Набіванка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Набіва́нка, ці набо́йка, выбо́йка — спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету.

На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найбольшага росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу набіванкі ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобласць), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобласць), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабрычнай вытворчасцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. набіванку выраблялі асобныя майстры.

Выраб[правіць | правіць зыходнік]

Набіванку рабілі двума спосабамі:

  • дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка);
  • на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.).

Звычайна набіванку рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы.

У 19 стагоддзе быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне.

Пры вырабе рознакаляровых набіванак для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з металічным (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак.

У заходніх раёнах Беларусі ў канцы 19 — пачатку 20 ст. для набіванкі выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геаметрычным узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і іншае), выразаныя з бульбы або рэпы.

Узоры ў набіванцы на Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Рысунак беларускай набіванкі лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найбольш пашыраны геаметрычны (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны раслінны арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантастычных птушак). Беларускай набіванцы характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невялікай колькасці дэкаратыўных элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна беларуская набіванка звязана з іншымі відамі народнага мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]