Наваградскі замак (балада)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наваградскі замак
Жанр балада
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання 18181819
Перакладчык Кастусь Цвірка
Электронная версія

«Наваградскі замак» — балада Яна Чачота, напісаная ў 1818—1819 гадах.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Руіны Наваградскага замка, карціна XIX ст., Напалеон Орда

У аснову сваёй балады Ян Чачот паклаў як рэальныя гістарычныя падзеі, звязаныя з вайной са шведамі за часам Яна II Казіміра, так і народныя паданні і вусныя расказы старых людзей пра злачынствы шведаў на Беларусі[1].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Балада апавядае пра здраду літоўскага князя, які, закахаўшыся ў шведскую дзяўчыну, дазволіў выманіць сабе са сховаў і аддаць Наваградскі замак на захоп і разбурэнне шведскаму войску.

Вызначэнне жанру[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі творчасці Яна Чачота Станіслаў Станкевіч і Уладзімір Мархель пагаджаюцца на тым, што дадзены вершаваны твор нельга аднесці да жанру балады праз адсутнасць элементу цудоўнасці і фантастычнай таямніцы[2][3]. У сваім творы паэт імкнуўся адшукаць гістарычную праўду, што сведчыла пра рацыяналістычны падыход да легендарнага матэрыялу.

Тэмы[правіць | правіць зыходнік]

Замкавая гара, вежы і царква ў першай палове XIX ст.
Сучасны выгляд рэшткаў замка

На думку Кастуся Цвіркі, у баладзе адбіліся тагачасныя спрэчкі прыхільнікаў класіцызму на чале з Янам Снадэцкім і рамантыкаў, якія яшчэ толькі выходзілі на сцэну. Ян Чачот хацеў прымірыць рацыяналістычнасць класіцыстаў і пачуццёвасць рамантыкаў[1]. Пра гэта яскрава сведчаць першыя радкі паэтычнага твора:

Ёсць людзі, якія нічога ўбачыць
У свеце не ўмеюць душою.
Што воку адчыніцца, так і тлумачаць
Усё, нават «дзіва» любое.
А іншыя толькі душы сваёй зрокам
На свет і глядзяць мігатлівы.
Там бачаць, дзе пуста, дзе ўсё-ўсё пад змрокам,
І ўсюды ім мрояцца дзівы.

—Наваградскі замак, 1—8

У гэтым выявілася агульная асаблівасць балад Яна Чачота, якая заключалася ў спалучэнні двух пачаткаў — асветніцка-рацыяналістычнага і рамантычнага[4]

Зноскі

  1. а б Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 293. — 327 с.
  2. Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 58. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  3. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII--XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 184
  4. Уладзімір Мархель. Станаўленне Яна Чачота як паэта і фалькларыста // Беларусіка-Albaruthenica; Кніга 10. — Мн.: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1998. С. 34

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]