Нагорскі пасад

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Нагорскі пасад, пазней Стары горад — гандлёва-рамесная і найбольш старажытная частка Магілёва. Згадваецца ў дакументах XVIXVIII стагоддзяў. Тэрыторыя пасада ў наш час абмежавана вуліцамі Лазарэнкі (былая Вялікакняжацкая, Віленская), Камсамольская (былая Дваранская), Архірэйскі вал Г. Каніскага (былы вал Чырвоная Зорка, Архірэйскі вал) і Левая Дубровенка[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

План Магілёва ў канцы XVII ст.

Першапачаткова пасад абмяжоўваўся з поўдня і ўсходу высокімі берагамі Дняпра і Дубравенкі, з поўначы — глыбокім абарончым ровам. Уключаў так званую Астрожскую сотню і Нагорскае прадмесце. Да Нагорнага пасада прылягалі так званыя Нагорская і Ледзькаўская сотні[2].

Каля 1526 года на месцы старажынага замка на высокім плато, дзе цяпер размяшчаецца парк імя Горкага, быў пабудаваны новы Магілёўскі замак, плошчай больш за 1 га. Паміж замкам і пасадам сфарміравалася гандлёвая плошча, якая ў пачатку XVII ст. займала тэрыторыю больш за 2 га і мела форму няправільнага мнагавугольніка. На плошчы знаходзілася 26 драўляных крам[1].

На працягу XVI стагоддзя тэрыторыя Нагорскага пасада пашыралася, на поўначы каля яго фарміравалася новае паселішча, якое пазней было названа Новым горадам, адначасова ўзніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад)[2].

Тэрыторыя пасада была абнесена земляным абарончым валам, які называўся Кругавым, або Блізкім. За валам ішоў глыбокі роў, які аддзяляў тэрыторыю Нагорскага пасада. Там, дзе праходзіў роў, вал меў дзве брамы: драўляную Ветраную і мураваную Каралеўскую. Ад кожнай брамы цераз роў перакідваўся драўляны мост. Ад Ветранай брамы пачыналася вуліца Ветраная (цяпер вул. Ленінская), ад Каралеўскай — вуліца Шклоўская (цяпер вул. Першамайская), якія вялі да гандлёвай плошчы. Гэта двухпрамянёвая сістэма планіроўкі Нагорскага пасада, якая сфарміравалася да XVII ст., захавалася да нашага часу[1].

У канцы XVIII ст. на гандлёвай плошчы створаны ансамбль мураваных грамадскіх будынкаў. У 1809 годзе роў быў засыпаны, а частка вала на яго працягу скапана[1].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Нагорскага пасада адноўлена гарадская ратуша (XVII ст.), рэшткі езуіцкага калегіума (XVIIXVIII стст.), фарны касцёл (XVII ст.), архірэйскі палац (XVIII ст.), будынак гарадской управы (XIX ст.), будынак акруговага суда (XVIIIXIX стст.), абласнога драмтэатра (XIX ст.), жылы дом (XVIII ст.). Акрамя таго ў мінулым на тэрыторыі пасада знаходзіліся два буйнейшыя праваслаўныя манастыры XVII ст. — Богаяўленскі і Спаскі[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Гістарычныя раёны Магілёва