Н’юнгар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Н'юнгар)
Н'юнгар
(Noongar, Nyoongar)
Агульная колькасць 21000 (2001 г.)
Рэгіёны пражывання Заходняя Аўстралія
Мова нунгар
Рэлігія культ продкаў, анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Н'юнгар (саманазвы: Noongar, Nyoongar) — аўстралійскія абарыгены, карэнныя жыхары поўдню Заходняй Аўстраліі. Агульная колькасць (2001 г.) — 21 000 чалавек.

Падзел[правіць | правіць зыходнік]

Н'юнгар фактычна з'яўляюцца моўнай групай. Яны традыцыйна падзяляюцца на 14 моўна-тэрытарыяльныя падгрупы:

  • Амангу
  • Балардонг
  • Варданды
  • Віілман
  • Вуджары
  • В'яджук
  • Канеанг
  • Корэнг
  • Міненг
  • Нджакінджакі
  • Нджунга
  • Пібелмен
  • Пінджаруб
  • Юэд

Агульная назва н'юнгар узнікла пад уплывам белых перасяленцаў і паходзіць ад слова, якое значыць «чалавек».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фота 1907 г.

Н'юнгар лічацца прамымі нашчадкамі першых людзей сучаснага тыпу, што з'явіліся ў Заходняй Аўстраліі каля 47 000 гадоў таму. Да прыбыцця еўрапейцаў паўднёвы захад Аўстраліі насяляла ад 6 000 да 10 000 тубыльцаў[1]. Яны жылі ў розных экалагічных зонах, падзяляліся на 14 моўна-тэрытарыяльныя групы, займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам.

У 1829 г. брытанскія перасяленцы заснавалі паселішча на месцы будучага Перта. З гэтага часу кантакты паміж н'юнгар і веджэла (еўрапейцамі) набылі сталы характар. Першыя каланіяльныя ўлады разглядалі абарыгенаў як магчымую пагрозу, таму імкнуліся кантраляваць іх праз пашырэнне на іх дзеяння брытанскага заканадаўства. Часцяком меры мелі аднабаковы характар. Каланісты, што здзяйснялі ўчынкі супраць н'юнгар, апраўдваліся. Затое ў 1832 г. Яган, адзін з правадыроў прыбярэжных н'юнгар, быў арыштаваны і заключаны ў турму нібы за забойства перасяленца. У 1837 г. улады апублікавалі інструкцыі, у якіх радзілі каланістам прадпрымаць высілкі для «абароны» ад тубыльцаў[2].

Горшым наступствам кантактаў сталі эпідэмічныя хваробы, завезеныя еўрапейцамі. У выніку доўгай ізаляцыі Аўстраліі ў абарыгенаў не было імунітэту супраць іх. На мяжы XIX ст. і XX ст. колькасць н'юнгар скарацілася прыкладна да 1 200 чалавек[1]. Яны апынуліся ў залежнасці ад перасяленцаў і місіянераў. У 1886 г. быў прыняты акт абароны абарыгенаў[3], створана спецыяльная камісія, пачалі заключацца зямельныя дагаворы для гарантавання правоў тубыльцаў на занятыя імі тэрыторыі. Недахопам першасных высілкаў абаронцаў было тое, што яны імкнуліся «прыстасаваць» карэннае насельніцтва да змен праз укараненне еўрапейскіх звычаяў і такім чынам разбуралі арыгінальную культуру.

У другой палове XX ст. прадстаўнікі н'юнгар далучыліся да агульнага руху абарыгенаў Аўстраліі за свае правы. У немалой ступені гэтаму садзейнічала навуковае вывучэнне іх гісторыі і сучаснасці, фарміраванне пісьмовай мовы, падвышэнне ўзроўню адукацыі. У 2016 г. парламент Заходняй Аўстраліі прызнаў н'юнгар[4] традыцыйнымі ўладальнікамі зямель поўдню штата.

Культурныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Да кантактаў з еўрапейцамі н'юнгар насялялі прыбярэжныя раўніны, плато і яго схілы. Насельнікі прыбярэжных раўнін болей залежалі ад рэсурсаў мясцовых невялікіх рэк і азёр. Жыхары плато вялі вандроўны лад жыцця, палявалі і займаліся збіральніцтвам. Яны здабывалі і апрацоўвалі кварц і крэмень. Сезоннай вопраткай з'яўлялася аблачэнне са скуры кенгуру. Пасля з'яўлення брытанскіх каланістаў н'юнгар актыўна далучаліся да працы на фермах, у місіях і гарадскіх прадпрыемствах. Улады Заходняй Аўстраліі першасна разглядалі іх як танную працоўную сілу. Пазней пачалі дзейнічаць сацыяльныя праграмы дапамогі абарыгенам.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай здаўна з'яўлялася пашыраная сям'я. Некалькі сем'яў складалі род, аб'яднаны памяццю пра агульных продкаў і супольнымі святамі. У прыбярэжных н'юнгар роды лічыліся ўладальнікамі пэўных паляўнічых тэрыторый, арганізоўвалі супольныя паляванні. На чале роду вылучаліся выбраныя правадыры. У астатніх н'юнгар большую сацыяльную ролю адыгрывалі вандроўныя групы, што ўключалі некалькі сем'яў, не абавязкова злучаных сваяцтвам. Такія групы часцяком мелі часовы характар. Правадыры ў іх вылучаліся толькі падчас ваенных дзеянняў супраць суседзяў і не мелі ўлады ў мірны перыяд. Вялікія моўна-тэрытарыяльныя групы былі экзагамнымі. Адлік сваяцтва ў іх вёўся як па матчынай, так і па бацькоўскай лініям. Агульныя правілы паводзінаў рэгуляваліся праз kaartdijin (літаральна «веды»).

У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства, аднак захаваліся шматлікія традыцыйныя рэлігійныя вераванні. Яны абапіраюцца на анімізм і татэмізм. Н'юнгар вераць у шматлікіх духаў прыроды, падтрымку духаў продкаў, звышнатуральныя сувязі з духамі жывёл-татэмаў. Паводле паданняў, сусвет быў створаны змеям Waugal[5], які кантралюе навакольнае асяроддзе, а таму асабліва шануецца ўсімі групамі. У XIX — пачатку XX даследчыкі і місіянеры запісалі шматлікія міфы, генеалагічныя гісторыі, легенды.

З 1970—х гг. паступова сфарміравалася прафесійная культура. Прадстаўнікі н'юнгар займаюцца мастацтвам, танцамі, літаратурнай справай. Так, у Аўстраліі карыстаюцца папулярнасцю апавяданні Кіма Скота[6], пісьменніка, які ў сваіх творах адлюстроўвае культуру карэннага насельніцтва Заходняй Аўстраліі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]