Перайсці да зместу

Навум Ісакавіч Эйцінгон

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Навум Ісакавіч Эйцінгон
Дата нараджэння 6 снежня 1899(1899-12-06)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 мая 1981(1981-05-03) (81 год) ці май 1981[1] (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Род войскаў Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія
Званне генерал-маёр
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Леніна Ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Суворава II ступені Ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Чырвонай Зоркі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Навум Ісакавіч Эйцінгон (6 снежня 1899, Шклоў, Магілёўская губерня — 3 мая 1981, Масква) — савецкі разведчык, генерал-маёр дзяржаўнай бяспекі[2][3][4].

Арганізатар палітычных забойстваў, адзін з распрацоўшчыкаў аперацыі па ліквідацыі Льва Троцкага[5]. Арганізатар партызанскага руху ў тыле ворага падчас Вялікай Айчыннай вайны, з 1945 года быў намеснікам начальніка аддзела «С» НКУС (пазней НКДБ) СССР, які адказваў за збор і абагульненне разведданых па стварэнні савецкай ядзернай зброі.

Нарадзіўся ў Шклове ў яўрэйскай сям’і. Бацька Іцка-Лейзер (Ісаак) Файвелавіч Эйцінгон (1876—1912) быў канторшчыкам на папяровай фабрыцы, членам праўлення Шклоўскага пазыка-ашчаднага таварыства. Маці — Гінда (Яўгенія) Нахманаўна Гранат (1879—1959)[5]; бацькі заключылі шлюб у Магілёве 12 студзеня 1899 года. Дзед — Файвел Ізроілевіч (Ізраілевіч) Эйцінгон быў прысяжным павераным Шклоўскага павятовага і Магілёўскага акруговага судоў[6].

Сёстры і брат: Соф’я (Сара) Ісакаўна Эйцінгон (1902—1979), лекар, і Серафіма Ісакаўна (першая жонка мастака Марка Жытніцкага), інжынер-металазнаўца[7], Ізраіль Ісакавіч Эйцінгон (1905—1979), доктар тэхнічных навук. Траюрадны брат — псіхааналітык Макс Эйцінгон[8].

У шасцігадовым узросце перажыў яўрэйскі пагром у родным горадзе[5]. У 1912 годзе, пасля смерці бацькі Ісака, сям’я Эйцінгонаў пераехала са Шклова ў Магілёў[9], дзе жыла радня па маці, у тым ліку дзед Навума Файвел Эйцінгон. Вучыўся ў Магілёўскім камерцыйным вучылішчы[9].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пакінуў сёмы клас камерцыйнага вучылішча і ўладкаваўся працаваць інструктарам аддзела статыстыкі Магілёўскай гарадской управы. У 1917 годзе ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, але неўзабаве з яе выйшаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года гарадская ўправа была распушчана, перайшоў працаваць у пенсійны аддзел гарадскога савета.

Падчас нямецкай акупацыі Магілёва з сакавіка па лістапада 1918 быў рабочым цэментнага завода, дзе быў членам прафсаюзнага камітэта[9]. Паступіў на службу ў Магілёўскі губернскі харчовы камітэт на пасаду справавода 2-га разраду, затым быў прызначаны інструктарам па тавараабмену. З 20 сакавіка 1919 года перайшоў у распараджэнне бюро губернскай рабочай кааперацыі. У красавіку 1919 быў накіраваны ў Маскву на курсы пры Усерасійскім савеце рабочых кааперацый. У верасні вярнуўся на працу, але ўжо ў Гомель, куды была пераведзена губернская сталіца[10].

Навум Эйцінгон — студэнт Магілёўскага камерцыйнага вучылішча. 1915

Падчас правядзення партыйнага тыдня ў кастрычніку 1919 Эйцінгон, які быў на курсах кааперацыі, уступіў у шэрагі РКП(б). Са снежня 1919 па май 1920 года служыў ва ўстановах Гомельскага губпрафсаюза[9].

Па сцвярджэнні Паўла Судаплатава, з 1918 года служыў у Чырвонай Арміі; паводле звестак гомельскага гісторыка Анатоля Карасёва, у дакументах інфармацыі аб службе Эйцінгона ў Чырвонай Арміі няма.

Гомельскі чэкіст

[правіць | правіць зыходнік]

З 10 мая 1920 года супрацоўнік Гомельскай ЧК[9]. У дакладзе прадстаўніка ВЧК Раманоўскага ад пачатку снежня 1920 года, звязаным з рэвізіяй працы Гомельскай ГубЧК і канстатацыяй недахопаў, адзначаны асабіста Раманоўскім як «светлая пляма з упаўнаважаных». У спісе асабовага складу на 15 студзеня 1921 года значыўся як памочнік загадчыка сакрэтна-аператыўнага аддзела з адначасовым выкананнем абавязкаў загадчыка. У канцы студзеня — пачатку лютага 1921 года знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Маскве, а з 28 лютага ён часова замяшчаў старшыню Гомельскай ГубЧК Воленберга. У красавіку 1921 года, выступаючы на пасяджэнні губкама, Воленберг адзначыў, што «галоўным аддзелам з’яўляецца сакрэтна-аператыўны, які распадаецца на інстытут упаўнаважаных па розных напрамках, і ў ім найбольш прадуктыўным работнікам з’яўляецца яго кіраўнік Эйцінгон»[9].

Навум Эйцінгон — супрацоўнік Гомельскай ЧК. 1920

Прымаў удзел у аперацыі «Крот», у выніку якой былі арыштаваны каля ста чальцоў «Заходняга абласнога камітэта» арганізацыі «Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды», якую ўзначальваў Барыс Савінкаў. Змову ўзначальваў губернскі вайсковы камісар. У маі 1921 Эйцінгон прымаў таксама актыўны ўдзел у выяўленні і арышце ў Мінску ўпаўнаважанага «Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды» Эдуарда Оперпута-Стауніца, які сваімі паказаннямі даў ключ для раскрыцця ўсіх савінкаўскіх арганізацый у зоне Заходняга фронту[11].

Падчас аперацыі супраць савінкаўскіх груп у 1921 Эйцінгон быў паранены камандзірам атрада Л. І. Рудмінскім-Чарнаморцам, дзейнасць якога расследаваў у складзе спецыяльнай камісіі (Рудмінскага абвінавачвалі ў празмернай жорсткасці). 20 кастрычніка 1921 года на пасяджэнні Гомельскага губправеркама па чыстцы партыі Эйцінгон быў часова пакінуты па-за радамі РКП(б) для «дадатковага выпрабавання» з наступнымі фармулёўкамі: буржуазнае паходжанне, залішне хуткая чэкісцкая кар’ера, камісарскія замашкі, адсутнасць сціпласці, недастаткова прасякнуўся пралетарскай псіхалогіяй і дысцыплінаванасцю[12]. 24 лістапада губправеркам па чыстцы партыі вяртаўся да пытання аб Эйцінгоне і пераглядаў яго справу, вырашыўшы «аднавіць у правах члена РКП, прымаючы пад увагу факт ранення пры ўдзеле ў барацьбе з бандытызмам, а таксама маючы адбыцца ад’езд у Башкірыю» (12 лістапада ў Маскве Аргбюро ЦК РКП(б) пастанавіла прызначыць старшыню Гомельскай ГубЧК Воленберга старшынёй башкірскай ЧК з правам узяць з сабою асабіста адабраных супрацоўнікаў)[13].

Скончыўшы ў 1924 годзе Усходняе аддзяленне Ваеннай акадэміі РСЧА, Эйцінгон працуе ў замежным аддзеле АДПУ: у Кітаі (1925), затым у Турцыі (1929). У 1927—1929 гг. быў віцэ-консулам Генеральнага консульства СССР у Харбіне[14]. У 1930—1932 гг. — памочнік І. Серабранскага ва ўпраўленні спецыяльных аперацый, затым кіраўнік секцыі нелегальных аперацый ІНА АДПУ. У 1936—1938 гг. — намеснік рэзідэнта ў Іспаніі А. М. Арлова. Вядомы як «генерал Леанід Аляксандравіч Котаў» (падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі), Грозаўскі, Лявонаў, Навумаў, тав. Пабла і інш.

Займаўся арганізацыяй шпіёнскіх і дыверсійных аперацый за мяжой, сярод якіх вылучаюцца:

  • забойства лідара Паўночнага Кітая і Маньчжурыі Чжан Цзаліня;
  • выкраданне значных удзельнікаў белага руху генералаў А. П. Куцепава і Я. К. Мілера у Францыі;
  • магчымы саўдзел у лёсе «трайнога агента» М. У. Скобліна ў Іспаніі;
  • вываз у СССР іспанскага дзяржаўнага залатога запасу[15];
  • сумесная з П. А. Судаплатавым распрацоўка і падрыхтоўка да аперацыі «Качка» ў Мексіцы, падчас якой агент Рамон Меркадэр забіў Л. Д. Троцкага[16].

Арганізацыя партызанскай і дыверсійнай работы ў час вайны

[правіць | правіць зыходнік]

З ліпеня 1941 года Эйцінгон быў намеснікам начальніка 4-га ўпраўлення НКУС і начальніка асобнай групы Судаплатава пры наркаме ўнутраных спраў Берыі.

Разам з Судаплатавым Эйцінгон дамогся дазволу Л. П. Берыі вызваліць з турмаў былых супрацоўнікаў разведкі і дзяржбяспекі, у якіх разведка востра мела патрэбу з пачаткам вайны. «Берыю зусім не цікавіла, вінаватыя або невінаватыя тыя, каго мы рэкамендавалі для працы, — успамінаў Судаплатаў. — Ён задаў адно-адзінае пытанне: „Вы ўпэўненыя, што яны нам патрэбныя?“ — „Цалкам упэўнены“, — адказаў я. — „Тады звяжыцеся з Багданам Кабулавым, хай вызваліць іх. Выкарыстоўвайце іх неадкладна.“»[17].

У 1941—1942 гг. удзельнічаў у акцыях, якія забяспечвалі нейтралітэт Турцыі ў Другой сусветнай вайне. У 1942 годзе кіраваў распрацоўкай і арганізацыяй замаху на пасла Германіі ў Турцыі Франца фон Папена.

У 1942 годзе быў прызначаны намеснікам начальніка 4-га ўпраўлення НКУС СССР, які займаўся выведкай, тэрорам і дыверсіямі ў тыле праціўніка. У гэтай якасці (намеснік П. А. Судаплатава) правёў аператыўныя гульні «Манастыр», «Кур’ер», «Беразіно», «Арыйцы». Ў 1944 годзе у ходзе аперацыі «Беразіно» аператыўная група НКУС пад яго непасрэдным камандаваннем захоплівала і перавербоўвала дыверсантаў Ота Скарцэні у беларускіх лясах (у складзе групы працаваў і У. Г. Фішэр, які стаў пазней вядомым як Рудольф Абель).

З 1945 года — намеснік начальніка аддзела «С» НКУС (пазней НКДБ) СССР, які займаўся зборам і абагульненнем разведданых па стварэнні ядзернай зброі.

У пасляваенныя гады ўзначальваў аперацыі па знішчэнні антысавецкіх партызан, якія праводзіліся супраць «лясных братоў» у Літве і Заходняй Украіне. Быў арганізатарам ліквідацыі дзеячоў украінскага нацыяналістычнага руху: былога савецкага функцыянера А. Шумскага і грэка-каталіцкага біскупа Т. Ромжы.

У кастрычніку 1951 года быў арыштаваны па «справе аб сіянісцкай змове ў МГБ». Паводле «справы лекараў» была арыштаваная яго сястра[18].

Пасля смерці Сталіна быў вызвалены па асабістым распараджэнні Лаўрэнція Берыі і прызначаны ў сістэму МУС СССР. З мая 1953 года-намеснік начальніка 9-га аддзела МУС СССР. У жніўні 1953 года зноў арыштаваны як член «банды Берыі» і прысуджаны да 12 гадоў зняволення. Разам з Эйцінгонам тады з органаў дзяржбяспекі звольнілі, а затым часткова падвергнулі арыштам многіх супрацоўнікаў МДБ[19].

Апошнія гады жыцця

[правіць | правіць зыходнік]
Магіла Наума Эйцінгона

У 1964 годзе быў вызвалены з-за кратаў і працаваў старэйшым рэдактарам у выдавецтве «Міжнародная кніга».

Памёр ад натуральных прычын 3 мая 1981 г. Пахаваны ў Маскве, на Новых Данскіх могілках. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1992 годзе. Некаторыя даследчыкі аспрэчваюць правамернасць рэабілітацыі[20].

Быў жанаты з Ганнай Ісакаўнай Шульман. Падчас камандзіроўкі ў Харбін пазнаёміўся, пасля ажаніўся з былой жонкай Васіля Зарубіна — Вольгай Георгіеўнай Навумавай (Васільевай; 1899—1966)[5]. З 1941 года ў шлюбе з Музай Рыгораўнай Маліноўскай (1913—1989), парашутысткай-рэкардсменкай і разведчыцай.

Дзеці:

  • Сын — Уладзімір Навумавіч Эйцінгон[21] (1924—2014).
  • Дачка — Святлана Навумаўна Уруцкаева (1927—2003).
  • Сын — Леанід Навумавіч Эйцінгон (нар. 1943).
  • Дачка — Муза Навумаўна Маліноўская (нар. 1947), аўтар кнігі «На гранічнай вышыні» пра жыццё Н. І. Эйцінгона і М. Г. Маліноўскай.
  • Прыёмная дачка — Зоя Зарубіна, разведчыца, перакладчыца.
  1. 1 2 Петров Н. В. Кто руководил органами госбезопасности: 1941—1954 — Мемориал, 2010. — ISBN 966-95519-0-0
  2. ↑ Эйцінгон Навум Ісакавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 251—252. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  3. ↑ Эйцінгон Навум Ісакавіч - Беларусь у асобах i падзеях. bis.nlb.by. Праверана 14 жніўня 2025.
  4. ↑ 125 лет назад появился на свет Наум Эйтингон (руск.). www.sb.by. СБ-Беларусь сегодня (13 снежня 2024). Праверана 14 жніўня 2025.
  5. 1 2 3 4 Андрей Солдатов, Ирина Бороган. Свои среди чужих. Политические эмигранты и Кремль: Соотечественники, агенты и враги режима. — Москва, 2020. — 370 с. — ISBN 978-5-9614-3849-9, 5-9614-3849-X.
  6. ↑ ЮНОСТЬ ТЕРМИНАТОРА ← Экспресс НОВОСТИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2013. Праверана 21 сакавіка 2013.
  7. ↑ Эйтингон Серафима Исаковна - База данных «Эвакуированные в Молотовской области. 1941–1945 гг.». bank.permgaspi.ru. Праверана 31 жніўня 2024.
  8. ↑ Гипотезы становятся выводами: новое о Максе Эйтингоне и его связях с Советским Союзом — Журнальный зал. magazines.gorky.media. Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2024. Праверана 31 жніўня 2024.
  9. 1 2 3 4 5 6 ЮНОСТЬ ТЕРМИНАТОРА ← Экспресс НОВОСТИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2013. Праверана 21 сакавіка 2013.
  10. ↑ Антонов Владимир. Эйтингон. — Москва: Молодая гвардия, 2017.
  11. ↑ Стужынская Ніна. Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг.. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 189.
  12. ↑ ЮНОСТЬ ТЕРМИНАТОРА (Продолжение) ← Экспресс НОВОСТИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2013. Праверана 21 сакавіка 2013.
  13. ↑ ЮНОСТЬ ТЕРМИНАТОРА (Продолжение) ← Экспресс НОВОСТИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2013. Праверана 21 сакавіка 2013.
  14. ↑ Справочник по истории Коммунистической партии и Советского Союза 1898—1991(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2014. Праверана 9 чэрвеня 2013.
  15. ↑ Як беларусы перавезлі ў Маскву залаты запас Іспаніі . Наша Ніва (14 верасня 2019). Праверана 15 жніўня 2025.
  16. ↑ Эйтингон Наум Исаакович. Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2008. Праверана 2 чэрвеня 2007.
  17. ↑ Бондаренко, Александр Юльевич. Легендарный Алекс. lenta.ru (10 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2020. Праверана 15 лістапада 2020.
  18. ↑ Эйтингон Сарра Исааковна (1902) (руск.). Открытый список. Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2024. Праверана 31 жніўня 2024.
  19. ↑ Спицын, Евгений Юрьевич. Хрущёвская слякоть. Советская держава в 1953-1964 годах. — Москва: Концептуал, 2020. — С. 135—138. — 592 с. — ISBN 978-5-907172-63-0.
  20. ↑ Наум Исаакович Эйтингон, генерал-майор НКВД. Архівавана з першакрыніцы 13 верасня 2009. Праверана 15 лістапада 2009.
  21. ↑ Эйтингон Владимир Наумович(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 жніўня 2007. Праверана 22 чэрвеня 2010.