Міціо Судзукі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міціо Судзукі
яп.: 鈴木 道雄
Род дзейнасці бізнесмен, вынаходнік, інжынер
Дата нараджэння 18 лютага 1887(1887-02-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 кастрычніка 1982(1982-10-27) (95 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Order of the Rising Sun, 2nd class Medal with Blue Ribbon
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міціо Судзукі (яп.: 鈴木 道雄 Suzuki Michio); 18 лютага 1887, прэфектура Сідзуока, Японія — 27 лістапада 1982, Хамамацу, Японія) — японскі прадпрымальнік і вынаходнік, заснавальнік кампаніі Suzuki Motor Corporation.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 18 лютага 1887 года ў вёсцы Нэдзуміномура (鼠野村), прэфектура Сідзуока, невялікай вёсцы фермераў і ткачоў з бавоўны. Ён быў названы ў гонар гістарычнай асобы і бажаства сінтаізма Сугавары-но Міцідзанэ[1][заўв 1]. Як сын фермераў, якія займаліся вырошчваннем бавоўны, Судзукі працаваў на палях з сямі-васьмі гадоў. Аднак Судзукі заўсёды аддаваў перавагу больш кваліфікаванай працы, таму ў 1901 годзе, ва ўзросце чатырнаццаці гадоў, ён пачаў сямігадовае навучанне пад строгім кіраўніцтвам цесляра Катаро Імамуры[1].

Калі ў 1904 годзе пачалася руска-японская вайна, попыт на кваліфікаваных майстроў быў нізкі, і Імамура быў вымушаны разам са сваім вучнем узяць на сябе працу па абслугоўванні ткацкіх станкоў на заводзе. Нягледзячы на тое, што Імамура лічыў гэтую працу непрыдатнай для майстра яго ўзроўню, Судзукі дасягнуў поспеху ў гэтай сферы, і яна натхніла яго на наступныя інавацыі.

Заснаванне кампаніі Suzuki Loom Manufacturing[правіць | правіць зыходнік]

Судзукі скончыў сваё навучанне ў 1908 годзе ва ўзросце 21 года, і ў наступным годзе атрымаў кантроль над сямейнай фермай па вытворчасці шаўкапрада[заўв 2], хутка ператварыўшы яе ў майстэрню па вытворчасці ткацкіх станкоў. З-за невысокага росту Судзукі быў аднесены да другаснай рэзервовай катэгорыі японскага імператарскага прызыву, што дазволіла яму засяродзіцца на вытворчасці ткацкіх станкоў. Яго першым новаўвядзеннем быў ткацкі станок з педальным прывадам, які ён падарыў сваёй маці, і тая выкарыстала яго для ткацтва тканіны ў дзесяць разоў хутчэй, чым з ручным ткацкім станком[2]. Чуткі аб вынаходстве Судзукі хутка распаўсюдзіліся, і ён пачаў масавую вытворчасць сваіх новых ткацкіх станкоў, заснаваўшы ў кастрычніку 1909 года кампанію па вытворчасці ткацкіх станкоў Suzuki Loom Manufacturing Company.

На працягу наступных некалькіх гадоў Судзукі працягваў удасканальваць ткацкія станкі, часта з улікам парад ткачоў, якія іх выкарыстоўвалі. Кампанія стала публічнай у 1920 годзе і набыла міжнародную вядомасць праз дзесяць гадоў з вытворчасцю ткацкага станка з перфакартамі, які экспартаваўся па ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі дзякуючы сваёй эфектыўнасці ў пляценні саронгаў[2]. Аднак гэты поспех быў нядоўгім, бо экспартны рынак Японіі хутка скараціўся пасля яе выхаду з Лігі Нацый у 1933 годзе.

Suzuki Motor Company[правіць | правіць зыходнік]

Не задаволіўшыся абмежаваннем сваіх інавацый вытворчасцю ткацкіх станкоў, Судзукі таксама пачаў эксперыментаваць з аўтамабільнымі тэхналогіямі ў сярэдзіне 1930-х гадоў, распрацаваўшы прататып аўтамабіля ў 1936 годзе. Гэтая праца была сарвана Другой сусветнай вайной. Як і іншыя цывільныя заводы, карпарацыя Suzuki прымусова перапрафілявала абсталяванне для дапамогі ў ваенных дзеяннях, у выпадку Suzuki з мэтай вытворчасці боепрыпасаў.

Пасля вайны карпарацыя Suzuki была адной з многіх, якія выйгралі ад японскага эканамічнага цуду, што дазволіла Suzuki аднавіць сваю даваенную працу над матарызаваным транспартам. У 1952 годзе карпарацыя Suzuki выпусціла свой першы матарызаваны транспартны сродак, «Power Free» — ровар з двухтактным рухавіком аб’ёмам 36 куб. см. У 1954 годзе Suzuki Loom Manufacturing Company была перайменавана ў Suzuki Motor Corporation. У наступным годзе кампанія выпусціла свой першы аўтамабіль Suzulight, які апярэдзіў бум кей-караў і прадставіў некалькі тэхнічных навінак.

Пазнейшае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Судзукі сышоў з пасады прэзідэнта Suzuki Motor Corporation у 1957 годзе ва ўзросце 70 гадоў, стаўшы членам савета дарадцаў. Пасаду прэзідэнта кампаніі заняў яго зяць Сюндзо Судзукі.

Міціо Судзукі памёр 27 кастрычніка 1982 года.

Інавацыі[правіць | правіць зыходнік]

Судзукі быў плённым вынаходнікам на працягу ўсяго свайго жыцця, валодаючы больш чым 120 патэнтамі ў розных галінах тэхнікі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Тэхналогія ткацкага станка[правіць | правіць зыходнік]

  • Ткацкі станок з дрэва і жалеза (1909);
  • Двухчаўночны падлогавы станок, здольны ткаць паласатае палатно (1911);
  • Станок для ткання саронг, які выкарыстоўваў сістэму перфакарт, падобную да жакардавых ткацкіх станкоў, але быў надзвычай эфектыўны ў выкарыстанні карт (1930)[5].

Матацыклы[правіць | правіць зыходнік]

Вызваленная магутнасць (Power Free)
  • «Power Free» — мапед. Аб’ём матора складаў 36 куб. см., а магутнасць — 1 к.с. Яздок мог сам круціць педалі, альбо выкарыстоўваць рухавік. У 1953 годзе выў выпушчаны «Power Free» з рухавіком 60 куб. см. і магутнасцю 2 к.с.
Suzuki Colleda
  • Suzuki Colleda — першы матацыкл маркі. Выпушчаны ў 1954 годзе. Праз два гады яго канструкцыя ўдасканалена і ён атрымаў двухцыліндравы рухавік.

Аўтамабілі[правіць | правіць зыходнік]

Suzuki Suzulight
  • Suzuki Suzulight — невялікі аўтамабіль. Меў падвеску з падвойнымі рычагамі і рэечным рулявым кіраваннем, абодва з якіх значна апярэдзілі свой час[6].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Імя Міціо ўтворана спалучэннем сімвала 道 (Міці) ад 道真 (Міцідзанэ) з сімвалам 雄 (о), канчаткам для мужчынскіх імёнаў.
  2. Няма адзінага меркавання адносна характару набыцця фермы: Suzuki New Zealand[2] і Hamamatsu Information Book[1] сцвярджаюць, што яна была дадзена сям’ёй; Suzuki South Africa[3] сцвярджае, што яна была пазычаная, а The Notable Names Database[4] пазначае, што яна была арандавана.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ozeki, Kazuo (2007). Suzuki Story: Small Cars, Big Ambitions. Tokyo: Miki Press. ISBN 978-4-89522-503-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]