Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка
Дата нараджэння 19 мая 1936(1936-05-19) (83 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці вучоны
Навуковая сфера этнаграфія, этналогія, гісторыя
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Вядомы як аўтар уласнай канцэпцыі беларускага этнагенезу

Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 мая 1936, вёска Нежыхаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласць, Беларуская ССР) — беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар (1994—2004) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.

У 1964—1967 вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 працаваў на гістарычным факультэце БДУ, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 — дацэнт, прафесар — 1995, 1994 — член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).

З 1991 М.Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з мая 1994 па 2004 – ён дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.

З 2004 — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута. Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі “Этнаграфія Беларусі” (1980), “Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя” (1991), сааўтар калектыўных прац “Гістарычнае краязнаўства Беларусі” (1980), “Народная педагогіка беларусаў” (1996), “Беларусы” (1998), “Беларусь на мяжы тысячагоддзяў” (2000), “Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё” (2001), “Беларусы. Т. 5. Сям'я” (2001), “Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі” (2002).

Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца “Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці” (1969), “Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў” (1969), “Сям'я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.” (1970), “З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору” (1970), “Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый” (1990), “Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі” (1995), “Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў” і інш.

У працы “Этнаграфія Беларусі” разглядае фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]