Надзея Раманаўна Дземідовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Надзея Дземідовіч)
Надзея Дземідовіч
альтэрн.: Надзея Дземідовіч
Род дзейнасці паэтка
Дата нараджэння 24 лютага 1927(1927-02-24) (97 гадоў)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 сакавіка 2020(2020-03-04) (93 гады)
Грамадзянства
Бацька Раман Дземідовіч
Член у
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Надзея Дземідовіч (нар. 24 лютага 19274 сакавіка 2020) — удзельніца беларускага нацыянальнага супраціву, сябра СБМ, палітзняволеная ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстання 1954 г., мемуарыстка.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 24 лютага 1927 г. на хутары Макейкі[d] Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Слонімскі раён Гродзенскай вобласці). Была другім дзіцем у сям’і з шасці. Бацька Раман Дземідовіч у 19141921 ездзіў на заробкі ў ЗША, пасля вярнуўся, ажаніўся і набыў зямлю на хутары ля вёскі Дзявяткавічы. Бацькі выхоўвалі дзяцей па-беларуску насуперак польскай прапагандзе[2]. Да 1939 году скончыла 4 класа польскамоўнай школы. За два дні да пачатка нямецка-савецкай вайны бальшавікі арыштавалі яе бацьку, аднак ахоўнікі ўцяклі з пачаткам бамбавання мясцовага аэрадрому, і гэта ўратавала вязьняў слонімскай турмы, якія былі вызваленыя мясцовымі жыхарамі[2].

Увосень 1941 г. пайшла вучыцца ў Слонімскую беларускую прагімназію, што страхавала ад высылкі на прымусовыя працы ў Германію. Там яна вучылася разам са сваёй сяброўкай і будучай удзельніцай беларускай антысавецкай арганізацыі «Чайка», сяброўкай СБМ Нінай Карач. Да той жа прагімназіі хадзіла іншая сяброўка «Чайкі» і СБМ - Леакадзія Шышэя (Кавальчук). Адным з дырэктараў гімназіі быў Барыс Суравы, пра якога Надзея Дземідовіч пісала ў сваіх успамінах: «Быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Спяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю». У 1943 г. далучылася да Саюзу Беларускай Моладзі. Пасля прыходу савецкіх войскаў працягнула навучанне ў беларускамоўнай сярэдняй школе[2]. Пра сяброўства ў СБМ успамінала так:

«Пра стварэнне СБМ нам расказалі, вядома, настаўнікі. Вучні ўспрынялі гэтую арганізацыю надзвычай добра - як сваю. Гэта былі не гарцэры, як пры Польшчы (імі маглі быць толькі католікі), і не піянеры-інтэрнацыяналісты. СБМ ствараўся для арганізацыі беларускай культурніцкай дзейнасці. Такой і была асноўная статутная мэта. Калі пасля канікулаў 43-га года я вярнулася на вучобу, гарадскія вучні ўжо былі падрыхтаваны да ўступлепня ў Саюз беларускай моладзі. Далучылася і я.

Нас у класе з 28 вучняў была толькі адна полька, вось толькі яна і не ўступіла. Кожны клас утварыў дружыну. Нашу дружыну ўзначальвала мая найлепшая сяброўка Ніна Карач. Мы ладзілі розныя беларускія вечарыны, развучвалі і паказвалі нашым людзям п'есы, спявалі ў хоры народныя песні. Матулі і бабулі самі ткалі для нас, шылі і вышывалі беларускія народныя строі. У той час я ўжо пісала нейкія вершы і чытала іх у школе сярод юнакоў і юначак.

Карацей кажучы, СБМ яшчэ больш павярнуў нас да беларускай духоўнасці, да натых каранёў... Трэба сказаць, што па лініі гэтай арганізацыі я мела незабыўную паездку ў Прагу. Як найлепшую вучаніцу прагімназіі, разам з найлепшай вучаніцай Слонімскай настаўніцкай семінарыі, нас улучылі ў групу дзяцей з іншых беларускіх школ. Ездзілі туды чалавек 15-20. Гэта ўсё, што я бачыла за сваё жыццё па-за межамі Беларусі, акрамя яшчэ стэпу і тайгі. Прычым паездка ў Прагу таксама спрычынілася ў будучыні да маіх сібірскіх вандровак».

Неўзабаве, у снежні 1944 г., пачаліся арышты паплечнікаў Надзеі па СБМ. 13 снежня яна была вымушаная перайсці на нелегальнае становішча, хавалася ў сваякоў па ўсёй Беларусі. Так працягвалася да 1948 г., пасля чаго бацькі накіравалі Надзею па дакументах малодшай сястры Ліды да сваякоў у Казахстан[2]. У Петрапаўлаўску Надзея Дземідовіч скончыла курсы бухгалтараў, працавала пад чужым імем на хлебакамбінаце. Неўзабаве была вымушаная з'ехаць ад дзядзькі, які турбаваўся за свой лёс.

25 верасня 1949 г. была арыштаваная на працы ў Петрапаўлаўску, допыты і катаванні цягнуліся чатыры месяцы. Пасля перавезеная ў Баранавічы, дзе трыбуналам асуджаная да 25 гадоў канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Пакаранне адбывала ў Чалябінску, потым была пераведзена ў Карагандзінскі лагер (цяпер у межах Джэзказгану). Брала ўдзел у Кенгірскім паўстанні. Выбухнула адно з наймагутнейшых паўстанняў, якое атрымала назву Кенгірскага. Вязні пратрымаліся сорак дзён: з 16 мая па 26 чэрвеня 1954 года. Пра здушэнне паўстання Надзея Дземідовіч успамінала так:

«Калі зразумелі, што мы не саступім, пайшлі на масавае знішчэнне. Усё пачалося раніцай. Спачатку забівалі з самалётаў. Затым у лагерную зону ўварваліся танкі. Яны расстрэльвалі з блізкай адлегласці, душылі безабаронных людзей тракамі. Пачалося такое пекла, пра якое расказваць немагчыма. Двое маладых латышоў (з тых, каго абвянчаў ксёндз), уяўляючы, хутчэй за ўсё, што гібель непазбежна, абняўшыся, самі кінуліся пад танк. Каб разам і загінуць... Пасля на нас пусцілі атрутныя газы. Нарэшце ўсё завяршалі п'яныя аўтаматчыкі... Лагерныя начальнікі прыстрэльвалі параненых, дабівалі іх ламамі. Паўстанне было задушана. Загінула тады чалавек семсот... У справаздачы напісалі, што была эпідэмія нейкай хваробы.»

Пасля Надзея Дземідовіч была пераведзеная ў Азёрлаг.

Вызваленая як цяжкахворая 19 красавіка 1956 г., вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасля пераехала ў Мінск, да пэнсіі працавала на заводзе «Гарызонт»[2]. З 1977 г. інвалід 2-й групы, з 1980 г. — 1-й. У маі 1994 года, у Маскве сустракаліся былыя ўдзельнікі Кенгірскага паўстання, з'ехаліся некалькі соцень чалавек. Ад беларускіх вязняў на сходзе выступала Надзея Дземідовіч, чытала з трыбуны па-беларуску свой верш, прысвечаны Кенгірскаму паўстанню.

Жыла ў Калодзішчах пад Мінскам. Рэабілітаваная не была. Да апошніх гадоў на Дзяды яна хадзіла ў першым шэрагу шэсцяў у Курапаты[3].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютавала вершам «Сябрам С. Б. М.» 6 лістапада 1943 г. ў «Баранавіцкай газеце». З 1990-х выступае ў друку з вершамі і ўспамінамі.

Аўтарка трох кніг вершаў і ўспамінаў:

  • «Век так ня будзе» (2002)
  • «Успаміны сэрца майго» (2006)
  • «Мы марылі дома спаткацца» (2010)
  • «Кенгір» (?)[4]

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Надзеі Раман у 1945 г. быў арыштаваны і накіраваны ў Мардоўскія лагеры, але неўзабаве вярнуўся на радзіму. Памёр пасля таго, як Надзея трапіла ў канцлагер[2].

Маці была кінутая ў слонімскі астрог за адмову працаваць на тартаку. Ён знаходзіўся за 21 км ад хаты і да яго даводзілася хадзіць пешкі, а дома заставаліся малыя дзеткі. Таму маці адпрацавала колькі змагла і кінула. Дзеці засталіся самыя, перабіваліся як маглі. Старэйшы, Федзя, атрымаў 8 гадоў канцлагераў па абвінавачанні ў кантактах з антыбальшавіцкай партызанкай. Адбываў тэрмін у Томскіх лагерах[2].

Старэйшая сястра Маня разам з мужам эмігравала ў Амерыку, бо падчас вайны яна брала ўдзел у Другім усебеларускім кангрэсе ў 1944 годзе.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[5]

Зноскі

  1. http://slounik.org/154779.html Біяграфія Надзеі Дземідовіч
  2. а б в г д е ё Людміла Майсеня. Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу» // Народная воля. — 8 мая 1998.
  3. nashaniva.by
  4. Вячаслаў Корсак.. Архіўная копія(недаступная спасылка). Блог Глеба Лабадзенкі (15 кастрычніка 2012). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2018. Праверана 7 красавіка 2019.
  5. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]