра Снітко[18].

Аналіз[правіць | правіць зыходнік]

У артыкуле для газеты «Медыцынскі веснік» Мурашка, прааналізаваўшы вынікі рэнтгенаўскіх даследаванняў розных органаў і сістэм у САР, адзначыў некаторыя асаблівасці і адрозненні паталагічных змен у параўнанні з беларускімі пацыентамі. Так, напрыклад, у большасці сірыйцаў ва ўзросце 50+ вызначаюцца ўмераныя і выяўленыя, часцей двухбаковыя змены ў лёгкіх (лекар звязаў гэта з неадэкватным лячэннем COVID-19). Дэгенератыўныя змены ў суставах, пераважна каленных і тазасцегнавых, у сірыйцаў назіраюцца радзей і ў больш старэйшым узросце, чым у беларускіх пацыентаў. Пры гэтым у іх у больш раннім узросце з’яўляюцца прыкметы распаўсюджанага астэапарозу, а да 60—65 гадоў у многіх жанчын выяўляюцца паталагічныя пераломы пазванкоў[17].

Як успамінаў Мурашка, мясцовыя пацыенты ўсіх узростаў былі не дасведчаныя аб ужыванні індывідуальнай абароны ад рэнтгенаўскага выпраменьвання. У паліклініках і бальніцах Сірыі пры правядзенні рэнтгенаўскіх даследаванняў прынята не распранацца. Рэнтгенаграмы лекар-рэнтгенолаг ацэньвае з наяўнасцю дадатковых ценяў ад адзення і магчымых старонніх прадметаў. Для спецыялістаў шпіталя такі падыход быў катэгарычна непрымальны[17].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Белорусские военные медики, помогавшие после землетрясения в Сирии, получили награды
  2. а б в г д е ё ж з і к Ирина Лукашик. Беларусь приходит на помощь странам, которым нужна - в Минске военных медиков наградили за работу в Сирии // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 24 марта 2023.
  3. а б в Белорусские военные медики вернулись на родину
  4. Лукашенко: Беларусь с первых дней конфликта в Сирии была на стороне ее народа и руководства Архівавана 17 чэрвеня 2022. // БЕЛТА, 22 июля 2019
  5. Георгий Нестеров. Александр Лукашенко назвал фейком новость об отправке белорусских военных в Сирию Архівавана 12 чэрвеня 2022. // Lenta.ru, 8 февраля 2022
  6. В Турции и Сирии произошли сильные землетрясения (руск.)(недаступная спасылка). Сибирь.Реалии. Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2023. Праверана 6 лютага 2023.
  7. كحصيلة غير نهائية... ارتفاع حصيلة الـ ـضـ ـحـ ـايـ ـا السوريين الذين د فـ ـنـ ـو ا داخل الأراضي السورية إلى 8476 - المرصد السوري لحقوق الإنسان
  8. Число жертв землетрясений в Турции почти достигло 46 тысяч (руск.). Lenta.RU. Праверана 4 сакавіка 2023.
  9. Live Updates | Turkey, Syria earthquake kills thousands (англ.). AP NEWS. Праверана 10 лютага 2023.
  10. Чавушоглу сообщил, что на завалах в Турции работают спасатели из 77 стран. TACC. Праверана 13 лютага 2023.
  11. Сирия поблагодарила страны, оказавшие помощь после землетрясения
  12. Военно-полевой госпиталь, развернутый в Сирии белорусами, приступил к работе(недаступная спасылка)
  13. а б в г д е ё ж з і к л м н о Кристина Чабан. Миссия спасения в Алеппо: белорусский военврач рассказал о непростых буднях в Сирии // Мінская праўда : газета. — 29 марта 2023.
  14. а б в г д е ё Белорусские медики отправились на российском самолете в Сирию ― видео
  15. а б в В Сирии 5-е сутки работает белорусский военно-полевой госпиталь. Помогли уже тысяче человек(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2023. Праверана 6 чэрвеня 2023.
  16. а б в г д Ирина Лукашик. Белорусские военные медики рассказали, как прошла командировка в Сирию // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 18 апреля 2023.
  17. а б в г д е ё Андрей Мурашко. Белорусские врачи в Сирии: помощь пострадавшим при землетрясении // Медицинский вестник : газета. — 25 августа 2023.
  18. а б в Аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (Распараджэнне № 24рп ад 2 лютага 2024 г.)
  19. Белорусские военные медики завершают миссию в Сирии(недаступная спасылка) // СТВ : телекомпания. — 14 марта 2023.
  20. а б в "Были трудности в общении, но у нас все получилось". Белорусские медики рассказали о миссии в Сирии
  21. Военные медики отмечены за гуманитарную помощь в Сирии
  22. Алег Някала. Як ваенныя ўрачы з Беларусі працуюць у сірыйскім Алепа // Звязда : газета. — 1 сакавіка 2023.
  23. «Это уникальные специалисты». Министр обороны наградил военных медиков, вернувшихся из Сирии(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2023. Праверана 6 чэрвеня 2023.
  24. «Эта миссия, наверное, войдёт в историю медицины». Белорусские медики вернулись из Сирии(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2023. Праверана 6 чэрвеня 2023.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]