Навіны грозные а жалостлівые...

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
«Навіны грозные а жалостлівые...»
Тып газета
Выдавец Нясвіжская друкарня
Краіна
Заснавана 1563
Спыненне публікацый 1563
Мова старабеларуская
Галоўны офіс
Тыраж невядомы

«Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562» ― першая беларуская газета, першая газета Вялікага Княства Літоўскага; прысвечана трагедыйным падзеям у Полацку у 1563 годзе.

Перадгісторыя выдання[правіць | правіць зыходнік]

Аблога Полацка ў 1563 годзе, гравюра з Аўгсбургскага «лятучага лістка».

У ходзе Лівонскай вайны маскоўскія войскі Івана IV 15 лютага 1563 пасля аблогі захапілі горад Вялікага Княства Літоўскага Полацк. Купецкія дамы былі разрабаваны; як паведамляюць Пскоўскі летапіс і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, полацкім юдэям пад страхам смерці было загадана хрысціцца, хто працівіўся ― тапілі ў Заходняй Дзвіне[1].

Некаторыя крыніцы кажуць аб забойстве татарамі з маскоўскага войска полацкіх каталіцкіх манахаў[2]. Частку каталікоў прадалі ў рабства мусульманам[3][4]. Некаторыя гістарычныя крыніцы, зрэшты, гэтыя звесткі лічаць несапраўднымі. Нямецкіх наймітаў рускія не кранулі, некаторыя з іх нават уступілі ў рускае войска[5].

Весткі аб падзеях у Полацку прыйшлі ў Нясвіж, дзе ў 1562 годзе пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо дзейнічалі кіраваныя Мацеем Кавячынскім і Лаўрынціем Крышкоўскім друкарня і паперня, якія выпусцілі за 1562—1571 гады шэраг выдатных кніг: «Нясвіжскі песеннік» з 40 псальмамі і 110 песнямі, «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» на старабеларускай мове, тут Астафей Валовіч выдаў на старабеларускай мове частку Евангелля, Сымон Будны ― для кальвінісцкіх абшчын Біблію і Новы Запавет з рэлігійна-філасофскімі каментарамі[6]. У нясвіжскай друкарні пачаў выдавецкую працу Васіль Цяпінскі, ён пераклаў Евангелле на старабеларускую мову[7][8].

Невядома, у каго ў Нясвіжы ўзнікла ідэя аб выпуску навін з Полацка. Магчыма, гэта быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ― ва ўсякім выпадку, без яго згоды гэта наўрад ці б адбылося.

Першая газета Вялікага Княства Літоўскага[правіць | правіць зыходнік]

У энцыклапедыях першай беларускай газетай звычайна называецца «Gazeta Grodzieńska (1776)» («Гродзенская газета», 1776—1783), але гэта няправільна[9][10].

Нават калі вызначаць газету як першае перыядычнае беларускае выданне, то ім з’яўляецца «Нясвіжская газета» (1707), другой жа перыядычнай газетай была «Gazeta literacka Wileńska» ― з 1760[11].

У Вялікім Княстве Літоўскім часам пачынаюць выходзіць газеты-аднадзёнкі, прысвечаныя якім-небудзь значным грамадскім падзеям: «Новіна іста а правдіва…» (1571), «Эдыкт з замку Полацкага» (1597), «Новіны аб узятыі Смаленска …» (1610), «Новіны аб шчаслівом поступаньні на царства Маскоўскае Найясьнейшаго Владыслава, Караля Польскага, 1617»[12].

Першай аднаразовай газетай стала нясвіжская ― «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562». Газета знойдзена ў архівах Оксфардскага ўніверсітэта. Згадваючы пра яе ў гісторыі беларускай журналістыкі, гісторыкі спасылаюцца ў асноўным на публікацыю Рыгора Максімовіча (Вітаўта Тумаша) у Мюнхену (1966), якую пазней перадрукавалі ў Мінску (1994)[13][14].

Іншыя беларускія даследчыкі гэтай газеты не бачылі.

Газета распавядае пра «поражцы месцы Полацка», памылкова называючы дату ― 1562. Захоп Полацка рускімі войскамі быў 13 лютага 1563 года. Верагодна, гэта памылка друку ― або ў газеце ці ў Р. Максімовіча.

Выдадзена на старабеларускай мове, уяўляе сабой старонку памерам у разварот сучаснага школьнага сшытка. Наклад невядомы[15].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Пскоўскі летапісны звод 1567/ПЛ, вып. 2, С. 243—244.
  2. Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych / pr. zb. pod red. H. Wyczawskiego. — Kalwaria Zebrzydowska, 1985. — С. 619-631.
  3. Ліцкевіч А. У. Літвін Хаджы Хасроў з Полацка ― персідскі дыпламат XVI стагоддзя / / Спадчына, 2006, № 2. С. 68-80.
  4. Генрых Штаден. Запіскі аб Масковіі: У 2-х тт. ― М.:Старажытнасховішча, 2008. Т. 1 Публікацыя; ― М.: Старажытнасховішча, 2009. Т. 2: Артыкулы і каментары.
  5. Starchevki AV. Historiae Ruthenicae Scriptores exteri XVI saeculi. — Berolini : Formis F. Reichardtianis, 1841. — Т. I. — С. 16, 116.
  6. Книгоиздательская деятельность Сымона Будного. Публичная историческая библиотека. Архівавана з першакрыніцы 15 мая 2013. Праверана 11 мая 2013.
  7. Лабынцев Ю. А. Апісанне выданняў нясвіжскай друкарні і друкарні Васіля Цяпінскага. — М.: Дзяржаўная бібліятэка СССР ім. У. І. Леніна, 1985. — В. 15.
  8. Становление книгоиздания на территории Беларуси. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 15 мая 2013. Праверана 10 мая 2013.
  9. Gazeta Grodzieńska // Белорусская СССР. Краткая энциклопедия.. — 1980. — Т. 3.
  10. Jerzy Łojek. «Gazeta Grodzieńska» 1776—1783. W., Zakład Narodowy im. Ossolińskich. 1966
  11. Дарашчонак П. Л. Ля вытокаў беларускай журналістыкі. — Мн.: выд. цэнтар БДУ, 2013.
  12. Говін С. В. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563-1917 гг.). Вучэбна-метадычны комплекс. — 2003. — ISBN 985-445-930-6.
  13. Рыгор Максімовіч. Навіны Грозныя ў 1563 // Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. — 1966.
  14. Р. Максімовіч. «Навіны грозныя …». Ды гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. — Мн., 1994, № 3. С. 74
  15. Алег Слука.. «Навіны ...» ад Ф. Скарыны (сацыяльна-палітычныя умовы стварэння першай беларускай газеты). Электронная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Праверана 6 студзеня 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Филюшкин А. И. Причины «Полоцкого взятия» 1563 г. Глазами современников и потомков // Вестник Санкт-Петербургского университета. Серия 2: История. 2005. Вып. 3. С. 20-31.
  • Слука А. Г. Беларуская журналістыка. — Мн.: БДУ, 2011.
  • R. Maksimowich. Biełaruskija drukarni XVI st. // Litva, № 3. ― Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 266.
  • Ryszard Mienicki. Egzulanci Poloccy (1563—1580 г.). // Ateneum Wileńskie, Rocznik IX. ― Wilno, 1934.