Перайсці да зместу

Міхаіл Сямёнавіч Кутарга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Сямёнавіч Кутарга
руск.: Михаил Семёнович Куторга
Дата нараджэння 6 (18) ліпеня 1809[1][2]
Месца нараджэння Чэрыкаў
Дата смерці 26 мая (7 чэрвеня) 1886[1][2] (76 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Сямён Кутарга
Род дзейнасці гісторык, элініст, класіцыст, выкладчык універсітэта, бібліятэкар
Навуковая сфера гісторыя[3] і палітычная гісторыя[d][3]
Месца працы
Навуковая ступень доктар філасофіі
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Бартальд Георг Нібур
Вядомыя вучні Мікалай Астаф'еў
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхаіл Сямёнавіч Кутарга (6 (18) ліпеня 1809, Чэрыкаў — 26 мая (7 чэрвеня1886, Барок Мсціслаўскага павета) — расійскі гісторык-элініст, пачынальнік рускага прафесійнага антыказнаўства, першы самастойны рускі даследчык старажытнагрэцкай гісторыі. Прафесар гісторыі Санкт-Пецярбургскага (1844—1869) і Маскоўскага (1869-74) універсітэтаў, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1848)[4].

У сваёй навуковай дзейнасці асаблівую ўвагу надаваў гісторыі Афін V—IV стагоддзяў да н. э., у прыватнасці часу станаўлення і развіцця Афінскай дэмакратыі.

Заснавальнік Пецярбургскай гістарычнай школы[5].

Нарадзіўся ў г. Чэрыкаў Магілёўскай губерні[6] ў сям’і дробнага чыноўніка — губернскага сакратара. Брат Сцяпана Сямёнавіча Кутаргі. У 1813 годзе сям’я пераехала ў Санкт-Пецярбург, да месца службы бацькі. У 1827 годзе скончыў 3-ю Пецярбургскую гімназію і паступіў на славеснае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак ужо ў 1828 годзе, як і яго брат Сцяпан, быў абраны для навучання ў Прафесарскім інстытуце пры Дэрпцкім універсітэце, дзе займаўся з ліпеня 1828 да пачатку 1833 года (у 1832 годзе абараніў дысертацыю «De tribubus Atticis eorumque cum regni partibus» на званне магістра філасофіі). Затым быў адпраўлены за мяжу; займаўся ў Парыжы, Гейдэльбергу, Мюнхене, але большую частку свайго замежнага двухгадовага знаходжання — у Берліне, дзе далучыўся да «Нібураўскай школы», якая вывучала антычны свет з дапамогай строгага крытычнага вывучэння першакрыніц (перш за ўсё — класічных пісьменнікаў). Пасля, ён яшчэ тройчы здзяйсняў замежныя паездкі ў Грэцыю, Малую Азію, Егіпет з навукова-даследчай мэтай (1859, 1861 і 1872).

Па вяртанні з-за мяжы, ён атрымаў пасаду ад’юнкта ў Пецярбургскім універсітэце, у якім выкладаў да 1869 года, калі перайшоў у Імператарскі Маскоўскі універсітэт. У Санкт-Пецярбургу ён абараніў доктарскую дысертацыю «Калены і саслоўі атычныя» і атрымаў званне экстраардынарнага прафесара на кафедры ўсеагульнай гісторыі (1838); з 1844 года — ардынарны прафесар; з 1864 года — ганаровы член Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Акрамя гэтага, ён з 1840 года загадваў музеем прыгожых мастацтваў і старажытнасцяў пры Пецярбургскім універсітэце, а з 1842 года быў бібліятэкарам пры Імператарскай публічнай бібліятэцы. Таксама чытаў усеагульную гісторыю ў Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, у якой быў членам праўлення. Са жніўня 1857 года быў ардынарным прафесарам у Галоўным педагагічным інстытуце.

Ардынарны прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта (1869—1874). Заслужаны прафесар Маскоўскага універсітэта (1872).

Член-карэспандэнт гісторыка-філалагічнага аддзялення (па разрадзе гістарычных і палітычных навук) Пецярбургскай Акадэміі навук з 2 снежня 1848 года.

Выйшаўшы ў адстаўку пасяліўся ў сваім маёнтку Барок Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, дзе і памёр. Пакінуў вялікую бібліятэку рэдкіх кніг па гісторыі, якая перайшла да яго пляменніка Міхаіла Сцяпанавіча Кутаргі, а пасля смерці апошняга была распрададзена на аўкцыёне ў 1906 годзе[7].

Пахаваны на Аляксандра-Неўскіх праваслаўных могілках у Санкт-Пецярбургу.

Быў жанаты на Аляксандры Герасімаўне Устралавай, сястры гісторыка Мікалая Герасімавіча Устралова.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Яго магістарская і доктарская дысертацыі былі прысвечаны разбору племяннога ладу ў Старажытнай Грэцыі ў ранні перыяд яе гісторыі[8]: ступень магістра філасофіі ён атрымаў за дысертацыю «De tribubus Attieis eorumque cum regni partibus» (Дэрпт, 1832), а доктара філасофіі — за дысертацыю «Калены і саслоўі атычныя» (СПб., 1838).

Аўтар шматлікіх прац па гісторыі Грэцыі, Персіі, Егіпта, якія пераважна друкаваў у часопісе «Современник».

Выдатна ведаючы гістарычныя крыніцы, ён развіваў перадавыя на той час падыходы да ix вывучэння. Яго лекцыі мелі строга навуковы крытычны кірунак. У канцы 1840-х гадоў арганізаваў у сваім доме гістарычны семінарый, на якім знаёміў вучняў з прыёмамі гістарычнай крытыкі.

Першая праца Кутаргі, прысвечаная гісторыі Афінскай дэмакратыі — «Гісторыя афінскай рэспублікі ад забойства Іпархаа да смерці Мільтыяда» (1848), дзе асноўную ўвагу надаў палітычнай барацьбе арыстакратыі і дэмакратыі ў Грэцыі і ў Афінах[9]; кніга атрымала найвышэйшую ацэнку Чарнышэўскага[10]. Асобную працу ў 1853 годзе Кутарга прысвяціў заканадаўству Клісфена, дзе абапіраючыся на сведчанне арыстоцелевай «Палітыкі»[11] зрабіў выснову, што Клісфен прыняў у саслоўе грамадзян увесь клас метэкаў, які складаўся з аддзелаў метэкаў-замежнікаў і метэкаў-рабоў. Далейшыя працы ў 1850-я гады, па перавазе, былі звязаны з яго пошукамі ў галіне храналогіі. Так, храналогіі персідскіх войнаў прысвечана праца «Персідскія вайны. Крытычныя даследаванні падзей эпохі старажытнай грэцкай гісторыі» (1858).

Герб братоў Сцяпана і Міхаіла Кутарга (1841) унесены ў частку 11 агульнага гербоўніка дваранскіх родаў Усерасійскай імперыі.  С. 147

Новы ўсплёск цікавасці да палітычнай гісторыі Грэцыі V стагоддзя да н. э., і ў прыватнасці, да пытанняў, звязаных з гісторыяй Афінскай дэмакратыі, паўстаў у Кутаргі ў 1860-я гады, што, трэба думаць, было непасрэдна звязана з надыходам эпохі ліберальных рэформаў у Расіі, а таксама з развіццём ідэй панславізма, што нараджала асаблівую цікавасць да грэка-славянскага свету. Мабыць, не выпадкова, што з’яўленне праграмнага артыкула Кутаргі «Уводзіны ў гісторыю старажытнай грэцкай адукаванасці», дзе гісторык казаў пра асаблівую значнасці для рускіх вывучэння гісторыі Старажытнай Грэцыі, супала па часе з правядзеннем у Расіі Славянскага з’езда[12]. Менавіта ў 1860—70-я гады Кутарга казаў пра неабходнасць стварэння нацыянальнай самабытнай навукі аб антычнасці, у гэты ж час зараджаецца яго арыгінальны погляд на развіццё Афінскай дэмакратыі пры Перыкле. На думку Кутаргі, пры Перыкле у Афінах склаўся асаблівы палітычны лад, які прыйшоў на змену дэмакратыі[13]. Гэты лад Кутарга называў палітыяй. Палітыя, на яго думку, была самым дасканалым ладам старажытнага свету і ўяўляла сабой дзяржаўны лад, у якім былі зняты ўсе супярэчнасці, характэрныя як для арыстакратыі, так і для дэмакратыі[14]. Палітыя ўяўляла сабой, як лічыў Кутарга, раўнапраўную грамадзянскую абшчыну, дзе мірна ўжываюцца ўсе пласты грамадства[15].

На яго думку, «ні адзін пачатак не зрабіў на рускую народнасць такога моцнага ўплыву і не пракраўся так глыбока, як пачатак элінскі»[16].

  • Собр. соч. Т. 1-2. СПб., 1894—1896
  • De tribubus Atticis eorumque cum regni partibus nexu. Dorpate, 1832
  • Политическое устройство германцев до шестого столетия. СПб., 1837
  • Колена и сословия аттические. СПб., 1838
  • Исторические воспоминания путешественника: «Версаль» СПб., 1839
  • О собрании называемом: Notitia dignatatum Imperii Romani. СПб., 1839
  • Лудовик XIV. СПб., 1843
  • О поэтической и философической стороне афинской образованности. СПб., 1843
  • История Афинской республики от убиения Иппарха до смерти Мильтиада. СПб., 1848
  • Персидские войны, критические исследования о событиях этой эпохи древней греческой философии. СПб., 1858
  • Examen de la dissertation de Richard Bentley sur l’authenticite des lettres de Themistocle. Paris, 1861

Зноскі

  1. а б в Куторга, Михаил Семенович // Русский биографический словарьСПб.: 1903. — Т. 9. — С. 619–621.
  2. а б в Сотрудники Российской национальной библиотеки
  3. а б Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
  4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. X—XIX стагоддзі: энцыкл. даведнік. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 471.
  5. Фролов Э. Д. Традиции классицизма и петербургское антиковедение Архівавана 25 верасня 2015.
  6. Ёсць розначытанні пра месца нараджэння. Версія пра Мсціслаў пацвярджаецца лістом Міхаіла Кутаргі: «Вы желали иметь мою родословную. Я родился 1809 года 6-го ноября от благородных родителей в городе Мстиславле Могилевской губернии. Отец мой служит в штатской службе в Петербурге. Я воспитывался в гимназии с Вашим сыном 4 года, потом в Петербургском университете 1½ года и вместе с ним выбран в Профессорский институт». Татьяна Шор. Библиотека дерптского студента-поэта Павла Шкляревского. НЛО, номер 4, 2021. Але ў асабістым архіве М. Кутаргі (АР РНБ) захоўваецца выпіска запісу пра хрост, дзе як месца нараджэння пазначаны Чэрыкаў (інфармацыя прадстаўлена Мікалаем Нікалаевым).
  7. Фролова, О. Э. Издания Этьеннов из собрания М. С. Куторги в РНБ Архівавана 13 ліпеня 2020. // Мнемон: исслед. и публ. по истории антич. мира. — Санкт-Петербург, 2005. — Вып.4. — С. 453—464.
  8. Константинова А. Д. Жизнь и научная деятельность М. С. Куторги. — С. 85—86, 100—101.
  9. Константинова А. Д. Жизнь и научная деятельность М. С. Куторги. — С. 103.
  10. Journal of ancient history - Google Books. Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2022.
  11. Arist. Pol., III, 1, 10.
  12. Георгиев П. В. Русский панславизм XIX века и античная демократия: концепция политии М. С. Куторги // Учёные записки Казанского Государственного Университета, 2008. — Т. 150. — Кн. 1. Серия Гуманитарные науки. — С. 214—218.
  13. Куторга М. С. Собрание сочинений. — Т. 1. — С. 77; Т. 2. — С. 202, 220, 319.
  14. Куторга М. С. Собрание сочинений. — Т. 2. — С. 304—319.
  15. Куторга М. С. Собрание сочинений. — Т. 1. — С. 77—78.
  16. В. С. Сергеев. Историография древней Греции // История Древней Греции Архівавана 24 красавіка 2014.