Міхаіл Псел

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхаіл Псел
Партрэт
Міхаіл Псел і імператар Міхаіл VII Дука.
Род дзейнасці: філосаф, пісьменнік, палітык, гісторык
Дата нараджэння: 1018[1][2][…]
Месца нараджэння:
Дата смерці: май 1078
Месца смерці:
Commons-logo.svg Міхаіл Псел на Вікісховішчы

Міхаіл Псел, свецкае імя Канстанцін (1018 — 1078/97) — візантыйскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная крыніца па жыцці Псела — яго ўласныя творы, дзе ёсць вялікія аўтабіяграфічныя ўрыўкі. Нарадзіўся, напэўна, у Канстанцінопалі, паходзіў са збяднелай арыстакратычнай сям’і з Нікамедыі, якая, паводле самога Псела, выводзіла сябе ад консулаў і патрыцыяў. Ахрышчаны пад імем Канстанцін, Псел (Psellos — заіка) — асабістая мянушка, напэўна, з-за дэфекту маўлення і, такім чынам, родавае прозвішча невядома. Пра бацькоў няма пэўных звестак.

Бацькі, быццам праз бачаныя сны, прызначылі сыну навуковую кар’еру. Вучыўся спачатку пад наглядам бацькі, потым граматыцы і піітыцы ў школе ў Канстанцінопалі. Ва ўзросце каля 10 гадоў адпраўлены па-за сталіцу, служыць сакратаром правінцыйнага суддзі, каб дапамагчы сям’і сабраць пасаг для сваёй сястры. Калі сястра памерла, Псел пакінуў службу сакратара і вярнуўся ў Канстанцінопаль працягваць адукацыю.

У 16 гадоў перайшоў да вышэйшай адукацыі, вывучаў рыторыку, філасофію і юрыспрудэнцыю. Падчас вучобы у Іаана Маўропа, пазнаёміўся з будучымі патрыярхамі Канстанцінам Ліхудам і Іаанам Ксіфілінам, а таксама з будучым імператарам Канстанцінам Дукам. У 1037 годзе паступіў на службу ў феме Месапатамія, праз сувязі атрымаў пасаду суддзі. Перад 1042 годам вярнуўся ў Канстанцінопаль, дзе пры імператары Міхаіле V Калафаце атрамаў пасаду асікрыта (малодшага чыноўніка імператарскай канцылярыі). Адсюль Псел пачаў імклівую прыдворную кар’еру. Гэтым часам дбайна займаўся навукамі, асабліва філасофіяй, вывучаў Арыстоцеля, Платона і Прокла.[4]

У 1043 годзе напісаў панегірык імператару Канстанціну IX Манамаху і тым жа годам стаў адной з найбольш набліжаных да імператара асоб; прызначаны протасінкрытам, затым вестам і вестархам, то-бок дасягнуў 7-га чыну паводле візантыйскай табелі. Ва ўладарства (1042—1055) імператара Канстанціна IX напісаў яму яшчэ 4 панегірыкі, вельмі ліслівыя і не вартыя веры; узнагародай быў васілікат Мадыта (права збіраць падаткі з гэтага горада) і атрыманне ў харыстыкію (кіраванне) некалькіх манастыроў. Прызначаны іпатам філосафаў (ὕπατος τῶν φιλοσόφων / hypatos tōn philosophōn) — кіраўніком філасофскага факультэта Мангаўрскай вышэйшай школы. Пад канец валадарства Канстанціна IX становішча Псела з невядомых прычын пахіснулася, урэшце ён пастрыгся пад імем Міхаіл і ў 1054 годзе пайшоў у манастыр на малаазіяцкім Алімпе.[4]

Пасля смерці імператара Канстанціна IX, Псел выкліканы з манастыра яго пераемніцай імператрыцай Феадорай, зноў набліжаны да двара і ўзнагароджаны тытулам іпертыма. Усе пазнейшыя гады заставаўся актыўным у палітыцы, быў радцам некалькіх наступных імператараў. У 1057 годзе, пасланы імператарам Міхаілам VI Стратыётыкам да паўсталага Ісаака Камніна, каб угаворваць таго на мір, Псел вельмі спадабаўся Ісааку. Сыграў значную ролю ў пераходзе ўлады ад Міхаіла VI Стратыётыка да Ісаака I Камніна, пры заняцці стальца апошнім, прызначаны праэдрам, а пазней, як бачна з перапіскі, быў вельмі блізкі з усім домам імператара. Паводле жадання Ісаака I, Псел напісаў абвінаваўчы акт супраць ранейшага свайго сябра, зрынутага патрыярха Міхаіла Кіруларыя.

У 1059 годзе Псел паспяхова інтрыгаваў за заняцце стальца Канстанцінам X Дукам, урэшце, быў набліжаным і гэтага імператара, атрымаў чын протапраэдра. Для сына імператара, Міхаіла Дукі, напісаў некалькі падручнікаў.[4] Таксама значнай была роля Псела ў пераходзе ўлады ад Канстанціна X Дукі да Рамана IV Дыягена ў 1068 годзе, але гэтая змена паменшыла значэнне Псела пры двары. Адыграў ролю і ў пераходзе ўлады ад Рамана V Дыягена да Міхаіла VII Дукі ў 1071 годзе, пасля паланення Рамана ён параіў Міхаілу VII разаслаць па імперыі ўказ з аб’вяшчэннем пра пазбаўленне папярэдніка стальца. Калі Раман быў аслеплены, Псел звярнуўся да яго з суцяшальным лістом. Пры Міхаіле VII Псел спачатку быў вельмі уплывовым — пісаў лісты ад імя імператара, складаў хрысавулы, разбіраў цяжбы і інш.[4]

Напэўна, Псел, настаўнік Міхаіла ў валадарства яго бацькі Канстанціна X Дукі, дапамагаючы перамагчы праціўніка і айчыма Рамана і атрымаць уладу Міхаілу VII, разлічваў на больш значныя пазіцыі. Аднак, імператар, відаць, непрацяглы час быў прыхільны Пселу — пасля сярэдзіны 1070-х гадоў няма звестак пра якую-небудзь яго ролю пры двары. Уласныя аўтабіяграфічныя ўрыўкі Псела на гэтым часе перапыняюцца, таму мала звестак пра яго познія гады. Некаторыя навукоўцы думаюць, што Псел у 1070-я гады вымушаны зноў пайсці ў манастыр[5].

Дата смерці Псела пэўна невядома. Некаторыя навукоўцы датуюць яе 1078 годам[6], неўзабаве па звяржэнні Міхаіла Дукі, або каля 1076—1077 гадоў, са спасылкай на запісы тагачаснага візантыйскага гісторыка Іаана Занары. Іншыя прапануюць і пазнейшыя даты[7], у т.л. лічаць, што ў 1096 годзе Псел яшчэ жыў.[8][9][10] Вядома, што епіскап охрыдскі Тэафілакт пісаў брату Псела, суцяшаючы: «Твой брат не памёр, ён пайшоў да Бога, вызваліўся ад пакутлівага жыцця і хваробаў»[11].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар вялізнай колькасці твораў рознага жанру і галін навукі — рытарычных, філасофскіх, гістарычных, палемічных, граматычных, прававых, агранамічных, медыцынскіх, матэматычных, музычных трактатаў. Служыў пры дзевяці імператарах, у т.л. імператарскім радцам, пры імператары Канстанціне IX Манамаху (1042—1055) быў імператарскім сакратаром, суддзём, іпатам філосафаў. Таму не меў устойлівых перакананняў, хітрасцю і ліслівасцю быў тыповы візантыйскі чыноўнік, не цураўся хабараў. Аднак, Псел — выбітная здольнасцямі і ведамі асоба. Працяглы час Псел быў выкладчыкам заснаванай ім жа ў Канстанцінопалі школе, дзе навучаў рыторыцы, філасофіі і гісторыі права; асаблівую ўвагу надаваў філасофіі Платона. Рытарычныя яго практыкаванні прадстаўлялі часта дзіўны выбар тэм, узору, напрыклад, пахвалы бласе, вошы або блашчыцу; відавочна, для Псела важным бачылася толькі ўменне прыгожа складаць фразы. Па творах Псела можна скласці ўяўленне пра візантыйскую адукаванасць XI ст. Вельмі важныя жывыя і цікавыя мемуары Псела (выдадзеныя Сафай ў 1874 г.) і шматлікія лісты яго да імператараў, патрыярхаў, розных высокапастаўленых асоб, манахаў і іншых. Першае выданне твораў Псела выйшла ў 1503 годзе.[4]

Нягледзяны на высокую адкукаванаць, веды Псела ў латыні былі даволі няпэўнымі, так ён паблытаў Цыцэрона з Цэзарам, што цытуецца як яскравы прыклад парадыгмы страты Усходняй Рымскай імперыяй у эпоху Высокага Сярэднявечча амаль усёй сваёй сувязі з намінальнымі рымскімі каранямі.[12]

Гістарычныя працы[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар дзвух гістарычных твораў — «Кароткай гісторыі цароў старэйшага Рыму, а таксама малодшага за выняткам тых цароў, што не здзейснілі нічога вартага памяці, якая пачынаецца з Ромула» і «Хранаграфіі»[13].

Найперш вядомы «Хранаграфіяй», якая ахоплівала падзеі 976—1078 гадоў -- час валадарства чатырнадцаці імператараў і імператрыц. У гістарычнай працы Псела, сярод іншага паведамляецца пра варага-рускі наёмны корпус у Візантыі, набегі качэўнікаў — печанегаў і полаўцаў. «Хранаграфія» — найважнейшая крыніца па гісторыі апошняга рускага паходу на Візантыю ў 1043 годзе.[4] Праца цікавая тым, што Псел многія падзеі апісвае як відавочац і непасрэдны ўдзельнік.

Матэматычныя працы[правіць | правіць зыходнік]

З матэматычных прац найбойльш вядомая, асабліва ў XVI ст., была перакладзеная на лацінскую Ксіландэрам і выдадзеная ў 1556 г. пад загалоўкам: «Arithmetica, Musica, Geometria et Astronomia». Апроч гэтага поўнага выдання, выйшлі таксама асобныя часткі працы, з выданняў такога роду вядомы: «Ψέλλόυ τών περί άριθμητικής συνοψις» (1538), «Arithmetica, Musica et geometria Mich. Pselli» (1592), «M. Pselli compendium mathematicum» (1647). Працы Псела маюць яркі адбітак сваёй эпохі поўнага заняпаду грэчаскай матэматыкі. Арыфметычная частка працы змяшчае толькі адны імёны і падраздзяленні лікаў і адносін, паміж якімі зрэдку сустракаюцца сцвярджэнні ўзору: «адзініца не лік, а корань і пачатак лікаў», «двойчы два і два, складзенае з двума, роўныя, чаго з іншымі лікамі не бывае». У аддзеле музыкі даюцца тлумачэнні тонаў і іх відаў. Урэшце, аддзелы геаметрыі і астраноміі змяшчаюць толькі тлумачэнні асобных вучэнняў без якіх-небудзь доказаў. З іншых твораў Псела былі надрукаваны «Liber de lapidum virtutibus» (1615) і «De terrae situ, figura et magnitudine».[4]

Аўтарству Міхаіла Пселла належыць так званы «лагічны квадрат», дзе навочна выяўлены адносіны розных відаў меркаванняў. Яму належаць назвы розных modi (грэч.: τρόποι) фігур. Гэтыя назвы, латынізаваныя, перайшлі ў заходнюю лагічную літаратуру. Псел, наследуя Тэафраста, пяць modi чацвёртай фігуры адносіў да першай. Найменне відаў мела ў Псела мнеманічныя мэты. Яму ж належыць і агульнаўжывальная абазначэнне літарамі колькасці і якасці меркаванняў (а, е, i, о). Лагічныя вучэнні ў Пселла носяць фармальны характар. Праца Пселла была перакладзена Уільямам з Шэрвуда і стала распаўсюджанай праз пераробку Пятра Іспанскага (Папы Яна ХХІ). У падручніку Пятра Іспанскага заўважна тое ж імкненне да мнематэхнічных правілаў. Лацінскія назвы відаў фігур, якія прыводзяць ў фармальных логіках, ўзяты ў Пятра Іспанскага. Пётр Іспанскі і Міхаіл Псел ўяўляюць сабой росквіт фармальнай логікі ў сярэднявечнай філасофіі.[14][15]

Багаслоўскія працы[правіць | правіць зыходнік]

Найпадрабязнейшая на цяперашні час (2019) бібліяграфія багаслоўскіх твораў Псела, вылучаных ў вялізнай творчай спадчыны, змешчана ў кнізе архімандрыта Амвросія (Пагодзіна)[16], апроч гэтага, указанні на некаторыя рэлігійна-філасофскія трактаты і агульны агляд твораў змешчаны у К. Крумбахера[17], у Ліксіконе багаслоўя і Царквы[18] і Каталіцкай Энцыклапедыі[19]. Да дагматычных твораў Псела залічаюць вершы «Пра догмат»[20], а таксама пачатковыя раздзелы Διδασκαλία Παντοδάπη («Усебаковага вучэння»), дзе змешчана спавяданне веры, разглядаецца траісты догмат, тлумачыцца хрысціянская тэрміналогія[21]. Адзіны літургічны твор Псела, прысвечаны цалкам тлучэнню еўхарыстычных абрадаў — вершаваная паэма «Пра літургічную ахвяру». Казанні Псела — «Слова на Дабравешчанне», на Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля, на перанясенне мошчаў архідыякана Стэфана, пра цуды Архістратыга Міхаіла, на Вялікдзень і інш. Найважнейшае экзэгетычны твор — тлумачэнне на біблейскую кнігу «Песнь песняў»[22]. Трактаты па антрапалогіі найбольш шматлікія, гэта раздзелы «Усебаковага вучэння» — «Пра розум» (р. 20-26), «Пра душу» (р. 27-31), «Пра дабрадзейнасці» (р. 48-58)[23], а таксама значная частка выдання трактатаў Псела «Philosophica Minora», дзе сярод іншых змешчаны трактат «Пра прадвызначэнне смерці»[24], які абвяргае вучэнне пра безумоўнае прадвызначэнне Богам усіх падзей у жыцці чалавека. Трактаты па дэманалогіі ўяўляюць з сябе сінтэз антычных і святаайцоўскіх вучэнняў пра дэманаў. Гэта творы — «Пра дэманаў»[25], «Пра дзеі дэманаў»[26], «Некаторыя ўяўленні элінаў пра дэманаў»[27], «Распалажэнне дэманаў у элінаў»[28]. Апроч пералічанага ў Псела ёсць цікавыя трактаты: «Пра багаслоўе і раздзяленне з вучэннем элінаў»[29] — прысвечаны пошуку пунктаў судакранання антычнасці і хрысціянства, а таксама «Адмаўленне вучэння арыгеністаў пра аднаўленне целаў, і часткова яго абвяржэнне», дзе Псел выкрывае вучэнне пра ўсеагульнае аднаўленне, называючы яго «неразумным няслаўем»[30].

У найболей аб’ёмным выданні багаслоўскіх твораў Псела «Michaelis Pselli theologica» апублікаваны трактаты, прысвечаныя тлумачэнню твораў свяціцеля Рыгора Багаслова, а таксама пэўных выслоўяў Святога Пісання[31]. Выданне «Michaelis Pselli poemata» змяшчае вершаваныя творы — багаслужбовыя каноны (служба Сімеону Метафрасту і Касьме Маюмскаму), вершы пра стварэнне Адама, яго выгнанне і пра Антыхрыста (καί περί τοῦ Ἀντιχρίστου), літургічную паэму Псела, палемічныя творы — вершы супраць Латынян, пра Хрышчэнне, «да душы», — піітычны верш, які працягвае, напэўна, жанр «споведзі», заснаваны яшчэ блажэнным Аўгусцінам, а таксама кароткія вершы пра святы і розныя рэлігійныя тэмы.

Найбольш поўны на цяперашні час (2019) агляд біяграфіі і літаратурнай творчасці Псела даюць манаграфіі расійскіх навукоўцаў П. У. Безабразава і Я. М. Любарскага[32].

Псеўда-Псел[правіць | правіць зыходнік]

Раней лічылі, што быў яшчэ адзін візантыйскі пісьменнік з такім самым імем — Міхаіл Псел Старэйшы (цяпер называны Псеўда-Псел), якія жыў на востраве Андрас у IX ст., быў вучнем Фоція і настаўнікам імператара Льва VI Мудрага. Самога ж Міхаіла Псела некаторыя аўтары называлі «малодшым». Такая думка зацвярджалі запісам у сярэднявечнай хроніцы Σύνοψις Κεδρηνοῦ-Σκυλίτση, дзе імя згадваецца ў такім кантэксце. Цяпер трапленне імя Псела ў хроніку лічыцца памылкай недасведчанага перапісчыка пазнейшага часу і, такім чынам, «Міхаіла Псела Старэйшага» ніколі не было.[33]

Паняцце «Псеўда-Псел» таксама ўжываецца сучаснай навукай для апісання аўтарства некалькіх больш позніх твораў, якія, як думаюць, памылкова або лжыва прыпісаны Пселу ў візантыйскі час.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Michael Psellos. Chronographie / E. Renauld. — P., 1926;
  • Михаил Пселл. Хронография. Краткая история / Пер. Я. Н. Любарский, Д. А. Черноглазов, Д. Р. Абдрахманова. — М., 1978.

Зноскі

  1. data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Swartz A. Michael Psellus // Open Library — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Michael Psellus // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 Пселл, Михаил // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  5. Perikles P. Joannou: «Psellos et le monastère «Τὰ Ναρσοῦ». Byzantinische Zeitschrift 44: 283—290.
  6. Herbert Hunger: Die hochsprachliche profane Literatur der Byzantiner. 2 vols. München 1978.
  7. Ioannes Polemis: «When did Psellos die?» Byzantinische Zeitschrift 58: 73-76.
  8. Памятники византийской литературы IX—XIV веков. — М., 1969. — С. 134;
  9. Михаил Пселл. Хронография. — М., 1978. — С.198 (артыкул Я. М. Любарскага);
  10. Культура Византии. Вторая половина VII—XII века. — М., 1989. — С. 49;
  11. P. Gautier, Theophylacte d’Achrida. Lettres. Corpus Fontium Historiae Byzantinae. Series Thessalonicensis 16.2. Thessalonica: Association for Byzantine Research, 1986. Letter 132
  12. The Great Schism: The Estrangement of Eastern and Western Christendom (англ.) .
  13. Михаил Пселл. Хронография. -- М., 1978. -- С. 232 (артыкул Я. М. Любарскага)
  14. Логический квадрат // Философская Энциклопедия. В 5-х т. / Под редакцией Ф. В. Константинова. — М.: Советская энциклопедия, 1960—1970.
  15. Логический квадрат // Словарь по логике / А. А. Ивин, А. Л. Никифоров. — М.: Туманит, изд. центр ВЛАДОС, 1997.
  16. Гл.: Михаил Пселл. Богословские сочинения / Пер. с греч. пред. и прим. архимандрита Амвросия (Погодина). — СПб., 1998. — С. 30-31, 33-45.
  17. Krumbacher K. Geschichte der Byzantinischen Literatur (527—1453). — Munchen, 1891. — S. 177—178.
  18. Lexicon fur theologie und Kirche. Freiburg im Breisgau, 1962. Bd. 7. — S. 398—399.
  19. Adrian Fortescue. Michael Psellus // The Catholic Encyclopedia. 1911. V. XII. — P. 545.
  20. Περί δόγματος // PG. V. 122. Col. 811—818.
  21. Раздзелы 1-19, гл.: Διδασκαλία Παντοδάπη // PG. V. 122. Col. 819—876.
  22. Михаил Пселл. Богословские сочинения. — С. 103—276.
  23. Διδασκαλία Παντοδάπη // PG. V. 122. Col. 687—725.
  24. Michaelis Pselli Philosophica Minora (далее Phil. Min.) / Ed. D.J. O’Meara. Leipzig, 1989. V. II. S. 160—162; гл. таксама: Михаил Пселл. Богословские сочинения. С. 97-102.
  25. Περί δαιμόνων // Phil. Min. V. II. S. 158—159.
  26. Περί ενέργειας δαιμόνων // PG. V. 122. Col. 819—876.
  27. Τίνα περί δαιμόνων Δοξάζουσιν Έλληνες // PG. V. 122. Col. 875—882.
  28. Ἑλληνικαί διατάξεις περί δαιμόνων // Phil. Min. V. II. S. 123—126.
  29. Περί θεολογίας καί διακρίσεως δογμάτων Ἑλληνικῶν // Phil. Min. V. II. S. 117—120. // Phil. Min. V. II. S. 117—120.
  30. Ἔκθεσις τοῦ δόγματος τῶν Ὠριγενιαστῶν τῆς τών σωμάτων ἀναστάσεως καί μερική τούτου ἀνατροπή // Phil. Min. V. II. S. 75-76.
  31. Michaelis Pselli theologica / Ed. P. Gautier. Leipzig, 1989. V.1.
  32. Гл.: Безобразов П. В. Любарский Я. Н. Две книги о Михаиле Пселле. — СПб., 2001.
  33. Paul Lemerle: Le premier humanisme byzantin: Notes et remarques sur enseignement et culture à Byzance des origines au Xe siècle. — Paris, 1971. (ch. 6)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Любарский Я. Н. Михаил Пселл. Личность и творчество. — М., 1978;
  • ODB. Vol. III. — P. 1752—1753;
  • Бибиков М. В. Byzantinorossica. — Т.1. — М., 2004. — С. 422—429.