Міцкевіч на скале Аю-Даг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валянцін Ваньковіч
Міцкевіч на скале Аю-Даг. 1828
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 148 × 123 см
Нацыянальны музей у Варшаве, Польшча
(інв. MP 309 і MP 309 MNW)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міцкевіч на скале Аю-Даг — карціна Валянціна Ваньковіча, напісаная і ўпершыню выстаўленая ў 1828 годзе на выставе ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Гэтая карціна прынесла Ваньковічу вядомасць. Дзякуючы міцкевіцкай тэме Ваньковіч заслужыў ганаровае месца класіка ў польскім, літоўскім і беларускім мастацтве, паколькі апынуўся першым мастаком, які захаваў для нашчадкаў натхнёны вобраз стваральніка «Гражыны», «Свіцязі», «Пана Тадэвуша». Партрэт атрымаў такую ​​папулярнасць, што Ваньковічу давялося выканаць некалькі маляўнічых копій, у тым ліку копію яму замовіў і сам герой карціны. Ваньковіч стварыў і ўдалы вобраз паэта для літаграфіі. Калі ў 1829 г. Ваньковіч вярнуўся ў Мінск, ён лічыўся ўжо вядомым мастаком, аўтарам «Партрэта А. Міцкевіча»[1].

Нагодай для стварэння карціны паслужыў вершаваны цыкл Адама Міцкевіча «Крымскія санеты» (1826) і асабліва васямнаццаты санет «Аюдаг», які пачынаецца радкамі:

Люблю, зачараваны, Аюдаг, табою
З вяршыні пазіраць, як чорнымі радамі
Ідуць валы, як потым срэбнымі снягамі
Яны ў мільённых пырсках ззяюць над вадою...

—Пераклад Ірыны Багдановіч

Партрэт набыў значэнне маніфесту рамантызму ў беларускім жывапісе. Ваньковіч дасягнуў у ім прафесійнай смеласці і прадэманстраваў непаўторную адоранасць[2].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Карціна намаляваная свабодным і лёгкім мазком, у адзінай плыні формы. Колеры някідкія і злучаюцца ў далікатныя гамы шматслойнага пісьма[2].

Фігура Адама Міцкевіча адлюстраваная ў профіль. Ён абапёрся локцем на выступ скалы і прытуліў руку да шчакі. Твар паэта падкрэслены густой фрызурай з завіткамі бакенбардаў. Партрэт пабудаваны на спалучэнні мяккіх, чулых і адначасна рашучых і мужных пачаткаў[3]. Мяккі выгіб шыі пераходзіць у форму жывога падбародка. Вусны шчыльна сцятыя.

Адзенне паэта складае элегантная светлая кашуля, пад каўняром якой і на грудзях павязаны шырокі шаўковы шаль, на плечы накінута каўказская бурка.

На выступе скалы за плячыма паэта паказваецца ліра, што, на думку Яўгена Шунейка, пераўтварае скалу Аю-Даг у міфалагічны Алімп і сімвалізуе талент Адама Міцкевіча[3].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

Некаторый час карціна захоўвалася ў карціннай галерэі Палацава-паркавага комплексу Манюшкаў у Смілавічах.

Зноскі

  1. ВАНЬКОВИЧ, Валентий (руск.)
  2. а б Буйвал, В. «MAESTRO ВАЛЕНЦІ» Да 200-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча (1800—1842) // Наша Вера. — 2000. — № 1.
  3. а б Шунейка, Я. На Вяршыні натхнення «Міцкевіч на скале Аюдаг». — Мінск: 1994. — № 7—8. — С. 129—131.