Перайсці да зместу

Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў
Дата нараджэння 21 студзеня 1956(1956-01-21) (68 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці навуковец
Месца працы
Навуковая ступень доктар біялагічных навук (2006)
Навуковае званне
Альма-матар

Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў (нар. 21 студзеня 1956, в. Наваельня, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі біёлаг, заолаг, эколаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар біялагічных навук (2006), прафесар (2007). Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1978).

З 1977 года у Інстытуце заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: у 1977—1984 гадах старшы лабарант, у 1984—1989 гадах малодшы навуковы супрацоўнік, у 1992 годзе навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік. З 1992 года загадчык лабараторыі арніталогіі. У 1992—1995 годах в.а. вучонага сакратара, у 1995—2002 гадах намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 2002—2007 гадах дырэктар Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2007—2014 гадах генеральны дырэктар ДНВА «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах». З 2014 года акадэмік-сакратар Аддзялення біялагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].

За поспехі ў прафесійнай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці шматразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі профільных міністэрстваў, Прэзідыума НАН Беларусі, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя даследаванні ў галіне заалогіі, у тым ліку малекулярна-генетычнага профілю, арніталогіі, заа- і філагеаграфіі, экалогіі, аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання біялагічных рэсурсаў. Асноўныя напрамкі даследаванняў: уплыў прыродных і антрапагенных фактараў, уключаючы наступствы аварыі на ЧАЭС, на стан фаўністычных комплексаў і дынаміку біялагічнай разнастайнасці; вывучэнне структуры і дынамікі арнітафаўны, міграцый і тэрытарыяльных агрэгацый птушак на працягу галацэну і на сучасным этапе; генетычная структура папуляцый відаў пазваночных жывёл у арэале і малекулярна-генетычныя аспекты фаўнагенезу Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў галацэне.

Апісаны заканамернасці і мадэлі рассялення папуляцый птушак цэнтральнай Еўропы і Беларусі на пазнейшых этапах ледніковага перыяду і пасля яго завяршэння. Абгрунтавана лакалізацыя сістэмы рэфугіумаў і рэфугіяльных зон Еўропы, якія абумовілі ледніковую ізаляцыю і марфалагічную дыферэнцыяцыю папуляцый птушак і далі пачатак іх рассяленню пасля завяршэння абледзянення. Выканана шырокая серыя работ па выяўленні фактараў, якія вызначаюць змяненне колькасці відаў птушак у сучасных умовах, як аснова для распрацоўкі міжнародных і нацыянальных планаў дзеянняў па захаванні глабальна пагражальных відаў, прапанаваны меры па зніжэнні негатыўнага ўплыву праблемных відаў птушак. Распрацаваны навуковыя асновы і практычныя меры па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біяразнастайнасці жывёльнага свету і экасістэм, фарміраванні нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экасетку.

Арганізатар і кіраўнік новага напрамку ў развіцці беларускай заалагічнай навукі — малекулярнай заалогіі. Пры яго непасрэдным садзейнічанні сфарміраваны і актыўна выкарыстоўваецца генетычны банк дзікай фаўны. Стварыў нацыянальны цэнтр кальцавання і вывучэння міграцый птушак, які ўваходзіць у еўрапейскую сістэму цэнтраў кальцавання.

Навуковыя вынікі і матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы розных выданняў Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, адлюстраваны ў адпаведных раздзелах Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь, прыменены пры падрыхтоўцы прагнозаў і нацыянальных дакладаў аб стане навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у распрацоўках рэспубліканскай Схемы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, канцэпцыі і схемы фарміравання Нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку.

Арганізатар Беларускага арніталагічнага таварыства, з 1998 па 2004 гг. прэзідэнт грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая з’яўляецца прадстаўніком «BirdLife International» у Беларусі. Старшыня Беларускай арніта-фаўністычнай камісіі. Старшыня рэдакцыйнай калегіі часопіса «Весці НАН Беларусі, серыя біялагічных навук», старшыня секцыі АБН Навуковага савета БРФФД, член рэдакцыйна-выдавецкай камісіі НАН Беларусі. Уваходзіць у склад рэдкалегіі навуковага арніталагічнага бюлетэня «Subbuteo», міжведамаснага бюлетэня «Прыродныя рэсурсы», часопіса «Лясная і паляўнічая гаспадарка».

Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 1 аўтарскае пасведчанне, 4 патэнты на вынаходствы.

  • Птицы Белоруссии: справочник определитель гнезд и яиц. Мн.: Вышэйшая школа, 1989 (совм. с Б. В. Яминским, Л. П. Шкляровым).
  • Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік (Рэд.). Варшава: Навуковае выдавецтва ПВН, 2000.
  • Формирование и структура орнитофауны Беларуси. Мн.: Беларуская навука. 2008.
  • Красная книга Республики Беларусь. Животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных, 4-е изд. Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. (гл. редкол.: И. М. Качановский (предс.), М. Е. Никифоров, В. И. Парфенов [и др.]).

Зноскі